Як беларус забіў расейскага імператара


У новай серыі «Лабірынтаў» – аповед пра тое, як беларус Ігнат Грынявіцкі спрабаваў знішчыць тыранію Расейскай імперыі. Ён верыў, што менавіта смерць цара выкліча сялянскую рэвалюцыю. Ці быў спадзеў на абуджэнне народу заўчасным, глядзіце ў новай серыі «Лабірынтаў».

1 сакавіка 1881 года загінуў цар Аляксандр ІІ. Яго спрабавалі забіць шэсць разоў. Але фатальным аказаўся сёмы замах на ягонае жыццё, які здзейсніў Ігнат Грынявіцкі. Беларускі шляхціч не мог дараваць цару Аляксандру ІІ рэпрэсіяў, накіраваных супраць найлепшых сыноў Беларусі пасля здушэння паўстання 1863 года.

Рэвалюцыянер выдатна разумеў: нават самы ліберальны і свабодалюбівы расейскі цар – для нашага народу вораг. Грынявіцкі зрабіў тое, што, як лічыў, мусіў зрабіць.

«Мы можам пабачыць шмат паралеляў у лёсе Грынявіцкага і Каліноўскага. Абодва паходзілі з беднай беларускай шляхты. Абодва вучыліся ў Санкт-Пецярбургу, дзе набраліся сацыялістычных ідэяў. Але калі Каліноўскі падтрымліваў у сваім паўстанні польскую справу, то Грынявіцкі пайшоў далей. У Санкт-Пецярбургу ён адмаўляўся браць удзел у польскіх арганізацыях. Мы маем сведчанне Льва Ціхамірава, што ён называў сябе ліцвінам. І абраў шлях сацыялістычнай барацьбы за волю ўсіх народаў Расейскай імперыі», – тлумачыць кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.

За час свайго царавання Аляксандр ІІ правёў шэраг важных рэформаў, у тым ліку вызваліў сялянаў ад прыгону. Аднак вялікія грошы, якія мусілі сяляне заплаціць за зямлю, прывялі да вялікіх хваляванняў.

Інтэлігенцыя арганізоўвала гурткі, мэтай якіх была спачатку дапамога былым прыгонным, а потым – сялянская рэвалюцыя і зрынанне самадзяржаўя. Асноўным метадам стаў тэрор. У 1879 годзе прадстаўнікі рэвалюцыйных гурткоў сустрэліся ў Ліпецку і прыгаварылі Аляксандра ІІ да смерці.

«Арганізатарам палявання на цара стаў рэвалюцыянер Андрэй Жалябаў, які распрацаваў складаны план. Падчас візіту ў манеж расейскага імператара мусілі падарваць на міне. Калі б план не ўдаўся, то чатыры чалавекі мусілі кідаць у яго бомбы. Калі б і гэта не атрымалася, то Жалябаў мусіў кінуцца на цара і закалоць яго кінжалам. Арышт галоўнага арганізатара ставіў усю справу пад пагрозу. І грамадзянская жонка Жалябава Соф’я Пяроўская вырашае тэрмінова рэалізаваць замах».

Усіх удзельнікаў замаху на цара, акрамя цяжарнай жанчыны, прысудзілі да павешання. Грынявіцкі загінуў ад ранаў, атрыманых падчас замаху.

Таксама ў праграме «Лабірынты»:

  • Хто яны, коцікі ў віры рэвалюцыі?
  • Дзеля свабоды імперыя мусіць разляцецца на кавалкі, як цела тырана?

Belsat.eu