Нагавіцы – рэальная прычына затрымання гарадзенкі Любові Сарлай


Гарадзенку Любоў Сарлай амапаўцы затрымалі ў цэнтры Горадні 17 студзеня. Пратакол арыгінальнасцю не адрозніваўся: там было напісана, што нашая гераіня зладзіла несанкцыянаваны пікет. А ў якасці доказу віны далучылі відэа з вулічных камераў відэаназірання.

Спадарыня Любоў пракаментавала здымачнай групе «Маю права» гэтае відэа:

«Я іду без маскі, вельмі добра бачна, што я нічога не выкрыкваю. Да таго ж адзін міліцыянт засведчыў, што ён быў у беспасярэдняй блізкасці ад мяне і дакладна бачыў, што я крычу «Жыве Беларусь!». Але на відэа яго няма абсалютна нідзе – ні побач, ні далей».

Мaю прaвa
Берасцейца з БЧБ-валасамі затрымлівалі сем разоў
2021.01.29 19:05

Пазней высветлілася, што рэальнаю прычынаю затрымання спадарыні Сарлай сталіся нагавіцы з бел-чырвона-белымі лампасамі, набытыя больш як 6 гадоў таму:

«Нідзе нічога не нашытае, усё зроблена на вытворчасці. Я ў іх хадзіла, калі была цяжарная першым сынам, і з другім. Ніколі ніякіх праблемаў не ўзнікала ні ў садку, ні на шпацыры… У мяне нават у думках не было, што гэта можа быць нейкаю незарэгістраванаю сімволікаю».

Любоў знайшла шмат недарэчнасцяў і памылак у сваёй справе: напрыклад, некалькі варыянтаў часу затрымання, іншае месца затрымання…

«Прадстаўнікі міліцыі казалі, што на Савецкай плошчы была вялікая колькасць людзей, пачатак пікетавання. Дзе, якое пікетаванне?! Я нават не ведала, што гэта такое».

У доказ сваіх словаў нашая гераіня дэманструе раздрукаваныя стоп-кадры з камераў відэаназірання. На іх – сапраўды, толькі некалькі пешаходаў, якія, напэўна, ідуць па сваіх справах. Ніякага масавага сходу няма.

Мaю прaвa
Дом з БЧБ-плотам размалявалі свастыкамі. Уласнікі падазраюць сілавікоў
2020.12.11 19:05

Тым не менш суд Ленінскага раёну Горадні пакараў Любоў Сарлай штрафам 20 базавых велічыняў. Абласны пакінуў пастанову без зменаў, а скаргу не задаволіў.

Паводле Крымінальнага кодэксу, службовая падмена караецца штрафам і нават пазбаўленнем волі да двух гадоў.

Затрымлівалі нашую гераіню і раней. На ейную думку, таксама недарэчна. Аднойчы яна паехала ўдзень у будаўнічую краму. Вядома, што ейную ўвагу прыцягнула вялікая колькасць прадстаўнікоў сілавых ведамстваў.

«Але я нават не паспела зайсці ў краму, – распавядае нам Любоў Сарлай. – Адною нагой я літаральна была ўжо ў краме, калі яны схапілі мяне за абедзве рукі. Я нават не паспела разгледзець, хто гэта быў».

Мaю прaвa
2 гады калоніі далі хлопцу з ментальнаю хваробаю за нібыта кінуты камень у бок сілавікоў
2021.03.05 19:05

Тады ж міліцыя знайшла ў тэлефоне жанчыны здымкі з аднаго менскага маршу, за якія яе зноўку спрабавалі пакараць. Але ў абодвух выпадках суддзя закрыў справу супраць гарадзенкі.

Абураныя затрыманнямі за адзенне бела-чырвоных колераў, гарадзенцы нават складалі петыцыю, дзе патрабавалі ад гарадскіх уладаў патлумачыць рэгламент вывешвання рэчаў у такіх колерах. Яўгена Дудкіна, аўтара петыцыі, адказ здзівіў:

«У адказе яны наагул не згадвалі тэмы колераў. Яны проста сказалі, што побытавыя пытанні не пад кантролем адміністрацыі гораду. То бок яны ўвогуле забыліся пра асноўнае пытанне маёй петыцыі».

Калі дзяржава абсалютна выходзіць за межы прававога поля, прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Хільмановіч раіць фіксаваць усе парушэнні:

«Таму трэба проста імкнуцца, калі вы вырашылі ўдзельнічаць у гэтым судовым працэсе, даводзіць абсурдальнасць, паказваць яе і проста фіксаваць тых людзей, якія пачынаюць гэтыя справы, тых суддзяў, якія абвяшчаюць такія карныя пастановы».

На гэты момант Любоў Сарлай абскарджвае судовае рашэнне:

«Цяпер жа закону няма! Але чаму я мушу адмовіцца ад змагання за свае правы?! Гэта мае правы, дадзеныя мне Канстытуцыяй. Пагатоў закону я не парушала! Мяне папросту схапілі ў пустым горадзе з кубачкам кавы».

Мaю прaвa
Беларус прыехаў дадому з Брытаніі, яго затрымалі, палічылі шпіёнам ды моцна збілі
2020.12.04 19:05

Жанчына перакананая: дзеянні сілавікоў толькі пагаршаюць сітуацыю. Таксама ім варта пагартаць Крымінальны кодэкс нашай краіны і звярнуць увагу на артыкул 427: службовая падмена караецца штрафам, пазбаўленнем права займаць вызначаныя пасады, займацца вызначанай дзейнасцю, выхаваўчымі працамі на тэрмін да двух гадоў або пазбаўленнем волі да двух гадоў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Міхаіл Жамчужны вяртаецца да праваабарончай дзейнасці
  • Уцекача з Салігорску арыштавалі ў Расеі
  • Экскурсія па Менску закончылася ў РУУСе

Праваабарончую праграму «Маю права»глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life»або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.