Міжнародны прарыў Ціханоўскай. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Святлана Ціханоўская вярнулася пасля свайго шматдзённага турнэ па еўрапейскіх сталіцах. Што яна прывезла адтуль для беларусаў? Чаму партугальцы і фіны зацікавіліся сітуацыяй у Беларусі? А таксама падрабязнасці размовы Ціханоўскай з высокім прадстаўніком Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША. Між іншым пра гэта ў «Прасвеце».

Больш пра тэмы праграмы:

Франак Вячорка: Рэжым працуе на дэмаралізацыю грамадства

Святлана Ціханоўская з камандаю апошнімі днямі абляцела Еўропу ад Фінляндыі да Партугаліі, каб еўрапейцы за сваймі ўласнымі праблемамі не забываліся пра змаганне беларусаў за правы. Што беларуская лідарка пачула ў высокіх еўрапейскіх кабінетах, ці варта нам разлічваць на больш рашучую рэакцыю заходніх партнёраў на вайну, якую вядзе ўзурпатар супраць народу, а таксама калі чакаць візіту Ціханоўскай у ЗША? Пра гэта ў інтэрв’ю з Франакам Вячоркам, ейным дарадцам у міжнародных справах.

Прыхільнікі Лукашэнкі не будуць глядзець фільм NEXTA. Чым незаконны кіраўнік зноў шантажуе Захад?

Лукашэнка пужае беларусаў тэрарыстамі з безліччу выбухоўкі і планамі апазіцыі дэстабілізаваць сітуацыю ў Беларусі, а сам тым часам збіраецца шантажаваць Захад расейскімі танкамі ў нашай краіне. Што хаваецца за рыторыкай кіраўніка КДБ Івана Церцеля, як сілавікі бачаць сітуацыю з Беларусі і ці ацаніў Лукашэнка новы фільм пра сябе ад Сцяпана Пуцілы? Ведае Зміцер Міцкевіч.

Чарговая ганьба Беларусі на міжнароднай арэне

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў здушэнне Гон-Конґу. Беларусь у ААН заклікала не ўмешвацца ў нібыта ўнутраныя справы Кітаю. Пра храналогію канфлікту і тое, чаму айчынныя ўлады гэтак непакояць дачыненні Пекіну і Гон-Конґу, распавядзе Юлія Лабанава.

Папа Рымскі Францішак упершыню ў Іраку. Хто, акрамя хрысціянаў, найбольш яго чакаў?

У час пандэміі Папа Рымскі Францішак здзейсніў першы візіт у гісторыі ў Ірак. Там пантыфіка чакалі 25 гадоў. Планы наведаць Ірак меў яшчэ Ян Павел ІІ, які ў юбілейны год хрысціянства (2000) быў у Егіпце, Ізраілі, Іярданіі і Палестыне. Ва ўсіх гэтых краінах ёсць месцы, звязаныя з біблійнымі гісторыямі, у Іраку таксама. Тады супраць візіту кіраўніка Каталіцкае царквы выступаў тагачасны дыктатар Іраку Садам Хусэйн. Як цяпер Ірак сустрэў Папу, ведаюць Вітольд Рэпетовіч і Наста Ільіна.

Фота на вокладцы: Святлана Ціханоўская і прэм’ер-міністр Фінляндыі Сана Марын. Аўтар Франак Вячорка

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.