Навошта Лукашэнка паляціць да Пуціна? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Галоўнае вакол Беларусі за мінулы тыдзень

Тэмы праграмы:

Прэвентыўны ўдар BYPOL па Генеральным штабе Беларусі. Чым спецслужбы Лукашэнкі займаюцца ў Польшчы?

Інтэрнэт узарвала інфармацыя пра спецыяльнае вайсковае падраздзяленне для выканання любых, нават самых брудных загадаў Лукашэнкі, у тым ліку – забойства палітычных апанентаў за мяжою. Працаўнікі між іншага павінны валодаць англійскай, а таксама польскай ці літоўскай мовамі. Ці здольныя беларускія спецслужбы паспяхова ліквідаваць праціўнікаў рэжыму на тэрыторыі іншых дзяржаваў? Чым займаліся беларускія спецслужбы апошнімі гадамі на тэрыторыі Польшчы? Ці звязаныя яны з забойствам Паўла Шарамета ва Украіне? Адказы шукаў Зміцер Міцкевіч. Каментуюць былы польскі паліцыянт і працаўнік спецслужбаў Цэнтру даследавання тэрарызму ў варшаўскім Калегіуме Цывітас Анджэй Мрочэк, прадстаўнік ініцыятывы «ByPol» Ігар Лобан і старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Якая інтэграцыя патрэбная Лукашэнку і Пуціну?

Адзіная валюта, агульны суд, прыватызацыя беларускіх прадпрыемстваў расейцамі. Эканамічнае падпарадкаванне Беларусі ці палітычная інтэграцыя? А можа, Лукашэнку патрэбныя толькі крэдыты і таннейшы газ? За іх ён гатовы абяцаць усё што заўгодна і падтрымліваць ілюзію інтэграцыі? Ці згуляе Пуцін у ягоную гульню? Каментуюць Павел Латушка, Андрэй Ляховіч і Вольга Харламава ў сюжэце Святланы Аўчаровай.

Што ад Лукашэнкі трэба Пуціну ў Сочы?

Аляксандр Лукашэнка праводзіць гэтак званы Усебеларускі народны сход, які насамрэч ані ўсебеларускі, ані народны. Ён трыумфуе, прэс-служба хваліцца высокім народным падтрыманнем дыктатара. Аднак мы ведаем, што ўсё гэта фэйк. А рэальна праз два тыдні яго чакае спатканне з Уладзімірам Пуціным – першае з верасня 2020-га. Ці стане Беларусь яшчэ больш залежнаю ад Расеі пасля гэтага візіту? Што Лукашэнку трэба ад Пуціна, а што гаспадару Крамля трэба ад незаконнага прэзідэнта Беларусі? Ці чакаць увядзення супольнай валюты? Ці прыватызуюць расейцы беларускія прадпрыемствы? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Валерыяй Касцюговай, даследніцаю беларуска-расейскіх дачыненняў з экспертнай супольнасці «Наше мнение».

Беларусы збяднеюць у 2021 годзе. Ці ёсць план выйсця з падзення эканомікі?

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця прагназуе зніжэнне ВУП у Беларусі і чарговую дэвальвацыю беларускага рубля. Паводле прагнозаў, рост будзе, але найменшы сярод усіх нашых суседзяў. Пад пагрозаю дэфолту – найперш ІТ-сектар, які апошнія гады дапінгаваў эканоміку Беларусі. Як на сітуацыю паўплываюць эканамічныя санкцыі? Ці ёсць у Лукашэнкі план паляпшэння становішча ў эканоміцы? А можа, ён ёсць у камандаў Святланы Ціханоўскай ды Паўла Латушкі? Каментуюць эканамісты Яраслаў Раманчук і Леў Марголін у матэрыяле Насты Ільіной.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у чацвер а 20:35. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Mikhail Klimentyev/Kremlin / Reuters / Forum