Як Кітай вяжа крэдытамі


Усё, што здараецца ў свеце, так ці іначай закранае ўсіх людзей. Узмах самалётнага крыла можа спарадзіць буру на іншым баку планеты. І гэта не магія, гэта глабалізацыя палітыкі ды эканамічных стасункаў. Сёння мы пагаворым пра камуністычны Кітай і рызыкі, якія ад яго сыходзяць.

Кітай – усё яшчэ экзатычная, але ўжо не такая і далёкая краіна. У нашых інстытутах вучацца кітайскія студэнты, дамы ўзводзяцца кітайскімі будаўнікамі, пад Менскам ляжыць «Вялікі камень» – індустрыйны парк, супольны праект, які мусіў стаць эканамічным прарывам. Кітайскія іерогліфы на гарадскіх шыльдах пачалі канкураваць з беларускімі надпісамі. І нашыя школьнікі ўсё часцей вучаць кітайскую мову.

Дзяржаўныя СМІ рапартуюць пра новыя шматмільённыя кітайскія крэдыты – на рэканструкцыю лініяў электраперадачы Стоўбцы – Баранавічы, на будоўлю чыгункі да Менскага аэрапорту ці на аўтадарогу Лепель – Полацк. Супраца з Пекінам моцна актывізавалася за апошнія гадоў 8, калі генсекам ЦК Кампартыі стаў Сі Цзінь Пін, якога Аляксандр Лукашэнка пастаянна стараецца назваць блізкім сябрам.

«Першапачаткова ўсе лічылі, што Кітай – гэта альтэрнатыва Расеі, цудоўная крыніца фінансавання розных праектаў, у першую чаргу праекту «беларуская эканоміка», – нагадвае кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Але навошта гэта самім кітайцам?

«Гэта ўнутраная палітыка самой краіны, накіраваная на падтрыманне, калі казаць простымі словамі, уласных штаноў», – падсумоўвае Паліна Прысмакова, дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання Атлантычнага ўніверсітэту Флорыды.

Бо практычна ўсе кітайскія крэдыты гэта звязаныя крэдыты. То бок кітайскія кампаніі плацяць юанямі кітайскім рабочым, каб тыя з кітайскіх матэрыялаў паводле кітайскай тэхналогіі пабудавалі ў нас штосьці, што будзе звязана з кітайскім рынкам. Усе грошы застаюцца ў кітайцаў, а вінен будзе той, хто пазычаў, то бок мы. Такія крэдыты прыдумалі не ў Пекіне, а ў Заходняй Еўропе, але цяпер менавіта Кітай неабмежавана карыстаецца імі. Асабліва ў небагатых краінах з карумпаванымі ўладамі, дзе няма сапраўднай рынкавай канкурэнцыі.

«У нас лягчэй дамаўляцца, бо беларуская адміністрацыя працуе паводле вельмі знаёмых кітайскіх прынцыпаў, хабарніцтва і гэтак далей», – кажа Паліна Прысмакова.

Як тлумачыць дацэнт кафедры дзяржаўнага кіравання ў Атлантычным універсітэце Флорыды, гэтыя праекты – частка кітайскае дзяржаўнае сістэмы. Там усе прадпрыемствы і банкі жорстка звязаныя з чыноўнікамі, чыноўнікам для кар‘еры трэба паказнікі эканамічнай дзейнасці, а рабочых таксама дзесьці трэба займаць.

«Калі паглядзець сістэму самога Кітаю, гэты крэдыт выглядае як датацыя ці субсідыя цэнтралі сваім маленечкім кампаніям і прадпрыемствам, якія зацікаўленыя ці могуць будаваць за межамі Кітаю», – тлумачыць спецыялістка.

Гэта далёка не капіталізм. Уся кітайская гаспадарка моцна цэнтралізаваная, аддзяліць буйных чыноўнікаў ад буйных кампаніяў практычна немагчыма. Дый самі кітайцы называюць свой лад іначай.

«Сацыялізм з кітайскімі характарыстыкамі ў новую эру», – дае вызначэнне Наталля Бутырская, магістр замежнай палітыкі (Кіеў).

Кітайскія кампаніі прысутнічаюць у Беларусі – і не толькі ў межах міжкантынентальнай ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях», запушчанай з падачы старшыні КНР Сі Цзінь Піна.

За 8 гадоў кітайцы пабудавалі 6 эканамічных калідораў і далучылі да праекту 60 краінаў свету. Дзесьці Кітай пабудаваў свае лагістычныя цэнтры і прадпрыемствы, дзесьці толькі атрымаў дазвол на транзіт тавараў. Афіцыйная ідэя «Аднаго поясу – аднаго шляху»: давайце жыць дружна і пашыраць гандаль з Азіі ў Еўропу і наадварот. Аднак ініцыятыва пастаянна трапляе пад крытыку за карупцыйныя справы, геапалітычныя махінацыі ды ігнараванне экалагічных стандартаў.

«Гэта не праходзіць праз тэндары, праз свабодны, вольны рынак. Людзей часта не пытаюць, ці хочуць яны мець той ці іншы праект побач са сваім агародам», – нагадвае Паліна Прысмакова.

Апроч «Вялікага каменю Беларусі ёсць сумна вядомыя кітайскія праекты, ад якіх кепска пахне ў літаральным сэнсе. Напрыклад, Светлагорскі завод сульфатна-беленай цэлюлозы ў Якімавай Слабадзе.

«Калі не смуродзіць у Якімавай Слабадзе, смуродзіць у Светлагорску. А так завод не павінен працаваць. Нам казалі, што тут супер-новыя тэхналогіі», – распавядала «Белсату» у 2019-м годзе Алена Маслюкова, светлагорская актывістка.

Ёсць яшчэ адна рызыка кітайскіх праектаў, на якую самі скардзіліся беларускія начальнікі.

«Калі табе прывезлі кітайскую турбіну на электрастанцыю, то тады і дакументацыя таксама будзе па-кітайску. Нават калі яе эфектыўна пераклалі на зразумелую мову, будуць праблемы з разуменнем. Працуе – добра. Паламалася – што з гэтым рабіць?» – кажа Паліна Прысмакова.

Аналітычная лабараторыя «AidData», якая працуе ў Злучаных Штатах, падсумавала кітайскія міжнародныя праекты за 18 гадоў. Эксперты высветлілі, што пазыковыя абавязкі партнёраў перад Кітаем значна перавышаюць ацэнкі міжнародных інстытутаў.

Прасцей кажучы, у дзяржаваў-удзельніц ініцыятывы «Адзін пояс – адзін шлях» знайшлі $385 млрд схаваных даўгоў перад Кітаем. На момант даследавання Беларусь мела $3 млрд такіх схаваных даўгоў.

Гэта можа давесці да дзяржаўнага крызісу. Напрыклад, на Балканах Чарнагорыя пазычыла ў Кітаю 1 мільярд еўраў на пабудову шашы ад сербскае мяжы да порту Лука Бар. Кітайцы зацягнулі будоўлю, дарогі не скончылі, і прыйшоў час, паводле кантракту, аддаваць або грошы, або зямлю пад тым самым портам.

«Я мушу прызнаць, што гэта найдаражэйшая аўтамагістраль у Еўропе. У Сербіі такі самы кавалак дарогі каштуе 16 мільёнаў еўраў за кіламетр, а тут – 26», – распавядаў журналістам чарнагорскі прэм‘ер-міністр Здраўка Крывокапіч.

Зямлю пад портам 7 гадоў таму аддаў у заклад кітайцам прэмʼер Міла Джуканавіч. Тады Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Міжнародны валютны фонд адмовілі ў фінансаванні, а кітайцы далі грошай – на сваю ж будаўнічую кампанію. Цяпер Джуканавіч – прэзідэнт, а Чарнагорыя просіць у Еўразвязу грошай, каб адкупіцца ад Пекіну.

«Эканамічна-палітычная ініцыятыва, якая і дазваляе развівацца эканоміцы, у першую чаргу кітайскай… А з іншага боку, каб праз эканамічную прысутнасць прасоўваць палітычную павестку Кітаю», – тлумачыць сутнасць кітайскага праекту Яўген Красулін.

Напрыклад, Кітай цісне на Літву. Кітайская чыгуначна-кантэйнерная транспартная карпарацыя гэтай восенню адмяніла грузаперавозкі праз літоўскую чыгунку толькі за тое, што Літва дазволіла адчыніць прадстаўніцтва Тайваню ў Вільні. Да Тайваню мы яшчэ вернемся.

Эканамічная прысутнасць прымушае партнёраў заплюшчваць вочы ці змякчаць рэакцыю на жорсткія дзеянні Кітаю адносна суседзяў і ўласнага насельніцтва.

«Байдэн, калі пачаў сваё прэзідэнцтва, пачаў выбудоўваць стасункі між ЗША і Кітаем у кантэксце барацьбы дэмакратыі і аўтарытарызму. То бок, нашыя каштоўнасці дэмакратычныя, якія мы прасоўваем, пад пагрозай аўтарытарызму, які прасоўвае ў свеце Кітай», – кажа Наталля Бутырская.

У Кітаі пастаянна фільтруюць інтэрнэт, блакуюць замежныя ўэб-сайты і шукаюць у сеціве нелаяльных дзяржаве і партыі грамадзянаў. Працуе сістэма масавага сачэння за грамадзянамі, якая абʼядноўвае мабільныя тэлефоны, камеры назірання, інтэрнэт, GPS-датчыкі на аўтамабілях ды іншую тэхніку. Асабліва моцна кантралююць грамадзянаў праблемных тэрыторыяў – захопленага ў 1950 будысцкага Тыбету ці мусульманскага Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну. Тры гады таму камітэт ААН у ліквідацыі расавай дыскрымінацыі паведамляў пра мільённыя лагеры перавыхавання ў Кітаі, у тым ліку для ўйгураў і казахаў – з прымусоваю працай.

«Рэпрэсіі, вядома, адносна ўйгурскіх актывістаў ёсць. Але ёсць і апраўданні з боку кіраўніцтва кітайскага, што гэта звязана з ісламскім экстрэмізмам», – распавядае Яўген Красулін пра вынікі сваёй паездкі ў Кітай.

У Кітаі нельга ніякім чынам нагадваць пра студэнтаў, раздушаных танкамі на плошчы Т’янь-Ань-Мэнь у 1989-м годзе. Нельга нават казаць пра дату гэтае трагедыі.

Агульная цэнзура даходзіць да абсурду: у Кітаі забаранілі Дыснэеўскі фільм пра Віні-Пуха, бо Віні-Пухам дражняць старшыню КНР Сі Цзінь Піна.

«У наступным годзе на Усекітайскім сходзе народных прадстаўнікоў будзе перавыбранне Сі Цзінь Піна на трэці тэрмін. Гэта вялікія змены, бо яны змяняюць будову і падыходы Камуністычнай партыі, калі ён застанецца на няпэўны тэрмін», – нагадвае ўкраінская экспертка.

Раней стратэгічныя пастановы прымала Палітбюро Кампартыі.

«Сістэма калегіяльнага прыняцця рашэнняў, сістэма ратацыі кіраўніцтва – шмат што адрознівала ад аўтарытарных рэжымаў. Хаця рэжым, вядома, аўтарытарны», – кажа Яўген Красулін.

«І цяпер сістэма зламаная. У некаторых колах нават кажуць, што Кітай пераходзіць ад калектыўнага кіравання да кіравання імператара», – распавядае Наталля Бутырская.

Сі Цзінь Пін нават змяніў статут Камуністычнай партыі – што дазвалялі сабе толькі Маў Цзэ Дун і Дэн Сяў Пін, што распачаў эканамічныя рэформы і далучыў Кітай да сусветнага рынку. На міжнароднай арэне старшыня КНР надзявае маску міралюбівага мядзведзіка…

«Кітай будзе рашуча дамагацца міру і гармоніі. Кітай ніколі не ўрываўся і не будзе ўрывацца ці запужваць іншых, ці імкнуцца да гегемоніі», – заявіў Сі Цзінь Пін на Генеральнай асамблеі ААН.

…а для ўнутранай аўдыторыі ёсць вобраз галоўнакамандуючага.

«Мы ніколі не дазволім якой-кольвек замежнай сіле запужваць нас, прыгнятаць і ставіць на калені. Кожны, хто паспрабуе гэта зрабіць, сутыкнецца з вялікай стальной сцяной, выкаванай з кітайцаў», – заявіў кітайскі генсек на камуністычным святкаванні ў Пекіне.

Менавіта за Сі Цзінь Пінам у Гон-Конгу пачалося зварочванне свабодаў, забарона свабоднай прэсы, масавыя а́рышты актывістаў і брутальныя разгоны мірных пратэстаў – у тым ліку з ужываннем баявой зброі.

Афіцыйна Гон-Конг – асаблівы адміністратыўны раён, які перайшоў пад кіраванне Кітаю ад брытанцаў у 1997-м годзе. Уласныя законы і высокую ступень аўтаноміі Гон-Конг мусіў мець яшчэ паўстагоддзя. Але цяпер краіна пераходзіць пад жорсткі кантроль прапекінскае адміністрацыі і паліцыі пад пагрозаю ўводу кітайскіх войскаў з кантыненту.

Такі самы лёс, як для Гон-Конгу – пераход пад кіраванне Пекіну і паступовае паглынанне – можа чакаць і Тайвань. Гэтая непрызнаная дзяржава – Рэспубліка Кітай – з кітайскім НЕКАМУНІСТЫЧНЫМ насельніцтвам існуе пад пастаяннай пагрозаю ваеннага ўварвання Кітайскай Народнай Рэспублікі. Паводле Канстытуцыі КНР, Тайвань – гэта іх неадʼемная частка.

Дзяржавы свету прытрымліваюцца Палітыкі аднаго Кітаю – гэта такі кампраміс.

«Кітай не будзе сілай далучаць востраў, але Злучаныя Штаты, як гарант бяспекі выспы, не будуць дапамагаць востраву падтрымліваць яго памкненне да незалежнасці», – тлумачыць сутнасць дамовы ўкраінская экспертка ў пытаннях Усходняй Азіі.

Раней гэта падавалася немагчымым, але цяпер, як кажуць некаторыя вайсковыя эксперты, кітайскія камуністы чакаюць моцнага крызісу ў ЗША, каб скарыстаць момант і маланкава захапіць Тайвань, без блакадаў і аблогаў, каб ніхто ў свеце не паспеў адрэагаваць. Некамуністычны Тайвань рыхтуецца абараняцца ўсімі спосабамі.

Мы не ставім сабе мэты пераканаць кагосьці, што з Кітаем нельга супрацоўнічаць. Усё ж гэта велізарны рынак. Але варта ведаць, што адбываецца ў свеце, і будаваць партнёрскія стасункі з розумам.

Дасылайце прапановы для «Глабальнага пытання» праз «Тэлеграм» @BelsatBot. Да сустрэчы праз тыдзень.