«Суддзя рабіла ўсё, каб мяне адпусцілі»


З адным заплечнікам і дзіцём на руках мастачка Ніна Маргаева пасля двух затрыманняў вымушаная была ўцякаць ад рэжыму. Цяпер ёй патрэбная нашая дапамога.

Гераіня праграмы «Беларус беларусу» – мастачка і актывістка Ніна Маргаева, таленавітая выкладчыца, якая выхоўвае 10-гадовага Мірона. Ніна брала актыўны ўдзел у пратэстах у Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і дапамагала іншым, бо не магла застацца абыякавай да падзеяў у краіне. У выніку яе затрымалі і аддалі пад суд:

«І як толькі я сказала, што не прызнаю сваёй віны, мне стала так лёгка. Тады ў мяне спыталі, ці ўдзельнічала я ў якіхсьці шэсцях пасля таго, як затрымалі. Я сказала: так. І я ведала, што суддзя робіць усё, каб мяне не пасадзіць. Яна задавала ўсе магчымыя пытанні. Калі яна спытала: а цяпер ці ўдзельнічаеце? Я стаю за канторкай і кажу: не. Яна аж выдыхнула… Казаць праўду заўсёды неяк прасцей».

Тады Ніна атрымала толькі папярэджанне, але неўзабаве яе схапілі другі раз. У ейнай кватэры правялі ператрус і канфіскавалі ўсю тэхніку. Мастачка апынулася ў аддзеле міліцыі, дзе ёй даводзілі, што яна сваім выкладаннем калечыць дзяцей, пагражалі забраць сына. Ніна ўжо змірылася з небяспекаю, што можа сесці надоўга:

«Тут вельмі важна мець унутры адказ на пытанне: за што? За што я гатовая сесці? Мая галоўная думка была пра тое, каб, не дай Бог, нікога не назваць, не выдаць, пацягнуць час… У мяне ўвесь час была думка: я хачу, каб ніхто не сеў праз мяне».

Але яе нейкім чароўным чынам, як зазначае Ніна, адпусцілі: склалася ўражанне, што нам проста далі ўцячы. Увечары таго ж дня Ніна з сынам пакінулі краіну.

Пасля чарговых допытаў, палітычнага пераследу, спробы навесіць на яе крымінальную справу і забраць сына, яна была вымушаная тэрмінова эвакуявацца ў Польшчу. Тут у яе няма нічога. Цяпер яна часова жыве ў шэлтары:

«Напэўна, галоўнае ў шэлтары тое, што мой сын дастаў свае рэчы і паклаў іх на паліцу. Толькі ў гэты момант я зразумела, як важна чалавеку мець дом».

Перажытае не мінулася марна. Ніну напаткала хвароба: яна падае на роўным месцы, адымаюцца рукі і ногі… Цяпер ёй патрэбная медычная дапамога. Да таго ж не стае сродкаў на здымнае жытло, а жанчына марыць забраць да сябе і свайго сабаку. Нінін сын Мірон марыць пра кнігу арыгамі і музычную школу. На пытанне пра найвялікшае жаданне адказвае проста:

«Нейкім чароўным чынам апынуцца ў Беларусі».

Калі вы можаце дапамагчы нашым героям (публічна ці ананімна, з любога пункту свету), лістуйце: .

Глядзіце таксама ў праграме «Беларус беларусу» : Чаму не ўсе нашыя гісторыі маюць працяг і куды знікаюць нашыя героі? Як нашыя гледачы дапамагаюць сям’і палітвязня – ягонай жонцы і дзеткам? І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і дапамога, і моцнае плячо, падставіўшы якое адно аднаму, мы дамо рады ўсім праблемам. Дзе мы разам – там і Беларусь!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.