Добраахвотнік распавёў пра стан палка Каліноўскага


Герой гэтага выдання «Ваяроў» – беларускі добраахвотнік з пазыўным Баксёр – быў актыўным удзельнікам пратэстаў 2020 года ў Беларусі. 10 жніўня яго затрымалі і збілі супрацоўнікі АМАПу. Праз рэпрэсіі ды палітычна матываваны пераслед хлопец з’ехаў у Літву. З пачаткам расейскай агрэсіі далучыўся да шэрагаў добраахвотнікаў палка Каліноўскага.

Цяпер Баксёр у Літве, куды паехаў развязваць праблемы са здароўем, што абвастрыліся пасля баявога задання. У тым баі, пры абароне вёскі, ваярам даводзілася часта мяняць пазіцыі, шмат часу быць у акопах:

«Пасля баявога задання ў мяне ўзніклі праблемы са здароўем. Пасля арыштаў і збіцця ў 2020 годзе ў мяне была язва, яна абвастрылася. І яшчэ праблема з ныркамі. Я фізічна не зусім добра сябе адчуваў і прыехаў проста развязаць праблемы са здароўем ды вярнуцца ва Украіну. Гэта значыць, я еду, лячуся – і вяртаюся назад ва Украіну ў склад палка».

Але нават цяпер, у Літве, наш герой дапамагае рыхтаваць беларусаў, якія ў 2020–2021 гадах пакінулі Беларусь: дзеліцца сваім досведам, тлумачыць азы валодання зброяй, вучыць тактыцы вядзення баёў.

Ваяры
«У некаторых момантах яны ставяцца да нас, як да нейкіх спецвойскаў». Беларускі ваяр пра службу ва Украіне
2022.08.07 13:01

Баксёр выказаў сваё стаўленне да прапагандысцкіх фэйкаў ды зняпраўдзіў іх:

«Нейкія пайшлі чуткі, што полк развальваецца, нібыта нейкія міжусобныя праблемы там зʼявіліся, але гэта ўсё прапагандысцкая хлусня. Тое, што загінула палова палка, – гэта трызненне варʼята. Чатыры чалавекі загінулі, так, гэта факт, а астатнія працягваюць ваяваць, трэнавацца, набіраць навабранцаў. Усё працуе, усё выдатна».

Канчатковая мэта беларускіх добраахвотнікаў – вызваліць Беларусь, менавіта таму яны ехалі ва Украіну: атрымаць ваенны досвед, максімальна ўзяць удзел у баявых дзеяннях.

«Вайна для мяне скончыцца, калі мы вызвалім Беларусь, правядзём дэмакратычныя выбары. Беларусь станецца свабоднаю краінаю», – кажа ваяр.

Падрабязней пра жыццё на фронце, загінулых сяброў ды баі з акупацыйнымі войскамі глядзіце ў новым выданні праграмы «Ваяры».