Збірала подпісы за Бабарыку? Будзеш сядзець


Аляксандра Моладава была чальцом ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. 12 жніўня ўлады адпомсцілі: у кватэру Моладавых уварваўся АМАП, каб затрымаць гаспадароў. Аляксандра з мужам пазбегла турмы, з’ехаўшы за мяжу.

Аляксандра – юрыстка, а ейны муж Арцём – прадпрымальнік. Ім не падабаўся кірунак, у якім рухалася Беларусь. Але не бачылі магчымасці нешта змяніць да 2020 года. Надзея ў іх з’явілася, калі Віктар Бабарыка заявіў, што хоча балатавацца на пасаду прэзідэнта.

Аляксандра і Арцём запісаліся ў ініцыятыўную групу Бабарыкі і пачалі збіраць подпісы ў яго падтрымку. Страшным ударам для іх стаўся арышт спадара Віктара. Але Моладавы да апошняга верылі, што здарыцца цуд і Лукашэнка прайграе выбары. Хоць і разумелі, што вынікі галасавання найхутчэй сфальсіфікуюць.

Але рэальнасць аказалася нашмат горшая і страшнейшая.

Якія ўспаміны засталіся ў Аляксандры ад 9 жніўня? Чым уразілі яе амапаўцы, якія ўварваліся ў ейную кватэру? Ці шкадуе яна, што далучылася да выбарчай кампаніі? Як дапамаглі ёй псіхолагі ў Грузіі? Ці хоча Аляксандра вярнуцца ў Беларусь?

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Амапаўцы зламалі пяць пазванкоў былому старэйшаму трэнеру нацыянальнай каманды РБ па плаванні Паўлу Сіцянкову. Ён прайшоў курс фізічнай і псіхалагічнай рэабілітацыі ў Чэхіі, бо трапіў у праграму медычнай эвакуацыі.
  • Яўгенія і Сяргей адкрылі гатэль у Чарнагорыі, бо мара жыць каля мора аказалася мацнейшая за стабільнасць на радзіме. Яны рызыкнулі і не прагадалі.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.