$ 1000 за рамонт аўтамабіля. Як абараніцца ад несумленных СТА


Цяпер станцыям тэхнічнага абслугоўвання для працы не патрэбная абавязковая сертыфікацыя. Некаторыя аўтамайстэрні паслабленне расцанілі як поўную свабоду дзеянняў. І гэта часам гукаецца спажыўцам.

Аўта Аляксандра Шконды кепска заводзілася. Каб тэрмінова паставіць сваю «ластаўку» на крыло, спадар Аляксандр звярнуўся да індывідуальнага прадпрымальніка Дудзянкова. За рамонт налічылі 720 рублёў, але праз тры дні машына ізноў стала. Майстар выпраўляць хібы адмовіўся.

«Я зрабіў экспертызу, заплаціў эксперту акрэсленую суму, – распавёў нам аўтаўладальнік. – Ён зрабіў фота, што было паламанае ў машыне, якія балты неадпаведныя былі пастаўленыя, і што «галаву» на спраўдзілі на герметычнасць».

Руслан Гарэлік таксама быў вымушаны заехаць на СТА прадпрымальніка Дудзянкова.

«Усё пачалося з таго, што ў маім аўце пасля кожных 10 кіламетраў пачынала паказваць памылку на аўтаматычную скрыню пасоўвання, – прыгадвае спадар Гарэлік. – Горад Дзяржынск, ехаў па кальцавой, пабачыў СТА. Думаў, заеду туды, развяжу сваю праблему».

Віртуозы шынамантажу і разваднога ключа ўзялі з Руслана Гарэліка амаль $ 1000, але не адрамантавалі аўтамабіль і за тры месяцы.

«Мы чэкаў не даём». Вы ўяўляеце, дзе мы жывем? Ні чэкаў, ні запчастак. І гэта СТА – ІП Дудзянкоў! Сардэчна запрашаем! Адчуваю сябе лопухам, мяне аб’ягорылі, абабралі як ліпку».

Дарэмна кліенты не запатрабавалі афармлення дакументаў. Але такія парушэнні працаўнікоў станцыі могуць давесці іх да адміністратыўнага працэсу. Юрыстка Дарына Гулюта падкрэслівае, што ў такіх выпадках дастаткова скласці паведамленне ў падатковую інспекцыю і адміністрацыю раёну.

«Пры звароце на СТА спажыўцу неабходна звярнуць увагу, каб з ім была складзеная замова-нарад, у якой мусяць быць прапісаныя працы, якія СТА абавязваецца выканаць, тэрміны дадзеных працаў, а таксама кошт. Пры аплаце спажыўцу абавязкова выдаецца касавы чэк».

Што цяпер рабіць тым, чые бясконцыя візіты на СТА ператварыліся ў хаджэнне па пакутах.

«Калі ў спажыўца паўстаюць пытанні, звязаныя з працаю СТА, яму неабходна зафіксаваць свае патрабаванні ў Кнізе заўваг і прапановаў. У выканаўцы ёсць 14 дзён, каб адрэагаваць на заўвагі спажыўца. Калі спажывец не атрымае адказу або адказ яго не задавальняе, спажыўцу неабходна звярнуцца з пазовам у суд».

Кліенты дзяржынскага СТА спадзяюцца, што дырэктар установы ўсё ж уключыць заднюю хаду. Дарэчы, прадпрымальнік Дудзянкоў ужо не аднойчы быў фігурантам грамадзянскіх судоў. Відаць, якая справа, такая й слава.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • На Слонімшчыне вяскоўцы намагаюцца захаваць пошту
  • Жыхары Калодзішчаў не спяшаюцца святкаваць перамогу
  • Беларусы – пра заводы ў межах гораду
  • Прадпрымальнік не спяшаецца разлічыцца з працаўнікамі

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.