Інсайдары кажуць пра ўзаемныя даносы чыноўнікаў


Урадоўцы марудна выконваюць дзяржаўныя загады, а некаторыя з іх увогуле пакідаюць у шуфлядах. А яшчэ яны пішуць даносы на калегаў. Праз іхныя адрозныя палітычныя погляды – у калектывах разлады. Пра гэта аўтарам праграмы «Шчыра кажучы» распавялі дзейныя і былыя ўрадоўцы.

Пасля выбараў 2020 года склаліся надзвычай спрыяльныя ўмовы для кар’ернага росту ўрадоўцаў – дастаткова давесці сваю прыхільнасць рэжыму.

Арцём Брухан, былы намеснік начальніка аддзелу ўпраўлення культуры Берасцейскага аблвыканкаму, прыводзіць узоры імклівай кар’еры сваіх былых калегаў. Паводле Арцёма, гэта маладыя адмыслоўцы, якім бы вельмі доўга давялося падымацца па кар’ернай лесвіцы.

«А тут яны могуць адразу пераскочыць, бо паказваюць сваю лаяльнасць, актыўнасць. І гэта цяпер самае галоўнае», – упэўнены былы ўрадовец.

Шмат хто з інсайдараў адзначае ў праграме, што цяпер чыноўнікі сталі часцей даносіць кіраўніцтву на сваіх жа супрацоўнікаў. Зніклі шчырыя размовы паміж калегамі. Адна з суразмоўцаў праграмы з гэтай прычыны вырашыла звольніцца, бо ёй зрабілася невыносна працаваць у такой атмасферы.

Другую суразмоўцу калегі заўважылі на пратэстах і данеслі аб гэтым кіраўніцтву.

«Мяне выклікалі, ушчувалі, але як ні дзіўна, я дагэтуль працую. Сама здзіўляюся. Але нехта данёс. Падазраю, што гэта, найхутчэй, нават не з майго ўпраўлення», – мяркуе Вольга, дзяржаўная службоўца.

Ці шмат сярод чынавенства не задаволеных палітыкаю рэжыму? Як праводзяць зачысткі сярод урадоўцаў? Колькі яны зарабляюць і як іх скарачаюць – распавядуць госці праграмы «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале.

Калаж з фота: globallookpress.com