Ад вучэнняў у Беларусі да глабальнай ядравай вайны


Любая вайна між еўрапейцамі – гэта грамадзянская вайна. Так казаў французскі паэт і пісьменнік Віктор Гюго ў 19-м стагоддзі. У 20-м стагоддзі краіны Еўропы згуртаваліся спачатку ў Аб’яднанне вугалю і сталі, а потым у Еўразвяз, каб жахі Другой сусветнай вайны ніколі не паўтарыліся. Сёння мы пакажам, да якой вайны рыхтуюцца вайскоўцы, верныя Аляксандру Лукашэнку і Уладзіміру Пуціну.

У гэтыя гадзіны ў Беларусь заязджаюць расейскія танкі, садзяцца баявыя верталёты, выгружаюцца дэсантнікі. А нашыя чыноўнікі сустракаюць іх кветкамі, хлебам-соллю і танцамі. Бо ідзе падрыхтоўка да супольнага стратэгічнага вучэння «Захад-2021». Па легендзе манеўры выключна абарончыя. Але насамрэч Крэмль так рыхтуецца да непазбежнай – як там думаюць – вялікай вайны з Еўропай, тлумачыць вайсковы аглядальнік Павел Фельгенгаўэр:

«Гэта не столькі дэманстрацыя вайсковай магутнасці, колькі яе рэальная праверка. Мы знаходзімся ў перадваенным перыядзе, рыхтуемся да вайны. Каб падрыхтавацца, трэба праводзіць вучэнні, бо трэба спраўдзіць, дзе ў цябе мост не вытрымае танка, куды людзей перакінуць, навучыць людзей, спраўдзіць лагістычную структуру, дзе што паправіць».

Ваяваць будуць «Паўночныя» – гэта Саюзная дзяржава Рэспублікі Палессе і Цэнтральнай Федэрацыі – супраць «Заходніх» – гэта Нярыс, Паморыя і Палярная Рэспубліка. Дарэчы, Нярыс – гэта сапраўдная літоўская назва ракі Вяллі, на якой стаіць сталіца Літвы.

«Легенда вучэнняў складаецца на падставе рэальных баявых патэнцыялаў узброеных сілаў. На падставе сапраўдных краінаў. Бярэцца верагодны праціўнік. Але каб не псаваць карціну дыпстасункаў, не называюцца канкрэтныя краіны», – тлумачыць палкоўнік запасу, украінскі вайсковы эксперт Алег Жданаў.

«Маюцца на ўвазе краіны прымежныя: Літва, Латвія, Эстонія, Польшча», – кажа доктар палітычных навук Уладзімір Валавы.

Афіцыйна «Захад-2021» на беларускай зямлі пройдзе з 10 да 16 верасня на палігонах «Абуз-Лясноўскі», «Даманаўскі», «Ружанскі» і «Берасцейскі». То бок у Берасцейскай вобласці.

А расейская частка манеўраў – на 9 палігонах, блізкіх да Беларусі, Украіны і дзяржаваў Балтыі. Асабліва шмат дастанецца Калінінградскай вобласці.

Паводле замыслу вучэнняў, «Заходнія» спрабавалі змяніць уладу ў Рэспубліцы Палессе, каб далучыць яе да дзяржавы Нярыс. Але не здолеўшы нахіліць палескага кіраўніка, напалі на Саюзную дзяржаву. Цэнтральная Федэрацыя і Палессе будуць знішчаць міжнародных тэрарыстаў, сепаратыстаў і незаконныя ўзброеныя фармаванні ў межах міжнароднага права.

«Размова ідзе пра барацьбу з буйнымі незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі і тэрарыстамі. Пры гэтым групоўка налічвае некалькі тысячаў чалавек», – заўважае недакладнасць замыслу вучэння Уладзімір Валавы.

Падобны сцэнар быў на вучэннях «Захад-2017», калі ваявалі супраць Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі.

«Асноўная была ідэя, што датычылася Беларусі, што ў Беларусі адбылося ўварванне сілаў апазіцыі ці яшчэ кагосьці праз Літву, на нейкіх баггі, усюдыходах, гібрыдная вайна», – прыгадвае Павел Фельгенгаўэр.

«Гэта класіка для дыктатарскіх рэжымаў. Бо яны рэальна адпрацоўваюць варыянт утрымання ўлады любым коштам. Кшталту патапіць пратэст у крыві, але не даць яму развіцца», – падкрэслівае Алег Жданаў.

У панядзелак Крэмль зноўку заявіў, што прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі.

Вось што кажуць жыхары і госці Екацярынбургу:

«Што значыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі? Гэта абраны кіраўнік. Яго абраў народ. І ў нас дамова АДКБ ёсць».

«Расейцы і беларусы – адзіны народ. І пытанняў быць не мусіць».

«Нашыя народы ніколі не раздзеляцца».

«Вайсковую магутнасць дзяржавы ў любым выпадку трэба падтрымліваць. А Беларусь гэта будзе, беларускія браты, ці Украіна, ці Грузія – няважна».

У 2008-м, калі Расея напала на Грузію, спачатку былі вучэнні і перакідванне войскаў да грузінскай мяжы. Дагэтуль у Грузіі працягваецца паўзучая акупацыя, расейскія вайскоўцы перасоўваюць памежныя слупы, захопліваюць усё больш зямлі. А да межаў Украіны гэтаю вясною Расея сцягнула масу тэхнікі і жывой сілы – і не толькі для палітычных пагрозаў.

«Гэтае маштабнае перакідванне войскаў пад прыкрыццём вучэнняў дало магчымасць Расеі перакінуць баявую тэхніку і ўзбраенні на заходні кірунак, на еўрапейскі тэатр баявых дзеянняў», – тлумачыць Алег Жданаў.

Сёлетнія вучэнні ў Расеі былі самымі маштабнымі з часу 2-й сусветнай вайны.

«Паводле афіцыйных звестак, мабілізавалі 300 тысячаў. Праўда, па ўсёй краіне, хаця асноўнае ядро вучэнняў было на мяжы з Украінай, куды высунулася 6 ці 7 палявых арміяў. Сканцэнтраваліся, сфармавалі дэсантныя сілы, высадзілі дэсант 10 тысяч чалавек у Крыме», – пералічвае Павел Фельгенгаўэр.

Нашыя ўсходнія суседзі праводзяць маштабную рэформу ўзброеных сілаў, і ад брыгадна-батальённай структуры войскаў пераходзяць да ўзроўню полк-дывізія. Усё як у Савецкім Саюзе – падрыхтоўка да масавага наступу.

«144-я танкавая дывізія, якая цяпер перасоўваецца ў раён Берасця для ўдзелу ў вучэннях «Захад-2021», яна яшчэ 2 гады таму была ў жыцці брыгадай. 144-я танкавая брыгада. Цяпер яна разварочваецца ў дывізію. З 3500 яна ператварылася ў 10-тысячную групоўку», – тлумачыць Алег Жданаў.

Афіцыйна на беларускай тэрыторыі ў вучэнні «Захад-2021» удзельнічаюць 12 800 чалавек, з іх 2,5 тысячы – расейцаў і паўсотні казахстанцаў.

Колькасць удзельнікаў і тэхнікі абмяжоўваецца Венскім дакументам 2011-га года – пагадненнем аб узмацненні даверу і бяспекі ў межах АБСЕ. Але гэта датычыць толькі еўрапейскай часткі вучэння «Захад», тлумачыць эксперт. Танкі за Уралам у лічбы не трапляюць.

«У нас паведамляюць розныя глупствы, кшталту таго, што ўдзельнічаюць 10 тысячаў чалавек, а ўдзельнічае 150 тысячаў», – усміхаецца Павел Фельгенгаўэр.

І адныя манеўры плаўна пераходзяць у іншыя.

«Канечне, на ўсіх гэтых вучэннях кажуць, што на нас напалі, а мы перайшлі ў контрнаступ. Але ў рэчаіснасці ў краінаў Захаду няма тэрытарыяльных прэтэнзіяў да Расеі. А ў нас ёсць. У нас сурʼёзныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі да Украіны і Беларусі», – нагадвае расейскі эксперт.

Артыкул Уладзіміра Пуціна аб гістарычным адзінстве трох народаў і вяртанні беларускіх і ўкраінскіх земляў Расеі міністр абароны Сяргей Шайгу загадаў зрабіць абавязковай тэмай ваенна-палітычнай падрыхтоўкі ў войску.

А што ж чалавек, які называе сябе гарантам незалежнасці Беларусі?

«Калі будзе трэба, тут не толькі будзе база, тут усе Узброеныя сілы РФ будуць размешчаныя… У выпадку небяспекі развязвання новай сусветнай вайны», – заявіў Лукашэнка 9 жніўня, у гадавіну выбараў.

Сусветная вайна пачнецца, калі дзяржавы Захаду будуць далей уводзіць санкцыі супраць Лукашэнкі. Прынамсі, ён так заяўляе.

Пра незалежную ад Масквы палітыку і пра вучэнні, супольныя з вайскоўцамі НАТО, цяпер няма ні слова.

«Менавіта гатовасць Лукашэнкі ўзмацніць залежнасць ад Расеі ва ўсіх галінах прывяла да таго, што ён практычна не мае права голасу ў тым, што Расея захоча зрабіць у Беларусі ў вайсковым сэнсе. За дзесяцігоддзі ягонага праўлення адбылася інтэграцыя войска і спецслужбаў дзвюх краінаў. Расейскія войскі ў Беларусі гэта не навіна, яны там даўно. Сёлета пройдуць буйныя расейскія вучэнні «Захад», за якімі мы вельмі ўважліва сочым, каб пабачыць, як будуць праходзіць манеўры, якія вайскоўцы і якая тэхніка прыбудзе ў Беларусь – і як шмат з гэтага зʼедзе», – заявіла амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр падчас слуханняў у амерыканскім Сенаце 9-га чэрвеня.

Для Масквы гэта спосаб не толькі падтрымаць Лукашэнку, але і адказаць на ўкраінска-натаўскія вучэнні «Sea Breeze» у Чорным моры.

«На моры і ў паветры Расея не можа нічога супрацьпаставіць НАТО. Асабліва гэта стала зразумела 10 ліпеня, калі быў агульны збор караблёў удзельнікаў вучэнняў у акваторыі Чорнага мора, і Расея вывела большую частку баявога складу Чарнаморскага флоту. І ўсе пабачылі, што лепш бы яна яго не выводзіла», – нагадвае Алег Жданаў.

Тэхналагічна Расея моцна адстае не толькі ад НАТО, але і ад Кітаю. Напрыклад, у расейцаў няма ніводнага дзейнага авіяносца. Таму і пагражаць будуць традыцыйным савецкім спосабам – глабальнай ядравай вайной, у якую перарастае рэгіянальны канфлікт.

«Вучэнні «Захад» – звычайна афіцыйна пра гэта не заўжды паведамляюць – яны канчаюцца звычайна ракетна-ядравым ударам. Вучэбным, канечне», – прыгадвае Павел Фельгенгаўэр.

Яшчэ ў 1999-м годзе – пры Барысу Ельцыну – у расейскім Генштабе прыдумалі так званую «ядравую дээскалацыю».

«Калі мы будзем прайграваць вайну ці ў нас будуць праблемы, то мы нанясем абмежаваны ядравы ўдар – па Еўропе ці яшчэ дзе, – каб паказаць праціўніку, што мы гатовыя ўвесь свет узарваць», – тлумачыць канцэпцыю расейскі эксперт.

Але хто ж пагражае нашым усходнім суседзям? Вось меркаванні з Екацярынбургу:

«Калі вакол нас стаяць базы НАТО, і гэта так блізка, то мы мусім быць гатовыя».

«Акружаюць Расею, набліжаюцца, і правакуюць пастаянна».

«Увесь свет. Ворагі навокал».

Хто дакладна не хоча вайны, ваеннага становішча, надзвычайшчыны і тэрору на вуліцах – гэта беларускія грамадзяне. Толькі іхнага голасу з палацу не чуваць.

У Беларусі ўжо ідзе аператыўна-тактычные вучэнне з Гарадзенскай памежнай групай. Менавіта вучэннямі Дзяржаўны памежны камітэт тлумачыць стрэлы ў паветра, ад якіх мігранты бягуць да літоўскай мяжы.

Для дыктатуры вайна – гэта спосаб забраць усе прыватныя рэсурсы, змабілізаваць прыхільнікаў і абыякавых, зачысціць нязгодных ды легітымізаваць сваю жорсткасць. А ва ўмовах палітычнага крызісу і памежнага канфлікту з суседзямі палыхнуць можа ад любой іскры. Будзем спадзявацца, што Беларусь усё ж дойдзе да мірнага і свабоднага стану насуперак усім людзям у балаклавах.

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum; Ahmad Hasaballah / Zuma Press / Forum