Рэпрэсаванай Лукашэнкам беларускай артыстцы палякі запрапанавалі працу мары


Польскія тэатральныя дзеячы ацанілі беларускую оперную спявачку і прапанавалі ёй цікавы праект. У Польшчы ж яна апынулася, бо падтрымала агульнанацыянальны страйк у 2020 годзе і ёю зацікавіліся сілавыя структуры Лукашэнкі.

Даша і Андрэй – прафесійныя артысты, якія страцілі ўсё ў Беларусі. Яны пайшлі на страйк: Андрэй звольніўся з Тэатру беларускай драматургіі, а Дар’ю выселілі з кватэры, якую ёй даў Вялікі тэатр оперы і балета. Праз палітычны пераслед яны мусілі выехаць у Варшаву.

Беларус беларусу
«Я засынала з думкай, што зараз да нас уварвуцца амапаўцы», – удзельніца агульнанацыянальнага страйку
2022.04.26 14:36

Мы ўсяляк падтрымлівалі Дашу ды Андрэя і дапамагалі ім. Спрабавалі базава забяспечыць на першы час. Даша, Андрэй, Беларускі дом і нашая праграма разам нават стварылі невялічкі навагодні спектакль для дзяцей.

Дар’я працягнула кар’еру артысткі і ўжо праславілася ў Польшчы як зорка беларускай эміграцыі. Нашая гераіня з захапленнем распавядае пра спектакль «Наста» Юрыя Дзівакова, у якім грае галоўную ролю.

«На мой погляд, гэта тое, чаго так не хапала ў Беларусі, калі ты можаш сказаць усё, што ты думаеш, не выбіраючы словаў і не прабуючы неяк завуалявана, метафарычна выкласці праўду», – дзеліцца Дар’я.

Hавiны
Юрый Дзівакоў у Польшчы ставіць спектакль, які б упрыгожыў беларускую сцэну
2021.12.04 15:55

На адным са спектакляў быў кіраўнік Пазнанскага драматычнага тэатру. Ён быў у захапленні ад ігры Дар’і і запрапанаваў ёй удзел у сваім праекце.

«Я была ў шоку. У мяне ніколі не было такіх прапановаў, ніколі ў жыцці! Калі мне тэлефануе мастацкі кіраўнік Пазнанскага драматычнага тэатру і кажа, што ён уражаны маёй ігрою, тым, што я раблю на сцэне, і запрашае мяне ў свой праект», – кажа Дар’я.

Муж Дар’і Андрэй мусіў зрабіць цяжкі выбар – рэалізавацца творча ці знайсці працу, каб утрымліваць сям’ю. Ён выбраў другое. Цяпер ён працуе кур’ерам у дастаўцы ежы.

Андрэй цешыцца з поспехаў жонкі і марыць пра ўласныя творчыя праекты. Ён хацеў бы паспрабаваць сябе ў якасці рэжысёра.

Калі вы хочаце падтрымаць Дар’ю, Андрэя ды іхнага маленькага сына Рому, гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна. З любога пункту свету. Лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com.

I памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.