Мадэль з Беларусі рассяляе ўцекачоў у Адэсе


Як пераможца сусветных конкурсаў прыгажосці падтрымлівае Украіну.

Яўгенія Цюленева – кіраўніца буйнога энергетычнага прадпрыемства, магістарка права і віцэ-міс конкурсу «Міс Свету Plus Size 2017». У кастрычніку 2021 года праз палітычныя прычыны мусіла з’ехаць ва Украіну. Сама Яўгенія жартуе, што да Кіева яе давёў язык. Неўзабаве дзяўчына апынулася ў Адэсе, дзе сустрэла пачатак вайны.

Яўгенія кажа, што бачыла прыкметы блізкай вайны, нягледзячы на тое, што шмат людзей навокал меркавалі інакш. Таму пачатак вайны для яе не стаў нечаканасцю. На другі дзень вайны Яўгенія выехала ў Малдову, але неўзабаве зноў вярнулася ў Адэсу.

«Аказалася, што быць тут [ва Украіне – belsat.eu] маральна нашмат лягчэй, чым быць там [за мяжой – belsat.eu]. Ёсць такі «сіндром уцекача», што потым накрывае. А тут я ўсміхаюся, тут я смяюся. Проста застаючыся тут, ты дапамагаеш Украіне: ты плаціш за жытло, ты набываеш каву, ежу. І гэтым ты дапамагаеш эканоміцы працаваць. Гэтая думка сагравае», – так патлумачыла свой выбар Яўгенія.

Пасля вяртання ў Адэсу дзяўчына далучылася да працы ў гуманітарным штабе, яна дапамагае рассяляць уцекачоў, якія прыехалі з усходу Украіны.

Пра пераезд ва Украіну, вайну і дапамогу ўцекачам глядзіце ў чарговым выданні з цыклу «Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны».

Аўтарскі цыкл «Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны» распавядае пра жыццё ў зоне баявых дзеянняў. Дзяніс Дудзінскі сустрэнецца з беларусамі, якія падтрымалі Украіну ў яе змаганні з расейскімі акупантамі, пакажа партрэты асобаў, якія воляю лёсу апынуліся ў сітуацыі выпрабавання вайною.

Калаж з фота: pixabay.com