Беларусы зладзілі свята для сем'яў палітвязняў


Праект «Беларус Беларусу» і неабыякавыя гледачы каналу сабралі сем’і нашых гераінь, палітычных зняволеных, каб здзейсніць сапраўднае свята для іхных семʼяў.

Беларусы зладзілі свята для сем’яў палітвязняў. Скрын відэа «Беларус Беларусу»

Можна пасадзіць чалавека, але немагчыма знішчыць ягоную свабоду. Праект «Беларус Беларусу» абʼядноўвае неймаверных беларусаў, якія маюць патрэбу ў падтрыманні, і тых салідарных нашых землякоў, якія хочуць і могуць дапамагаць.

Надоечы мы расказвалі пра нашую гераіню Веру з Лебядзінага, якая выйшла па корм для ката, а трапіла на Акрэсціна. Вера, якая атрымала на той момант самы буйны ў гісторыі Беларусі штраф, вельмі натхнілася гісторыяй шматдзетнай маці Іны Дабратвор, асуджанай за партрэты палітычных вязняў і вымушанай пакінуць Беларусь.

Дзякуючы неабыякавым беларусам у нас атрымалася здзейсніць жаданне нашага героя Іллі Дабратвора – мужа Іны, які застаўся гадаваць пяцёх дзяцей, калі жонка праз рэпрэсіі мусіла пакінуць краіну. А таксама мы зарганізавалі сустрэчы Іллі і Веры.

«У траўні ў траіх з маіх дзетак дзень народзінаў, і мы акурат атрымалі добры падарунак. Нечакана вялізная пасылка з Сібіры. Дзецям спадабаліся экзатычныя прысмакі! Хачу падзяваць тым гледачам праграмы, якія пабачылі папярэдняе выданне пра нашую сямʼю і пастанавілі дапамагчы!» – дзеліцца ўражаннямі Ілля.

Беларусы зладзілі свята для сем’яў палітвязняў. Скрын відэа «Беларус Беларусу»

Ілля перакананы, што беларусы не раз даказвалі: гэткая дзяржава ім не патрэбная. «Самае аптымістычнае, што застаюцца такія выканаўцы, як Такінданг, застаюцца такія блогеры, як Вольга Такарчук. Застаецца надзея, што Беларусь будзе вольнаю. І гэтыя канцэрты будуць адбывацца не ў такім вузкім асяроддзі. Веру ў гэта, як і ў тое, што ёсць вялікая будучыня ў вольнай Беларусі», – кажа Ілля.

Выступіць для Дабратвораў разам з калегам Ігарам пагадзіўся яшчэ адзін былы ўдзельнік нашае праграмы – музыка Андрусь Такінданг, якога ўвосень таксама асудзілі паводле народнага артыкулу 23.34. Усе нашыя героі змагаюцца за свабоду.

Беларусы зладзілі свята для сем’яў палітвязняў. Скрын відэа «Беларус Беларусу»

«Хто б як скептычна ні ставіўся: мы перамаглі яшчэ ў жніўні. Мы перамаглі самыя сябе, мы пераадолелі свой страх. Мы аб’ядналіся, мы навучыліся дапамагаць адно аднаму незалежна ад дзяржавы. І калі ветэранам адмовіліся даваць выплаты, і калі касцёл згарэў… Другі бок гэта разʼюшвае, а мы, наадварот, разумеем у глыбіні душы, што кожны з нас адзін са сваёй бядой не застанецца. Што шмат людзей, якія цябе любяць і прыйдуць табе на дапамогу. Проста трэба рабіць, хто што можа, не апускаць рук і разумець, што далей – толькі светлая будучыня. Днішча прабітае – самыя цёмныя часы наступілі. Але, як кажуць, світанак надыходзіць пасля самага цёмнага часу ночы!» – упэўнівае палітычная блогерка Вольга Такарчук, якая завітала на канцэрт разам з дзецьмі.

Беларусы зладзілі свята для сем’яў палітвязняў. Скрын відэа «Беларус Беларусу»

Праз некалькі дзён пасля канцэрту Ілля быў вымушаны разам з пяцярымі дзецьмі пакінуць Беларусь. У гэты самы час блогерку Вольгу Таркарчук затрымалі… Вольга правяла першыя дні лета ў ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне, яе вінавацяць паводле трох крымінальных артыкулаў. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай. Днямі яе змясцілі ў карцар.

Лісты Вользе Такарчук можна дасылаць на адрас: Следчая турма № 8, вул. Савецкая, д. 22а, 222163, г. Жодзіна.

Калі вы хочаце падтрымаць некага з нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з кожнага пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.

belsat.eu