Чаму ў Беларусі пацыенты пераплачваюць за пратэзы?


Пасля паведамленняў пра затрыманні дактароў журналісты праграмы «Давайце разбірацца» распачалі ўласнае расследаванне ў «справе артапедаў». Аўтары нават не ўяўлялі, што выйдуць на новую і, бадай, самую бессаромную схему манапалізацыі рынку эндапратэзаў.

У Беларусі ў дзяржаўных лякарнях аперацыя замены суставаў на беларускія пратэзы – бясплатная. Але беларусы выбіраюць імпартныя пратэзы дзеля якасці і гарантыйных тэрмінаў.

Імпартны тазасцегнавы пратэз у дзяржаўных шпіталях каштаваў каля $ 3000. Пацыент плаціў за імпартны пратэз і, фармальна, за магчымасць атрымаць дапамогу хутчэй. Бо не ўсе пацыенты, якія маюць $ 220 пенсіі ці $ 500 сярэдняга заробку, могуць дазволіць сабе аперацыю за $ 3000. Таму і чэргі на тыя аперацыі не такія вялікія, як на цалкам бясплатнае пратэзаванне.

Калі ідзецца пра тазасцегнавыя пратэзы, то часцей за ўсё беларусам прапануюць пратэзы амерыканскай фірмы «DePuy», нямецкай «Waldemar Link» і швейцарскай «Medacta».

Тры дылеры гэтых пратэзаў падзялілі рынак паміж сабою і зліквідавалі канкурэнцыю на беларускім рынку. Гэта не можа не адбівацца на пацыенце. Нават у суседняй Расеі пратэзы каштуюць напалову менш, чым у Беларусі.

«Бо наўпроставай пастаўкі няма. То бок гэта пастаўка праз пэўных асобаў, якія хочуць сабе пэўны адсотак. Вы ні ў кога, акрамя гэтых людзей, гэтых пратэзаў не купіце», – тлумачыць траўматолаг-артапед.

Каму ўлады аддалі манаполію на пастаўкі і аперацыі ўсталявання тазасцегнавых пратэзаў? Каму і навошта магло быць выгадна арыштаваць дактароў-артапедаў? Якое месца ў гэтых схемах можа займаць Віктар Лукашэнка? Глядзіце ў праграме «Давайце разбірацца».