Выкладчык: Ідзе гандаль дыпломамі


Маладыя беларусы ўсё часцей накіроўваюцца па веды за мяжу. Чаму яны туды едуць і чаму замежныя студэнты абіраюць Беларусь? Якія змены былі ў сістэме адукацыі ды якім чынам да гэтага датычны Коля Лукашэнка? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

За гады кіравання Аляксандра Лукашэнкі школу некалькі разоў страсалі змены ў стылі то наперад, то назад. У 1998 годзе пачаўся пераход да 12-гадовага навучання – праз 10 гадоў вярнуліся назад да 11-годкі. У 2002-м увялі 10-бальную сістэму – праз 15 гадоў хацелі зноў вярнуцца да 5-бальнай. Але тады Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ягоны малодшы сын Коля да новай сістэмы ацэньвання ведаў ужо прывык, таму праблема перабольшаная.

Калі Коля навучаўся ў 6 класе, то, паводле аповеду бацькі, заснуў на першым уроку. Вынік – ува ўсіх беларускіх школах пачатак заняткаў перанеслі на паўгадзіны або гадзіну пазней.

«І яму трэба а 6:00 прачнуцца і ісці. І я пытаю: «Ну як там на першым уроку?» – «Так, тата, нічога, усе спяць, і я там прыкархнуў». – «Ты ж сын прэзідэнта, нельга ж так». – «Спаць хачу». Бязладдзе ў школе ў элементарных рэчах!» – абураўся Лукашэнка.

Сітуацыя камічна-драматычная не толькі ў школьнай сістэме, але і ў вышэйшай адукацыі, да якой Мікалай Лукашэнка яшчэ не давучыўся.

Калі беларускай моладзі цікавая адукацыя за мяжою, беларуская вышэйшая адукацыя прываблівае ў асноўным студэнтаў з азіяцка-афрыканскага рэгіёну.

«Прыязджаюць студэнты, якія амаль не ведаюць расейскай мовы, я ўжо маўчу пра беларускую дзяржаўную. Ні англійскай мовы… Фактычна выкладчыкі камунікуюць з імі на мове жэстаў альбо на ламанай англійскай мове ці ламанай расейскай. У выніку толькі маленькі адсотак з гэтых студэнтаў атрымлівае хоць якія веды. Фактычна ідзе проста гандаль дыпломамі. Гандаль, пры якім ніякіх сапраўдных паслуг не аказваецца», – распавядае звольнены выкладчык БДУ Павел Баркоўскі.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Ціск на выкладчыкаў за адрозную ад праўладнай пазіцыю
  • Узровень беларускай адукацыі
  • Якія рэформы патрэбныя беларускай адукацыі на розных узроўнях

Калаж з фота: Alexander Astafyev / TASS / Forum

Belsat.eu