Гэта яшчэ не акупацыя. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Аляксандр Лукашэнка пераўтварае Беларусь у крэпасць Уладзіміра Пуціна, апірышча «русского мира». Сёння ў «ПраСвеце» з Сяргеем Пелясою – інтэрв’ю з Марэкам Будзішам, аўтарам кнігі «Ілюзія вольнай Беларусі».

Лукашэнка сапраўды сабраўся на вайну?

Пра любоў Лукашэнкі да ваеннай гісторыі ведае кожны беларус. Сёння ж ён аказаўся на парозе рэальнай вайны. Выглядае, што Лукашэнка яе жадае. Ці гэта толькі ілюзія і блеф? У моманты, калі маўчыць нават Пуцін, Лукашэнка, як школьнік, задзірае Захад і Украіну. Што гэта – нерэалізаваныя амбіцыі самазванага галоўнакамандуючага ці спосаб нагадаць пра сябе ва ўмовах, калі ніхто не ўспрымае яго сур’ёзна? Адказ на гэта спрабавала знайсці Надзея Бельская.

Аляксандр Лукашэнка хоча збудаваць уладу як Рамзан Кадыраў, кіраўнік Чачэніі. Інтэрв’ю з Марэкам Будзішам, польскім даследнікам Расеі ды Беларусі

Ад выніку канфлікту Расеі з Украінай залежыць і лёс Беларусі. Расейскіх войскаў у Беларусі менш, чым можа падавацца, і гэта хутчэй маскіроўка, а не акупацыя. Аднак Лукашэнка пераўтварае Беларусь у крэпасць Пуціна, апірышча «русского мира». Так лічыць Марэк Будзіш, польскі даследнік Расеі і Беларусі, аўтар кніг «Ілюзія вольнай Беларусі» і «Усё ёсць вайна. Расейская стратэгічная культура». Вашай увазе – інтэрв’ю з Марэкам Будзішам. Поўную 25-хвілінную версію шукайце на нашым сайце і з 11.02.2022 – на YouTube-канале «БЕЛСАТ NEWS».

Як NATO ўзмацняе свае межы з Беларуссю і Расеяй

ЗША заявілі, што вядуць актыўныя дыскусіі з усходнееўрапейскімі хаўруснікамі наконт магчымага размяшчэння дадатковых войскаў на ўсходзе. Так, Вашынгтон спрабуе супакоіць саюзнікаў з Альянсе перад пагрозай нарошчвання расейскіх войскаў ля межаў Украіны. Злучаныя Штаты Амерыкі ўжо прывялі ў баявую гатовасць 8,5 тыс. жаўнераў і частку з іх перакінулі ў Еўропу. Наколькі ўзмацняецца NATO каля Беларусі? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Навошта Макрон лётаў да Пуціна?

«Мэта выкананая» – такі вынік перамоваў з Уладзімірам Пуціным, на думку Эманюэля Макрона. Мэтай жа французскі лідар назваў перадухіленне эскалацыі сітуацыі вакол Украіны. Прынамсі, гэта вынікае з заяваў французскага прэзідэнта. На гэтым тыдні Макрон паразмаўляў не толькі з Пуціным, але таксама наведаў Кіеў і сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім, пасля чаго ўзяў удзел у саміце «Веймарскага трыкутніка» – сустрэчы лідараў Францыі, Германіі і Польшчы. Беручы пад увагу тур Макрона, узнікае некалькі пытанняў: ці настолькі эфектыўныя былі перамовы, як пра іх гаворыць французскі прэзідэнт, а галоўнае, ці варта чакаць дээскалацыі? Адказы – у сюжэце Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «ПраСвет» у профілях у Facebook і «Одноклассниках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: mil.ru