Якія мэты УНС? Што рыхтуюць улады? У студыі сустрэліся два супрацьлеглыя лагеры – прадстаўнікі дзяржаўнага і недзяржаўнага сходаў. Эксперт-палітолаг РГА «Белая Русь» Пётр Пятроўскі рубіць з пляча на самым пачатку праграмы:
– Самая галоўная мэта УНС – каб асабісты лукашэнка стаў калектыўным лукашэнкам. Каб і ў вас быў лукашэнка, і ў кожным сэрцы… Каб мы былі прадаўжальнікамі ягонай палітыкі. Для гэтага мы павінныя трансфармаваць сістэму ўлады сучаснай беларускай так, каб пасля Лукашэнкі лукашэнка паўтараўся ў розных формах. Гэта як Пятая рэспубліка дэ Голя. То бок, самая галоўная задача – каб мы захавалі стабільнасць, захавалі еднасць і каб мы інстытуцыяналізавалі вось той лукашызм, які нарадзіў Рэспубліку Беларусь, суверэнную, незалежную краіну, якая не паўтарае шляхоў іншых краінаў ва Усходняй Еўропе.
Палітык Андрэй Дзмітрыеў, які ёсць дэлегатам альтэрнатыўнага Сходу, на гэта канстатуе, што нават нядаўнія Лукашэнкавы прыхільнікі адвярнуліся ад яго. А Усебеларускі народны сход – гэта сход чыноўнікаў і начальнікаў, дзе хочуць збіць у ядро сваю меншасць.
У эмацыйным выданні ўдзельнікі закранаюць такія праблемы:– легітымнасць абодвух сходаў;– вынікі прэзідэнцкіх выбараў;– магчымасць перамоваў паміж супрацьлеглымі бакамі, хто павінен перамаўляцца; У канцы праграмы ўсе ўдзельнікі звяртаюцца з трыбуны да шматтысячнай аўдыторыі ток-шоу.
Апроч згаданых удзельнікаў у студыі дыскутуюць дэлегат альтэрнатыўнага Сходу Максім Баграцоў, дэлегат УНС Юрый Васкрасенскі, дэлегатка УНС Вольга Цесакова і дэлегат альтэрнатыўнага Сходу Георгій Родзін.
Праграма «Кожны з нас» выходзіць штосераду а 18:30. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.