Які далейшы сцэнар вайны? Міжнародныя эксперты ацэньваюць расклад расейскіх і ўкраінскіх сілаў


Падобна, што найбуйнейшая вайна апошніх гадоў у Еўропе ідзе насуперак планам агрэсара: украінскія войскі мужна адбіваюць атакі ворага. Але ці здолеюць яны вытрымаць баі ў аблозе да тае пары, пакуль эканамічныя і ўнутрыпалітычныя страты не прымусяць Уладзіміра Пуціна адмовіцца ад максімальна пастаўленых задачаў? Што пра гэта мяркуюць эксперты – глядзіце ў праграме «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Апрача высокага маральнага духу ўкраінцаў, натуральнага для абарончай ці айчыннай вайны, адмыслоўцы адзначаюць таксама манеўранасць украінцаў. Пасля 2014 года тыя рэфармавалі кіраванне сваім войскам на ўзор краінаў NATO – і апошнія 6 гадоў напрацоўвалі навыкі ўзаемадзеяння паміж рознымі родамі войскаў. Манеўранасць узмацняецца яшчэ двума чыннікамі: веданнем мясцовасці і тым, што NATO дзеліцца з Кіевам звесткамі сваёй выведкі пра перамяшчэнні ворага. Гэта дазваляе ўкраінцам наносіць хуткія ўдары па расцягнутых расейскіх калонах.

Аляксандр Мусіенка, кіраўнік Цэнтру вайскова-прававых даследаванняў (Украіна):

«Нам дапамагалі ў рэфармаванні нашыя партнёры NATO. Мы бралі ўдзел у вучэннях, рыхтаваннях і г. д. Пачалі больш увагі звяртаць на абаронную вытворчасць Украіны – і мадэрнізаваныя, адрамантаваныя, новыя сродкі сілаў бяспекі і абароны пачалі паступаць на ўзбраенне».

У прыватнасці, апрача амерыканскіх «Стынгераў», украінцы збіваюць расейскія гелікоптары і з дапамогаю савецкіх пераносных зенітных комплексаў «Страла» і «Ігла», мадэрнізаваных на ўкраінскіх прадпрыемствах.

Нечакана стратнымі для расейцаў сталіся налёты турэцкіх беспілотнікаў «Байрактараў ». Кіеў пачаў актыўна закупляць іх пасля пасля вайны ў Нагорным Карабаху, дзе атакі турэцкіх дронаў згулялі вызначальную ролю ў перамозе Азербайджану.

Што датычыць Расеі, то яе самым моцным бокам ёсць акурат стратэгічная авіяцыя, ракетныя комплексы і цяжкая артылерыя.

«У Расеі найлепш атрымліваецца камбінацыя наземнай артылерыі і ўдараў тактычнай авіяцыі для вытворчасці масаванага агню, засяроджанага агню, мноства дывановых бамбаванняў, мноства артылерыйскіх абстрэлаў ваенных базаў, а таксама грамадзянскай нацыянальнай інфраструктуры», – кажа Мат’ё Булег, вайсковы эксперт брытанскага аналітычнага цэнтру «Chatham House».

Шчыра кажучы
Ці была непазбежнаю сённяшняя вайна ва Украіне?
2022.03.02 18:16

Але адмыслоўцаў амерыканскага вайсковага аналітычнага цэнтру «Janes» здзівіла нескаардынаванасць расейскай атакі. У прыватнасці, частку тэхнікі расейцы мусілі кідаць пасля таго, як заканчвалася паліва. Украінцы выкарыстоўваюць свае моцныя бакі і дагэтуль не даюць праціўніку замкнуць атачэнне сваіх войскаў – у Данбасе і пад Кіевам. Але моцны бок Расеі – колькасць. Колькасць тэхнікі, авіяцыі ды людзей, якія сваёй масай, хоць і павольней, чым чакалася, але працягваюць праціскаць украінскую абарону на ўсіх франтах.

Расейскі вайсковы эксперт Аляксандр Храмчыхін заяўляе:

«Ясна, што ў ваенным сэнсе Расея мацнейшая за Украіну. Раней ці пазней украінская армія скончыцца. Я не ўяўляю сабе сцэнару паразы Расеі».

Украінскі ж палітолаг Віктар Таран кажа, што ўкраінская армія разбурыла міф, нібыта расейскае войска – самае магутнае ў свеце:

«Яго б’юць нашыя войскі, паказваюць сілу. Таму гэта NATO цяпер думае, каб Украіну браць да сябе. Бо мы паказваем, хто мы. А калі сур’ёзна, дык я не веру, каб пасля таго, што адбываецца, улады сказалі, што мы гатовыя здацца».

Шанцы поспеху Расеі залежаць ад супраціву Украіны, мяркуе Мат’ё Булег, вайсковы эксперт брытанскага аналітычнага цэнтру «Сhatham House».

«Шанцы перамогі для Украіны залежаць ад таго, што Пуцін уяўляе сабе ў якасці заканчэння вайны. Таму ў мяне, на жаль, няма адказу. Тым не менш, ёсць два асноўныя фактары.

Першы – здольнасць украінскіх сілаў арганізавацца і перанакіраваць намаганні на контрнаступ. У іх неймаверна смелае і гераічнае войска. У іх шматлікія атрады тэрытарыяльнай абароны, грамадзяне, якія дапамагаюць, валанцёры, простыя людзі, якія будуць змагацца, бо мусяць. Таму можна разлічваць на іхны баявы дух, на іхную гатовасць абараніць і захаваць сваю Радзіму.

Яшчэ адзін важны фактар з гледзішча агрэсара – гатовасць несці страты і гатовасць вытрымліваць працяглыя ваенныя дзеянні і працяглыя бітвы. Рэч у тым, што, магчыма, ніхто з расейцаў не хацеў гэтай вайны, асабліва простыя грамадзяне, таму яна будзе залежаць ад гатовасці жаўнераў ваяваць. Ад таго, ці будуць яны працягваць забіваць цывільнае насельніцтва, працягваць бамбаваць гарады, дзе жывуць іхныя сябры».

Таксама ў выданні беларускія добраахвотнікі – Дзяніс Прохараў і Радзівон Батулін – распавядаюць, як плячо ў плячо змагаюцца з украінцамі супраць расейскае навалы.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Калаж з фота: Kremlin Pool / Russian Look / Forum; Office / Zuma Press / Forum, Emergency Service of Ukraine / Zuma Press / Forum