Інсульт праз сілавікоў: шматдзетная маці праходзіць рэабілітацыю ў Вроцлаве


Вроцлаў стаў часовым прытулкам для беларускіх уцекачоў, якія праходзіць рэабілітацыю пасля дзеянняў сілавікоў і ціску, што зазналі на радзіме. За што пенсіянерцы з Ліды пагражала чатыры крымінальныя справы? Даведаемся ў праграме «Беларускі свет».

У Юліі Сахарук пасля перажытага стрэсу здарыўся інсульт. Сілавікі ў Пружанах брутальна затрымалі ейнага мужа, калі пара ішла ў кавярню адзначыць дзень народзінаў. Жанчыну часткова спаралізавала. Сям’я спрабавала ўладкаваць Юлію на рэабілітацыю ў Беларусі, але праз каронавірус гэтага зрабіць не атрымалася. Дапамогу ў гэтай рэзананснай справе прапанавала Польшча.

«Ужо ёсць вынікі пасля ўсіх гэтых працэдураў. Добрыя працэдуры: электрастымуляцыя, масажы. Ёсць эфекты на назе, заўважна, што нага пачала рухацца, бачна сіла ў руцэ і назе. Юля можа крыху кіраваць некаторымі часткамі цела. Часткова вока было заплюшчанае, цяпер можна глядзець паўнавартасна», – дзеліцца сужэнец Юліі, Анатоль.

У Беларусі ў пары засталіся чацвёра дзяцей, цяпер за імі даглядаюць родныя.

«Вельмі дапамагае басейн, абсталяваны для такіх пацыентаў. Спачатку ў Юлі быў страх, але цяпер няма страху, і сама ўжо пачала прасіцца ў басейн, бо ёй там рэальна вельмі добра. (…) У будучыні, магчыма, не адзін раз сюды вернемся, бо курс лекавання трэба працягваць».Вроцлаўскі санаторый прыняў на рэабілітацыю і актывістку страйкаму «Горадняпрамбуду» Юлію Сліўко.

Пакуль Юлія з сынам не збіраюцца вяртацца ў Беларусь, дзе іх чакае пераслед, а плануюць пачаць новае жыццё ў Польшчы.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Пенсіянерка з Ліды пераехала ў Польшчу, бо ў Беларусі ёй пагражала ажно чатыры крымінальныя справы за акцыю салідарнасці.
  • «Вершалюцыя» супраць гвалту! Беларусы з розных краінаў свету змагаюцца з рэжымам вершамі.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu