Максім Беразінскі: Беларускія футбалісты не ганарацца сваёй краінай


Вы можаце не займацца палітыкай, але палітыка зоймецца вамі. Вы можаце не любіць футбол, але Чэмпіянаты Свету ці Еўропы абавязкова закрануць вас і вашую сям’ю, так ці іначай. Сёння мы пагаворым пра самы глабальны спорт.

Чэмпіянат Свету ў Катары – першы такі ў гісторыі. Упершыню ён пройдзе на Блізкім Усходзе, упершыню ўвосень і ўзімку ў нашым паўшарʼі – з 20 лістапада па 18 снежня. Каб футбалісты не згарэлі ў летнім катарскім сквары, Міжнародная федэрацыя футболу нават перасунула матчы ў Лізе Чэмпіёнаў. А яшчэ гэта найдаражэйшы Чэмпіянат у гісторыі.

«Як кажуць, няма такой цеснай брамы, праз якую не мог бы прашчыміцца асёл, гружаны золатам. Таму тут не было праблемы, каб затрымаць матчы ў лігах унутры краінаў і перасунуць тэрміны правядзення Лігі чэмпіёнаў. Чэмпіянат будзе там, бо ў справе – вялікія грошы», – тлумачыць Пётр Сабчыньскі, легенда польскай спартовай журналістыкі.

Пётр Сабчыньскі падкрэслівае, што ўлады Катару інвеставалі значна больш, чым хто-кольвек раней, у стадыёны, інфраструктуру і ў зацікаўленасці тых людзей, ад якіх залежалі рашэнні. Нават больш, чым зрабіла Расея, каб атрымаць Чэмпіянат 2018-га года. У астраўнога каралеўства грошай шмат, могуць сабе дазволіць.

«Ад пачатку, калі былі прызнаваныя правы арганізацыі папярэдняга чэмпіянату ў Расеі, і гэтага ў Катары, карупцыйныя чыннікі густа адчуваліся ў паветры і абмяркоўвалася, што людзі, якія прымалі рашэнні, так ці іначай трапілі ў матэрыяльную зацікаўленасць ад Расеі і Катару», – распавядае Пётр Сабчыньскі.

Ад каго тады залежаў выбар Расеі і Катару – гэта перадусім былыя кіраўнікі Міжнароднай федэрацыі футболу і Звязу еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў Зэп Блятэр і Мішэль Плятыні. «ФІФА-гейт» – найбуйнейшы ў гісторыі карупцыйны скандал пра хабары і адмыванне грошай – цягнецца некалькі гадоў. Плятыні і Блятэра судзяць з пераменным поспехам – у кастрычніку пракуратура Швайцарыі падала апеляцыю на іх апраўданне.

«Там, дзе шмат грошай, там заўсёды здараюцца нейкія скандалы і інтрыгі», – тлумачыць кіраўнік «TRIBUNA.COM» у Беларусі Максім Беразінскі.

Знайшлося месца і шпіянажу. Каб інвестыцыі не сарваліся, Катар арганізаваў «сакрэтную аперацыю», піша швейцарскае выданне SRF. Расследаванне паказала, што каралеўства выдала амаль 400 мільёнаў долараў на сачэнне за былым і дзейным кіраўніцтвам ФІФА, і наняла фірму «Global Risk Advisors», створаную былым шпіёнам CIA.

«Гэта была буйная выведная спецаперацыя. Ацэнка, назіранне, людскі шпіянаж, тэхнічныя сродкі – то бок усталяванне «жучкоў». Без гэтай выведнай дапамогі Катару давялося б хвалявацца за чэмпіянат», – распавядае эксперт у выведцы Эрых Шміт-Ээнбоом.

Але ў эміраце не знайшлося грошай на годную аплату і бяспечныя ўмовы працы для шматлікіх замежных працаўнікоў. Будаўнікі-мігранты, што ўзвялі спартовыя палацы, былі практычна нявольнікамі. У іх забіралі пашпарты, яны жылі ў халупах, а на будоўлі калечыліся і нават гінулі без належнай медыцыны і аховы працы. У абарону працаўнікоў публічна выступіла зборная Аўстраліі.

«Ёсць універсальныя каштоўнасці, якія мусяць вызначаць футбольныя каштоўнасці. Гэта павага, годнасць, давер і смеласць. Калі мы рэпрэзентуем наш народ, мы імкнёмся ўвасабляць гэтыя каштоўнасці», – заявілі аўстралійскія футбалісты.

У FIFA грошай заўжды шмат, і чэмпіянаты праходзяць нават калі вакол іх «муцяць» шырокамаштабныя «шэрыя схемы». Нямала крытыкі было і вакол Чэмпіянату Еўропы 2012 года, які прайшоў адразу ў некалькіх гарадах Польшчы і Украіны.

«Ініцыятыва ў гэтай справе была з украінскага боку. Сёння мы можам выразна сказаць, што гэта ўкраінскія алігархі гарантавалі вялікія грошы і ўплыў на прыняцце рашэння», – нагадвае Пётр Сабчыньскі.

10 гадоў таму амаль паўтара мільёна еўрапейскіх заўзятараў жыўцом адчулі атмасферу польска-украінскага спартовага свята, ад Гданьску да Данецку.

«Яны пабачылі Польшчу і Украіну, як нейкую іншую прастору: не постсавецкую, не побач з Расеяй. Не прастору, якая нагадвае пра «савок», а такую, якой яна была ў той самы момант. Канешне, гэта дапамагло еўраінтэграцыйным намаганням Украіны. Гэта дапамагло ўзмацненню геапалітычнага і культурнага ўплыву Польшчы», – распавядае палітолаг Алег Саакян.

Гэта – Польскі Нацыянальны Стадыён у Варшаве. Адразу пасля пабудовы я асабіста слухаў вось тут, на прыступках, нараканні палякаў на недасканалую канструкцыю, праблемы з дахам падчас дажджу. Дарабілі, удасканалілі. Цяпер гэта адна з футбольных пляцовак сусветнага ўзроўню.

Падрыхтоўка да чэмпіянату стала штуршком для польскай і ўкраінскай гаспадарак.

«З вялікімі намаганнямі да турніру «Еўра-2012» была адкрытая аўтастрада А2 ад Варшавы да Лодзі. І гэтая аўтастрада цяпер функцыянуе і цягнецца ажно да беларускай мяжы», – нагадвае польскі тэлежурналіст Пётр Сабчыньскі.

Але Луганскі і Данецкі аэрапорты, якія тады прымалі гасцей, пасля нападу гібрыдных расейскіх войскаў ператварыліся ў руіны. Данецкі стадыён таксама ўжо 8 гадоў не прымае турыстаў. І толькі сёлета Расея адказвае за напад яшчэ і на футбольным полі – яе зборную не пусцяць у Катар.

«Спорт, футбол у прыватнасці – гэта заўжды іміджавая падзея, магчымасць краіны ўплываць вонкі. Магчымасць, у тым ліку, працы спецслужбаў. А таксама гэта падтрымка стойкасці самога рэжыму, абапіраючыся на гэтыя знешнія поспехі», – нагадвае Алег Саакян.

Таксама Украіна просіць ФІФА не пускаць на чэмпіянат зборную Ірану – за падтрымку расейскай агрэсіі ўзбраеннямі.

«Спорт ніколі не быў па-за палітыкай. З часоў антычнасці і Алімпійскіх гульняў спорт заўжды выкарыстоўваўся ў палітычных мэтах. Ва ўнутранай палітыцы – гэта ўдзячная электаральная ніша. У знешняй – гэта дыпламаты, якія нясуць пэўны вобраз краіны», – тлумачыць украінскі палітолаг.

А беларуская зборная і так не праходзіць на чэмпіянаты падобнага маштабу. Нізкі прафесійны ўзровень гульцоў, не высокі і маральны ўзровень, тлумачыць Максім Беразінскі.

«На жаль, беларускія футбалісты цяпер у асноўным з языкамі ў дупе, і не ганарацца краінай. Заўзятары, якія сочаць за футболам, жадаюць зборнай паразаў», – тлумачыць кіраўнік «TRIBUNA.COM» у Беларусі Максім Беразінскі.

Немагчыма наладзіць добры футбол, калі беларускія спартоўцы ўцякаюць за мяжу ад рэпрэсіяў або сядзяць у турме за грамадзянскую пазіцыю.

«Калі Беларускі Фонд спартовай салідарнасці меў кантакты з ФІФА, УЕФА наконт таго, што адбываецца ў беларускім футболе. Але мы бачым, што вельмі цяжка ідуць гэтыя, скажам так, размовы», – распавядае Максім Беразінскі.

Затое на рэпрэсіі супраць беларускіх грамадзянаў адрэагаваў Еўрапейскі трансляцыйны звяз. Адтуль цалкам выгналі Белтэлерадыёкампанію за саўдзел у катаваннях, у тым ліку за трансляцыю так званых «пакаяльных відэа» з кабінетаў сілавікоў. Толькі Еўрапейскі трансляцыйны звяз мае правы на трансляцыю Чэмпіянату свету ў Беларусі. Таму футболу мы не пабачым, пакуль не зменіцца ўлада.

«Лукашэнка абмяжоўвае вольнасць беларусаў, беларусы абмяжоўваюцца ў сваіх правах, на жаль, на міжнародным узроўні», – кажа заснавальнік парталу «NEXTA» Сцяпан Пуціла.

З той жа прычыны мы засталіся і без міжнароднага конкурсу песні «Еўрабачанне».

«Трансляцыі не будзе, бо БДТРК выключаная, на яе накладзеныя санкцыі. Што рабіць заўзятарам – думаю, беларускія заўзятары даўно ведаюць, што рабіць. Трэба пашукаць у інтэрнэце што-небудзь», – намякае Максім Беразінскі.

Блогер і журналіст Сцяпан Пуціла, унесены ў спіс экстрэмістаў і тэрарыстаў, раіць дзейнічаць партызанскімі метадамі: «Шукай, а знойдзеш, як кажуць у падобных выпадках. Хто захоча, той паглядзіць».

На жаль, паляцець у Катар паглядзець на матчы ў жывую большасць беларускіх заўзятараў не можа – квіткі на самалёт і на стадыён перавышаюць сярэдні заробак. Таму заклікаю глядзець «Белсат» – мы распавядзем і пакажам футбольныя навіны, наколькі дазволіць аўтарскае права.