Чаму Астравецкая АЭС – не зялёная энергія


Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Зразумееш тады, чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць. Так, у нас няма мора і цёплых пясчаных пляжаў. Але ў Беларусі – дастаткова ўраўнаважанае надворʼе, каб рабіць грошы з паветра. Бо чым мы горш за суседзяў? Cёння мы пагаворым пра аднаўляльныя крыніцы энергіі, як сродак заробку і энергетычнай абароны.

Пра аднаўляльную энергетыку цяпер чуваць адусюль, асабліва з брытанскага Глазга, дзе праходзіць Кліматычны саміт ААН. Канферэнцыя сабрала палітыкаў з амаль 200 краінаў, навукоўцаў з усяго свету – і дзясяткі тысяч пратэстоўцаў.

Мэта канферэнцыі – дамовіцца, каб чалавецтва спыніла глабальнае пацяпленне, каб сярэдняя тэмпература па планеце не паднялася больш чым на 1,5 градуса. Бо кліматычныя анамаліі сталі небяспечнымі для жыцця.

«У Канадзе лясныя пажары спалілі некаторыя гарады. Людзі мусілі кідаць усё і ўцякаць. Тыя, хто раней не верыў у глабальныя змены клімату, раптам пабачылі іх эфект на парозе дому», – распавёў у кулуарах канферэнцыі прафесар Альбэрцкага ўніверсітэту Тыян Еў Ган.

Парніковы эфект – фізічная зʼява міжпланетнага ўзроўню. Сонца выпраменьвае святло ў дыяпазоне кароткіх хваляў (400–1500 нм). Гэтае святло награвае паверхню Зямлі, і нашая планета вылучае цеплавую энергію – інфрачырвонае выпраменьванне, гэта доўгія хвалі (7,8–28 мкм). Але частка газаў у нашай атмасферы – метан, вадзяная пара і вуглякіслы газ – не выпускае гэтага выпраменьвання, а паглынае яго, награваючы паветра. Дзякуючы парніковаму эфекту мы не жывём у ледзяной пустэльні, але, калі вуглякіслага газу становіцца зашмат, Зямля ў цэлым пераграваецца, і нам робіцца некамфортна.

Самае даўняе выкапнёвае паліва, якім карыстаецца чалавек – каменны вугаль. Ён зʼявіўся з лясоў, якія бясконца доўга забіралі вуглярод з атмасферы, раслі, падалі ды камянелі. Вугаль як рэсурс – не аднаўляльны. 300 мільёнаў гадоў таму грыбы навучыліся харчавацца самымі цвёрдымі дрэвамі, і цяпер, калі расліны гінуць, яны гніюць і парахнеюць. Так што новага вугалю больш не будзе.

А той, які назапасіўся за дзясяткі мільёнаў гадоў, людзі выкопваюць і спальваюць у вялізных абʼёмах літаральна некалькі стагоддзяў. Адсюль, сярод іншага, і дысбаланс вуглякіслага газу ў атмасферы.

Да таго ж, вугаль як паліва яшчэ і забруджвае паветра пылам.

«Нічога іншага так не забруджвае навакольнае асяроддзе, як выхлапы ад спальвання вугалю», – падкрэслівае Вячаслаў Браверман, гендырэктар ААТ «Аднаўляльныя Рэсурсы» (Адэса).

Спыніць глабальныя змены клімату можна – знізіўшы выкіды вуглякіслага газу і павялічыўшы долю аднаўляльнай энергіі.

«Аднаўляльных крыніцаў энергіі дастаткова шмат, гэта, вядома, сонечная, і ветравая, і біягазавыя станцыі. І гідраэнергетыка адносіцца да аднаўляльнай», – пералічвае беларускі энергетычны аналітык Павел Гарбуноў.

Электрычнасць можна атрымаць з прыліваў-адліваў і марскіх хваляў. Паліва для транспарту гэта і біядызель з алею, і сінтэзаваны бія-керасін для самалётаў. Нават спальванне саломы і галля на цеплавой станцыі – гэта аднаўляльная энергетыка, бо салому тую можна вырасціць ізноў.

Ядравую энергію нельга назваць цалкам зялёнай, бо на АЭС не выпрацоўваюць энергіі са стала ўзнаўляльных прыродных рэсурсаў. Туды патрэбнае выкапнёвае паліва – уран. Атамны рэактар награвае ваду, вада круціць турбіны – так атрымліваем электрычнасць. Але лішкі цеплыні АЭС выдае ў атмасферу ў выглядзе вадзяной пары, якая таксама ўзмацняе парніковы эфект і глабальнае пацяпленне.

А ў выпадку аварыі на АЭС ці на сховішчы ядравых матэрыялаў наступствы для людзей будуць зусім не зялёнымі.

«Што рабіць з адпрацаваным ядравым палівам? Пакуль што чалавецтва яго складуе ў спадзеве, што ў будучыні зʼявяцца тэхналогіі яго перапрацоўкі», – нагадвае Сяргей Лейвікаў, украінскі эксперт у энергаэфектыўнасці.

Атрымаць электрычнасць і цеплыню можна не толькі з паветра, але і з… каровіных ляпёхаў – у біярэактары.

Туды загружаюць вадкія адкіды жывёлагадоўлі і цвёрдае біялагічнае смецце. У рэактары ўсё гэта бродзіць з дапамогаю карысных бактэрыяў без падачы паветра пры тэмпературы 3-70 градусаў Цэльсія. Бактэрыі ядуць біямасу, вылучаюць біягаз – метан, які ідзе ў газавы балон або адразу на цеплавую электрастанцыю.

Станцыя выдае цеплавую энергію і электрычнасць у сетку. А пераброджаныя рэшткі – гэта глей, яго вывозяць на палі як біялагічна бяспечнае ўгнаенне. У Беларусі гэтая тэхналогія імкліва асвойваецца.

«Гэта не проста разліў на палі, як са свінарнікаў ці кароўнікаў робяць, а менавіта якаснае ўгнаенне, якое можа быць, плюс няма гэтай шкоды», – тлумачыць Павел Гарбуноў.

Аднаўляльная энергетыка – гэта яшчэ і спосаб зарабіць або прынамсі істотна ашчадзіць грошы.

«Не так даўно я быў у Слаўгарадзе, яны паказвалі нам больніцу, раённы шпіталь. У гэтым шпіталі ёсць катлоўня, якая ўзімку ацяпляе і робіць гарачую ваду. А ўлетку ацяпляць не трэба, а гарачая вада трэба. Дык яны паставілі сонечны калектар, які грэе ваду, і ўмоўна паўгода ім не трэба праца людзей, яны кансервуюць катлоўню», – прыгадвае Павел Гарбуноў.

Вось ён, побытавы сонечны калектар – сродак акумуляваць цеплавую энергію сонца. Ён не мае фотаэлектрычных элементаў, таму не вырабляе электрычнасці як сонечная батарэя, але грэе ваду або паветра ў памяшканні, у залежнасці ад тыпу.

Ёсць і электрастанцыі, якія працуюць як сонечныя калектары. Напрыклад, «Нур 1» у Марока, пабудаваная з дапамогай Еўразвязу. Сонца награвае вадкасць у трубах, вадкасць круціць турбіны, генератар вытварае электрычнасць. Дзякуючы сучасным тэхналогіям, вадкасць доўга трымае цеплыню, таму такая сонечная станцыя працуе і ўначы.

Сонечную энергетыку развіваюць і нашыя паўднёвыя суседзі…

«З 2010 года, у прыватнасці, у Адэскай вобласці былі пабудаваныя дзясяткі сонечных электрастанцыяў», – распавядае Сяргей Лейвікаў.

…і паўночныя.

У пахмурнай Літве кошты на электрычнасць растуць, а кошты батарэяў – падаюць, тлумачыць Аляксей Занёманскі, беларускі бізнесмен з працяглым досведам працы ў энергетыцы.

Пасля буйных нафтавых кампаніяў у Лондане, Маскве і Менску ён перабраўся ў Вільню. І выпадкова стаў прадаўцом сонца – калі шукаў панэлі для ўласнага дому.

«Зрабіў запыты на мясцовым літоўскім рынку – было вельмі-вельмі дорага. Звязаўся з кітайскімі аднакласнікамі з Лондану – у Кітаі – і аказалася, што адзін з аднакласнікаў – гаспадар заводу вытворчасці сонечных батарэяў», – дзеліцца досведам Аляксей Занёманскі, беларускі бізнесовец у Літве.

У фірме Аляксея працуюць 12 чалавек, за гэты год яны паставілі батарэі на паўтары сотнях абʼектаў. Кампанія лічыцца дробнай паводле літоўскіх мерак.

«Першы год мы зрабілі 0,5 мільёны еўраў абарот. За гэты год, я думаю, разы ў 2,5 ён павялічыцца», – мяркуе бізнесовец.

Літоўскі ўрад кампенсуе з еўрапейскіх фондаў значную частку коштаў усталявання сонечных батарэяў, а літоўцы ўсё больш ахвотна іх ставяць.

«Паднімаецца прэстыж, кошт дому паднімаецца, гэта і эстэтыка, і зялёная энергетыка, і гэтак далей. Але асноўная прычына – каб ашчадзіць», – тлумачыць Аляксей Занёманскі.

Што ўласнік дому не спажывае сам – залічваецца ў энергетычнай кампаніі, і потым 2/3 электрычнасці вяртаюць у любы час на любы абʼект уласніка. У Аляксея на доме – 100 такіх вось панэляў, агулам на 30 КВт. Хапае на абагрэў, святло і зарадку двух электрамабіляў.

«Электракары зараджаў уначы, бо ўначы электрычнасць таннейшая. Цяпер я электракары зараджаю ўдзень, бо электрычнасць удзень з сонечных батарэяў зусім бясплатная», – распавядае прадпрымальнік.

У Беларусі сонца свеціць не слабей, чымся ў Літве.

«Калі вы паставілі сонечную панель… на 1 КВт, то яна вам за год зробіць 1100 КВт·г. Гэта прыкладна па ўсёй Беларусі», – тлумачыць парадак лічбаў Павел Гарбуноў.

А ў Турцыі дык наагул сонечная электрычнасць на біржы стала выгаднейшай, чым з цеплавой электрастанцыі, кажа Сяргей Лейвікаў, украінскі эксперт у энергаэфектыўнасці: «Гэта кажа нам, што практычна недасяжная ў кошце 10-15 гадоў таму аднаўляльная энергетыка становіцца ўсё больш рынкавай. Тэхналогіі не стаяць на месцы».

Цяпер мы назіраем сапраўдны бум ветравой энергетыкі. У Нямеччыне ветракі выпрацоўваюць 16 % усёй электрычнасці, у Даніі – амаль 40 %. Але ў аднаўляльнай энергетыкі ёсць слабое месца – яе нерэгулярнасць.

«Сонца не заўжды свеціць… Вецер не заўжды дзьме. А часам дзьме так моцна, асабліва на поўначы Еўропы, што даводзіцца спыняць ветракі», – тлумачыць Вячаслаў Браверман.

Або наадварот, здараюцца сонечныя і ветраныя дні, калі попыт на электрычнасць мінімальны. Летась у Паўночнай Еўропе здараліся моманты, калі кошты за мегават-гадзіны былі мінусавыя – бо электрычнасць трэба кудысьці падзець. У такіх выпадках дапамагае разгорнутая сістэма лініяў электраперадачаў і агульная біржа энергіі.

«Калі ўключана шмат краінаў, і можна, умоўна, кожныя 10 хвілінаў вызначаць, у каго купляць энергію, бо ў яго танней, у таго шмат», – тлумачыць беларускі энергетычны аналітык.

А таксама назапашванне энергіі – і не толькі на гідраакумулятарных станцыях з вадасховішчамі.

«Вельмі шмат праектаў пра энергетычныя сховішчы, ёсць прэцэдэнты ў розных краінах свету. І трэнд на вадародную энергетыку, яна, апроч усіх перспектываў, можа дазволіць збалансаваць усю энергасістэму», – распавядае Сяргей Лейвікаў.

Праціўнікі аднаўляльнай энергіі ўжонеэкалагічныя не кажуць, што яна нерэнтабельная. Яны кажуць, што ветракі і сонечныя панэлі.

«Ветравая генерацыя добрая. Але пра птушак хтосьці ўзгадвае? Колькі птушак гіне. Яны так трасуцца, што чарвякі з зямлі вылазяць. І гэта не жарты насамрэч», – заяўляў Уладзімір Пуцін з трыбуны ў 2019.

Эколагі падлічылі, што цеплавыя электрастанцыі забіваюць птушак больш, чым ветракі, у разліку на адзінку магутнасці. І сучасныя сістэмы дазваляюць спыняць ветрагенератар, калі на яго ляціць чарада птушак.

«У нас стаіць у Адэскай вобласці магутная ветравая станцыя. І яны перыядычна ўсё абыходзяць. І там няма нейкай вялікай колькасці забітых птушак ці яшчэ чагосьці», – распавядае Вячаслаў Браверман.

Што да чарвякоў Пуціна…

«Энергетычны рынак вялізны, з неймавернымі капіталамі, і вельмі цяжка адрозніць сапраўдную інфармацыю ад нейкіх маніпуляцыйных тэкстаў пра шкоду», – кажа пра фэйкі Сяргей Лейвікаў.

Для ўкраінцаў пытанне энергетычнай незалежнасці стаіць востра – Расея рэгулярна пагражае цалкам прыпыніць транзіт газу, а багаты вугалем Данбас захапілі «зялёныя чалавечкі». Таму тут шмат прыхільнікаў аднаўляльнай энергіі.

Вось што кажуць жыхары і госці Адэсы:

«Гэта экалагічна ў першую чаргу».

«Гэта ж бясплатная энергія амаль, яна акупляецца за 2-3 гады».

«Экалогія менш цярпіць і меншая залежнасць ад энерганосьбітаў іншых краінаў».

Развіццё аднаўляльнай энергетыкі ў свеце – гэта пагроза энергетычнай бяспецы Расеі, прынамсі, такі сэнс мае адпаведная дактрына, падпісаная Пуціным 2 гады таму.

«Пад маскай клопату пра навакольнае асяроддзе Захад свядома субсідуе зʼяўленне ветракоў і сонечных батарэяў ва Украіне, прымушаючы Кіеў адмаўляцца ад таннага расейскага газу», – заявіў днямі Мікалай Патрушаў, сакратар Савету Бяспекі, былы дырэктар ФСБ.

Вось што кажуць пра словы Патрушава адэсіты:

«Гэта больш прапаганда, чым насамрэч ёсць».

«Вядома, шмат грошай страціць Расея, і таму яны так выступаюць».

«Трэба ўсё мець сваё, і ні ў каго нічога не прасіць».

Па ўсім свеце доля аднаўляльнай энергіі перавысіла ядравую. А ў Беларусі – наадварот. Пасля пабудовы Астравецкай АЭС – за расейскі крэдыт і пад расейскае ядравае паліва – пра зялёную электрычнасць пакуль можна забыць.

«Недзе ў 2015 годзе ўжо было разуменне, што крыніцаў электраэнергіі шмат, тэмпы росту эканомікі не такія, як планавалася, і з гэтай сістэмай электраэнергіі няма што рабіць», – прыгадвае Павел Гарбуноў.

У Беларусі Міністэрства энергетыкі камандуе генерацыяй, размеркаваннем і продажам электрычнасці. А манаполія – вораг канкурэнцыі і свабодных коштаў. Нават колькасць малых электрастанцыяў, якія можна падключыць у канкрэтным раёне, абмежаваная на дзяржаўным узроўні.

«Каго падключаць, каго не падключаць, вызначае камісія. Хто ў гэтай камісіі, невядома. Як яна прымае пастановы, невядома. Гэта добрая глеба для карупцыі, каб падключаць сваіх», – падкрэслівае беларускі аналітык.

Але гэтая сістэма не вечная. І калі яна знікне, у нас ужо ёсць з каго браць прыклад у энергетыцы.

Беларусь – краіна цудаў і вялікіх магчымасцяў, пакуль не зрэалізаваных. І ў нас ёсць самы важны рэсурс для развіцця – разумныя і энергічныя людзі. Адновіцца Беларусь – запрацуе і аднаўляльная энергетыка.

Дасылайце нам свае Глабальныя Пытанні на @Belsatbot у Тэлеграме з пазнакай «Для Яраслава Сцешыка». Да сустрэчы роўна праз тыдзень.