Ці кончыцца Лукашэнка разам з вайной? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Украінцы контрнаступаюць. Мы назіраем пералом у вайне, а фіяска пуцінскай агрэсіі непазбежнае або казаць пра гэта заўчасна? Ці сапраўды расейскі народ масава падтрымлівае вайну? Што будзе з Пуціным і Лукашэнкам у выніку іхнай паразы?

Адказы на гэтыя пытанні – у першым у новым тэлесезоне выданні «ПраСвету» з Сяргеем Пелясою і ўкраінскімі аналітыкамі Яўгенам Магдам і Тарасам Чмутам. Таксама прагучаць думкі расейскіх апазіцыйных палітыкаў ды экспертаў, якіх мы запісалі на Кангрэсе Свабоднай Расеі. Між іншага, інтэрв’ю з Гары Каспаравым.

Чаму Святлана Ціханоўская сустрэлася з Аляксеем Арэстовічам? Інтэрв’ю з Яўгенам Магдам

Украінcкія войскі вызваляюць сваю тэрыторыю, акупаваную расейцамі. На ўсход ад Харкава яны прасунуліся на 20 км на поўдні, у ваколіцах Херсону. У той жа час расейцы за апошнія месяцы захапілі некалькі кіламетраў украінскай тэрыторыі. Інтэрв’ю з Яўгенам Магдам, дырэктарам украінскага Інстытуту сусветнай палітыкі.

Большасць расейцаў за вайну?

Падчас Кангрэсу свабоднай Расеі, які прайшоў у Літве, мы пацікавіліся ў яго ўдзельнікаў, як яны ацэньваюць настроі ў расейскім грамадстве і ці блізкія да праўды звесткі дзяржаўных сацыялагічных апытанняў аб падтрыманні расейцамі вайны супраць Украіны. Іхныя меркаванні – далей у нашым сюжэце.

Ці разумеюць расейцы, што ідзе вайна? Інтэрв’ю з Гары Каспаравым

Вызваленне Расеі ад пуцінскага рэжыму пачнецца з падняцця ўкраінскага сцяга над Севастопалем, лічыць Гары Каспараў – расейскі шахматыст і апазіцыйны палітык. Ці разумее расейскае грамадства, што ідзе вайна і што ідзе яна для Расеі кепска? Падрабязней – у інтэрв’ю.

Лукашэнка і Пуцін – разам пад трыбунал

Мінае 200 дзён адкрытай вайне Расеі супраць Украіны. Увесь гэты час з крамлёўскім дыктатарам побач нязменны хаўруснік, сусед і малодшы брат Лукашэнка. Як змяніліся іхныя стасункі і ці змяняліся ўвогуле цягам гэтых дзён? Больш – у сюжэце Надзеі Бельскай.

 Украіна вядзе контрнаступ на поўдні і на ўсходзе. Гэта пералом у вайне?

Ці назіраецца з боку Беларусі рыхтаванне да наступу? Інтэрв’ю з Тарасам Чмутом, украінскім вайсковым аналітыкам, кіраўніком фонду «Вярніся жывым».

Ці кончыцца Лукашэнка разам з вайной?

Аляксандр Лукашэнка – суўдзельнік Уладзіміра Пуціна ў агрэсіі супраць Украіны. Хаця войска, кантраляванае дыктатарам, наўпрост не ўдзельнічала ў вайне. У выніку ўкраінскіх аперацыяў на поўдні і на ўсходзе перспектыва паразы рэжыму Пуціна і вызвалення акупаваных земляў ужо ў наступным годзе выглядае цалкам рэальнай. Ці з’явіцца тады ў беларускага народу шанец вырвацца з кіпцюроў Расеі, а пад Лукашэнкам загойдаецца крэсла? Разбіралася Вольга Міцкевіч.

Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum