Беларусы пад ударам тэрарыстаў


Трагічная гадавіна – 20 гадоў таму 11 верасня адбыўся самы жудасны тэракт у гісторыі. 4 групы тэрарыстаў «Аль-Каіды» захапілі авіялайнеры і скіравалі іх на стратэгічныя аб’екты Злучаных Штатаў, у тым ліку вежы-блізняты Сусветнага гандлёвага цэнтру.

«У адзін момант загінулі грамадзяне 92 дзяржаваў, каля 3 тысячаў чалавек. Былі разбураныя два карпусы будынкаў Сусветнага гандлёвага цэнтру, адно крыло Пэнтагону, 4 станцыі нью-ёркскай падземкі», – пералічвае Аляксандр Брас (Залатароў), аўтар кніг пра тэрарызм і спецслужбы.

Яшчэ адзін самалёт мог трапіць у Капітолій ці Белы Дом, але ўпаў у полі. Увесь свет перакуліўся. Злучаныя Штаты і саюзнікі ўварваліся ў Афганістан, дзе талібы хавалі тэрарыстаў з «Аль-Каіды». Пра «Талібан» было «Глабальнае пытанне» 17 жніўня.

І толькі цяпер амерыканцы вывелі войскі з Афганістану, а прэзідэнт Байдэн загадаў рассакрэціць усе дакументы пра 11 верасня.

Той крывавы тэракт адбіўся і на беларусах, бо за два дні да яго ў нас прайшлі прэзідэнцкія выбары. Тады зноў перамог Лукашэнка – з выбарчымі фальсіфікацыямі і пратэстамі на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы. Аднак увесь свет заняўся барацьбой з тэрарызмам. Але што такое тэрарызм, і навошта здзяйсняюць тэракты?

«Пасыл для таго, каб стварыць напружанне, тое, што мы называем дэстабілізацыяй, гэта неабходнасць таго боку, які здзяйсняе тэракт, прымусіць органы кіравання прыняць тыя ці іншыя рашэнні на карысць тых, хто ажыццяўляе ці арганізуе акт», – тлумачыць былы кіраўнік Галоўнага следчага ўпраўлення СБУ (2014–2017) Васіль Воўк.

«Гэта акт палітычнага гвалту супраць кароткатэрміновай ахвяры з мэтаю насаджэння страха ў грамадстве. Каб дасягнуць палітычных зменаў ці захаваць існы стан рэчаў», – кажа Аляксандр Брас.

Запомніце гэтую фармулёўку.

Пісьменнік Аляксандр Брас, аўтар кніг пра гісторыю тэрарызму і контртэрарызму, жыве ў ізраільскім горадзе Нэшэр. Ён нагадвае, што Сусветны гандлёвы цэнтр ужо быў мішэнню ісламістаў з «Аль-Каіды». У 1993 годзе тэрарыст Рамзі Юсэф узарваў мікрааўтобус з выбухоўкай у падземным гаражы будынку. Тады загінулі 6 чалавек, каля 1000 атрымалі раненні.

«Ён разлічваў, Рамзі Юсэф, што паўночная вежа абваліцца на паўднёвую вежу і пахавае ўсіх, хто там быў», – узгадвае Аляксандр Брас.

Яшчэ раней атаку на Сусветны гандлёвы цэнтр планаваў венесуэльскі камуністычны тэрарыст Ілліч Рамірэс Санчэс, вядомы як Карлас «Шакал».

«У 1991 годзе лонданскай газеце «Эль-Хаят», якую выдавалі ў Лондане на арабскай мове, ён даў інтэрв’ю, дзе распавёў, што планаваў захапіць пасажырскі самалёт і скіраваць яго на Сусветны гандлёвы цэнтр», – распавядае Аляксандр Брас.

Тэрарызмам могуць займацца і радыкальныя групоўкі, і адзіночкі – як нарвежац Андэрс Брэйвік. І цэлыя дзяржавы на чужой тэрыторыі. У 2014 годзе, калі Расея гібрыднымі сіламі спрабавала захапіць не толькі Данецк і Луганск, але і Харкаў, Херсон, Днепрапятроўск і Адэсу, па ўсёй Украіне пракацілася хваля тэрактаў рознай формы.

«Кірунак быў адзін – гэта мусілі быць выбухі, стральба, падпалы ў грамадска значных месцах. Вялікія гарады – Кіеў, Днепр, Харкаў», – прыгадвае Васіль Воўк.

Украіна распачала антытэрарыстычную аперацыю, а ДНР і ЛНР прызнала тэрарыстычнымі арганізацыямі. Былы кіраўнік Галоўнага следчага ўпраўлення Службы бяспекі Украіны прыгадвае статыстыку з сакавіка да снежня 2014 года: «1907 крымінальных вытворчасцяў былі звязаныя з расследаваннем ці то тэрарыстычных актаў, ці то дзеянняў тэрарыстычнай скіраванасці. 670 чалавек былі пад падазрэннямі, ім было паведамлена пра падазрэнні. Сотні чалавек былі арыштаваныя ці затрыманыя».

Падчас Маршу еднасці ў Харкаве ў 2015 годзе адбыўся тэракт. Спрацавала супрацьпяхотная міна на радыёкіраванні. Пазней Расея выменяла тэрарыстаў на ўкраінскіх ваеннапалонных. Мішэнямі тэрактаў былі таксама заўважныя людзі.

«У першыя дні вайны быў забіты афіцэр СБУ Білічэнка – гэта быў тэрарыстычны акт. Гэта трэба было паказаць працаўнікам «Альфы», якія першыя пайшлі разам з дабрабатамі ды іншымі падраздзяленнямі Узброеных сілаў, паказаць, што не трэба абараняць краіну, што гэта небяспечна, запужаць нашых жаўнераў, нашых байцоў», – тлумачыць Васіль Воўк.

Затое ў Крыме пасля анексіі не праходзіць і месяца, каб ФСБ не знайшла ячэйку тэрарыстаў – або праўкраінскіх, або тых, каго прызначылі «ісламістамі», то бок крымскіх татараў. «Глабальнае пытанне» – чый Крым? – было 24 жніўня.

«Крымскія татары, большасць з іх, амаль усе – абвінавачаныя ў тэрарызме. Іх судзяць у Растове-на-Доне, там ёсць адмысловы ваенны суд, які гэта разглядае», – распавядала Марыя Томак, удзельніца стварэння медыйнай сеткі «Крымская платформа».

«Захоўванне ўкраінскага сцяга – экстрэмізм, падрыхтоўка да тэрарызму. Знайшлі некалькі патронаў ад паляўнічай стрэльбы – падрыхтоўка да здзяйснення тэракту на замову ўкраінскіх спецслужбаў», – распавядае Васіль Воўк пра звычайныя крымінальныя справы, распачатыя расейскімі спецслужбамі ў Крыме.

Расейскія спецслужбы проста прынеслі ў Крым уласную практыку з Каўказу, кажа старшыня праваабарончага цэнтру «Мемарыял». Апошнія гадоў дваццаць уся Расея кіраваная ў рэжыме «антытэрору».

«Увосень 1999 года Другая чачэнская вайна, якая пачыналася, як контртэрарыстычная аперацыя, яна паслужыла зʼяднанню грамадства вакол Пуціна, тады яшчэ прэмʼер-міністра, перамозе будучай »Единой России» на выбарах у парламент, а потым перамозе Пуціна на прэзідэнцкіх выбарах», – прыгадвае Аляксандр Чаркасаў, старшыня праваабарончага цэнтру «Мемарыял» (Расея).

У верасні 1999 года ў расейскіх гарадах Буйнакску, Маскве і Валгадонску былі ўзарваныя жылыя дамы. Загінулі 307 чалавек. У Разані пільны жыхар заўважыў, як падазроныя людзі носяць мяхі ў падвал, і выклікаў міліцыю. Жыхароў эвакуявалі, а ў падвале знайшлі выбухоўку – гексаген, а таксама дэтанатар і гадзіннікавы механізм. Дырэктар ФСБ Мікалай Патрушаў заявіў, што гэта былі вучэнні.

«Калі гэта быў тэракт, то нам супрацьстаіць хітры, наглы і крыважэрны праціўнік», – заявіў тады прэмʼер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін, былы кіраўнік ФСБ.

Кніга-расследаванне гэтых тэрактаў, «ФСБ узрывае Расею», была прызнаная экстрэмісцкай.

Перамога Уладзіміра Пуціна перакрэсліла Лукашэнкавы планы зрабіцца кіраўніком Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, дзеля чаго ён і пачынаў усю інтэграцыйную гульню з Барысам Ельцыным.

А ў Расеі кожны наступны тэракт станавіўся нагодай то абмяжоўваць працу журналістаў, то адмяняць непасрэдныя выбары. Спецслужбы атрымлівалі ўсё больш паўнамоцтваў, але, напрыклад, выбуху ў піцерскім метро ў 2017 годзе не перадухілілі.

«ФСБ упусціла тэрарыста – на тэрарыста складана паляваць. Але потым яны далі справаздачу – адносна большасці фігурантаў справы абвінавачанне, мякка кажучы, намаляванае. Падрабязны разбор справы паказвае, што там доказаў няма, або іх прынеслі з сабой», – распавядае Аляксандр Чаркасаў.

Бо ёсць план затрымання тэрарыстаў, і яго трэба выконваць. Так зʼявілася, напрыклад, справа «Сеці» – аб ячэйках маладых анархістаў ад Пензы да Беларусі.

«Справа «Сеці» гэта перадусім сфабрыкаваная з дапамогаю катаванняў крымінальная справа аб існаванні ў Расеі буйной тэрарыстычнай арганізацыі левага кірунку… Катавалі электрычнасцю, электрашокам… Следчыя, аператыўнікі казалі, што гэта не сляды ад электрашоку, гэта так клапы кусалі на адлегласці, адпаведнай адлегласці між электродамі шокера. І, наколькі я памятаю, суд прыняў гэты аргумент», – распавядае Аляксандр Чаркасаў.

Затое сапраўдных тэрарыстаў – забароненую ў Расеі групоўку «Талібан» – афіцыйная Масква прызнала партнёрамі, і Расея падтрымлівае фармаванне ў Афганістане талібскага ўраду з удзелам этнічных групаў.

«Талібы прадэкларавалі, што будуць менавіта такі ўрад ствараць. Мы іх да гэтага заахвочваем», – заявіў міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў.

У Беларусі тэрарыстаў звычайна шукаюць сярод апазіцыі і перад выбарамі. У 2006-м КДБ нібыта затрымаў біятэрарыста, які планаваў атруціць ваду ва ўсім Менску, але неўзабаве арыштант знік.

«Каб атруціць насельніцтва, трэба было злавіць пацука, забіць, кінуць у вядро з вадой. Хай два тыдні ён там гніе. Тады ўжо – гатовая атрута», – распавядаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачання «тэрарыст».

У 2010-м перад выбарамі за падрыхтоўку тэракту судзілі ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча. Справа развалілася, і скончылася 5 гадамі турмы за захоўванне пяці паляўнічых патронаў. Мінула 15 гадоў – і Аўтуховіч зноўку палітвязень, абвінавачаны ў тэрарызме…

Але пасля выбараў адбыўся сапраўдны тэракт – выбух у менскім метро ў красавіку 2011 года.

Тады загінулі 15 чалавек, больш як 400 былі параненыя. Аляксандр Лукашэнка асабіста наведаў месца выбуху, калі там яшчэ ляжалі целы. Праз дзень пасля тэракту Лукашэнка абвесціў, што справа раскрытая. Яшчэ да суда ён назваў выканаўцамі маладых рабочых. Гэта былі Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Праз паўгода пасля затрымання іх асудзілі, праз чатыры месяцы пасля выраку – расстралялі.

«У 2011 годзе сфармаваўся цэлы шэраг расследвальных групаў, якія кантачылі між сабой, і ўзаемадзейнічалі, і дзяліліся інфармацыяй… Для нас гэта выглядала, як на замову ўладаў спецслужбы падрыхтавалі аперацыю і яе ажыццявілі… Не стыкавалася ўсё – і час, і людзі, і ўсё, што дэкларавалі ўлады. А калі зʼявілася відэа з камераў назірання, што хтосьці заносіць-выносіць нейкія вялізныя торбы праз службовы ўваход, і балістычная экспертыза паказала, што ўсё не так, як трактуюць улады, вуглы разлёту не такія, як яны кажуць», – прыгадвае стратэгічны дырэктар CREATIVE POLITICS HUB Мікалай Халезін.

Паводле афіцыйнай версіі, складаны тэракт са складанай выбухоўкай зладзілі маладыя людзі, якія ніколі не цікавіліся ніякай палітыкай. Падчас разгляду матэрыялаў справы ўсплыло шмат падазроных недарэчнасцяў следства.

«Ператрусы, якія яны праводзілі, праводзілі даволі сумнеўна, не пакідаючы дакументаў аб ператрусах. Людзі, якія фігуруюць у справе, застаюцца пад аховай КДБ, іхныя семʼі. Сведкі таксама зніклі», – абураўся беларускі журналіст Павел Шарамет, які тады з’ехаў ад пераследу КДБ у Маскву.

Знік, напрыклад, адбітак пальца Канавалава з базы спецслужбаў. І былі дзіўныя сувязі з ранейшым тэрактам.

«2008 год – выбух у цэнтры Менску на свяце Незалежнасці. Я дакладна ведаю, што следчая брыгада МУС у якасці асноўнай версіі распрацоўвала версію прыналежнасці спецслужбаў, звязаных з Віктарам Шэйманам. Шукалі доказы, і ўсе ніткі вялі ў бок Шэймана. Бо тады ішла барацьба сілавых структураў, і хтосьці мог скарыстацца тэрактам, каб уздзейнічаць на прэзідэнта Лукашэнку», – заяўляў у 2011-м Павел Шарамет.

Віктар Шэйман – былы кіраўнік Упраўлення справамі Лукашэнкі, які ад пачатку выконваў ягоныя спецдаручэнні.

Але афіцыйная версія тэракту ў метро: спроба дэстабілізацыі абстаноўкі ў Беларусі.

«Камусьці не падабаецца лад жыцця і мадэль беларускага грамадства, беларуская структура бяспекі, і яны зацікаўленыя на фоне іншых абʼектыўных зменаў пагоршыць становішча, пасеяць найперш страх, паніку і недавер да праваахоўнікаў, следчых, органаў улады», – тлумачыў асноўную версію старшыня КДБ (2008–2012) Вадзім Зайцаў.

Сёлета ў студзені выданне «EUobserver» апублікавала аўдыёфайл праслухоўвання ад 2012 года, дзе чалавек з голасам Вадзіма Зайцава загадвае сярод іншага ўзарваць журналіста Паўла Шарамета. Экспертыза пацвердзіла, што гэта сапраўды быў старшыня КДБ. Павел Шарамет загінуў у Кіеве ў 2016 годзе. Бомба была закладзеная ў машыну.

А беларускі КДБ цяпер рэгулярна дадае ў спіс тэрарыстаў і тэрарыстычных арганізацыяў дзеячаў беларускай апазіцыі, кшталту блогера Антона Матолькі ці ўдзельніцы прэзідэнцкіх выбараў Святланы Ціханоўскай.

На сёння ў дакуменце КДБ 44 прозвішчы беларускіх грамадзянаў. У выніку працы спецслужбы Беларусь стала хіба што сусветным лідарам у колькасці тэрарыстаў на душу насельніцтва.

Наступнае «Глабальнае Пытанне» выйдзе ў эфір у нядзелю 19 верасня.

Калаж з фота: Igor Onuchin / TASS / Forum