Як беларус рабіў кактэйлі Молатава для тэрытарыяльнай абароны


Беларус застаўся ў Кіеве, каб дапамагаць сваім суседзям

Беларускі PR-менеджар Глеб Пакаціла пасля жніўня-2020 уцёк ад рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі і атрымаў міжнародную абарону ва Украіне. Пачатак вайны Глеб сустрэў у Кіеве. Спачатку хацеў выехаць у больш бяспечнае месца, але, пабачыўшы вялізныя аўтамабільныя заторы, перадумаў. Пастанавіў, што ў першую чаргу мусяць выязджаць жанчыны з дзецьмі, а таксама людзі сталага ўзросту, і застаўся ў горадзе. Даводзілася начаваць з суседзямі ў бамбасховішчы, бо ў кватэры спаць было небяспечна.

«Людзі пастаянна жылі ў рытме «ўверх-уніз». Грэчку паставіў [варыцца. – Belsat.eu], сірэна – уніз пабег. Сірэна скончылася – пайшоў выключаць грэчку», – распавядае Глеб пра жыццё ў першыя дні вайны.

Нашаму герою даводзілася стаяць у чарзе ў краму па харчы, калі навокал гучалі сірэны паветранай трывогі. А пакуль была каменданцкая гадзіна – дапамагаць рабіць «бандэраўскі смузі» [бутэлька з гаручаю сумессю. – Belsat.eu].

«Уласцівасць украінскага народу такая: яны не робяць з сябе ахвяры абставінаў, яны свядома ахвяруюць сабой, каб абараніць сваю зямлю», – кажа Глеб.

Як гэта – жыць пад варожымі бомбамі? Ці магчыма звыкнуцца з сігналамі паветранай трывогі? Як людзі праяўлялі сваю салідарнасць?

Аўтарскі цыкл «Рэпартаж Дудзінскага: Людзі вайны» распавядае пра жыццё ў зоне баявых дзеянняў. Дзяніс Дудзінскі сустрэнецца з беларусамі, якія падтрымалі Украіну ў яе змаганні з расейскімі акупантамі, пакажа партрэты людзей, якія воляю лёсу апынуліся ў сітуацыі выпрабавання вайною.