Украіна закрывае неба для расейскай авіяцыі. «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Украіна закрывае неба для расейскай авіяцыі

Украінскія вайскоўцы знішчылі першы расейскі гелікоптар пры дапамозе брытанскага зенітна-ракетнага комплексу «Starstreak» Засваенне такой зброі вызначыла сур’ёзныя змены ў дзеяннях расейскай авіяцыі і значна дапамагло Украіне ў абароне сваіх наземных аб’ектаў. Як цяпер выглядае расклад сілаў у небе над Украінаю – і якое значэнне будзе мець падтрыманне з паветра ў наступе на Данбасе, рыхтаваным расейскімі акупантамі? Адказ шукаў Зміцер Міцкевіч.

Беларусы ўцяклі з-пад расейскай акупацыі ва Украіне

Згвалтаваныя жанчыны і дзеці, сотні катаваных і забітых – гэткі след на ўкраінскай зямлі пакінуў «русский мир». Кадры з невялікага гораду Бучы абляцелі ўвесь свет. Але самае горшае яшчэ наперадзе, папярэджваюць у Генпракуратуры Украіны, з увагі на сітуацыю ў пасёлку Барадзянка, што знішчаны амаль цалкам. Матэрыял Надзеі Бельскай.

Не пусціў оркаў у Кіеў. Як загінуў беларус, абараняючы Бучу?

Змагаўся за Украіну і для лепшай будучыні Беларусі. У Кіеве развіталіся з байцом Батальёну Кастуся Каліноўскага з пазыўным «Літвін», які загінуў у першыя тыдні вайны, пры абароне гораду Буча. Ён – першая страта сярод беларускіх добраахвотнікаў. Зладзіць цырымонію атрымалася толькі цяпер, калі ваколіцы ўкраінскае сталіцы вызвалілі ад расейскіх войскаў. Іх адступленне адкрыла свету страшную праўду пра гвалт і масавыя забойствы мірных жыхароў. Падрабязней – Юлія Лабанава.

Скончваецца перыяд ліберальнай гегемоніі. Інтэрв’ю з палітолагам Катажынай Пісарскай

Францыя, Сербія, Вугоршчына. Ці Віктар Орбан зможа заблакаваць новыя санкцыі Еўразвязу супраць Расеі? Як еўрапейскія выбары ўплываюць на падтрыманне Украіны? Інтэрв’ю Аліны Коўшык з прафесаркай Катажынай Пісарскай, сузаснавальніцай польскага Фонду Казімежа Пуласкага.

Перамогі сяброў Пуціна

Прэм’ер-міністр Вугоршчыны Віктар Орбан заявіў, што запрасіў Пуціна ў Будапэшт на мірныя перамовы. Паводле Орбана, у іх маюць паўдзельнічаць лідары Нямеччыны і Францыі, а таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. У Офісе ўкраінскага прэзідэнта словы гэтыя назвалі – «медыйным хайпам». Характэрна, што ў дзень тэлефоннай размовы Орбана і Пуціна венгерскае мзс выклікала амбасадара Украіны і адзначыла нібыта абразлівыя ўкраінскія заявы ў дачыненні пазіцыі Будапэшту наконт вайны. Важна яшчэ і тое, што гэтае тэлефанаванне адбылося пасля перамогі партыі Орбана на парламенцкіх выбарах. Але гэтым тыднем тое была не адзіная перамога прыхільнікаў Пуціна ў Еўропе. Прэзідэнт Сербіі Александар Вучыч пераабраны на другі тэрмін. Святлана Аўчарова.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «ПраСвет» у профілях у Facebook і «Одноклассниках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Russian Defence Ministry / TASS / Forum