Як адмiн дваровага тэлеграм-каналу ўцякаў з Беларусi


У праграме «Беларускі свет» даведаемся, ці складана пачаць з нуля новае жыццё ў чужой краіне: гісторыя беларусаў, якія праз пераслед апынуліся ў Польшчы і Латвіі.

Невядомыя спецслужбы разам з работнікамі Міністэрства надзвычайных сітуацыяў з сякерамі ў руках прыйшлі да сям’і з Прылукаў праводзіць ператрус. Бародзічы вырашыла дзверы сілавікам не адкрываць.

– «У нас следчае мерапрыемства?»

– «Датычна чаго?»

–«Мы вам не скажам. Толькі пасля таго, як зойдзем у кватэру».

– «У кватэру я вас не пушчу», – узгадвае той дзень Алег Бародзіч.

Пасля чатырохгадзіннага тэрору з боку сілавікоў сямʼя Бародзічаў з малалетняю дачкой праз Украіну ўцякла ў Польшчу. Запатрабаваныя спецыялісты, Бародзічы хутка ўладкаваліся на працу ў Беластоку, дзе цяпер і жывуць.

«Мы будзем думаць, што далей. У першую чаргу, гэта будзе датычыць нашага дзіцяці. Далей будзем старацца браць іпатэку і набываць сваё жытло. Атрымліваецца, я буду сістэмным адміністратарам у інтэрнэт-правайдара. Заробак пакуль невялікі, але я яшчэ мовы не ведаю. Вядома, яшчэ трэба будзе падвучыцца, але для мяне як для інжынера гэта не пытанне», – кажа Юлія Бародзіч.

Ейны муж Андрэй таксама ўжо ўладкаваўся на працу ў адну з лагістычных кампаніяў у Беластоку:

«Спачатку было жаданне вярнуцца ў Беларусь, калі ўсё сціхне. І надзея не памірае, што Беларусь стане цывілізаванай краінай, з дэмакратычнымі каштоўнасцямі. Тры месяцы таму я і ўявіць не мог, дзе апынуся. Мне Беласток вельмі спадабаўся, узровень жыцця мяне сапраўды здзівіў. Нейкі дысананс паміж тым, што апавядаюць у Беларусі і што насамрэч у Польшчы. Прорва ўжо двухразовая, калі не большая», – дзеліцца Андрэй Бародзіч.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Бацька чатырох дзяцей з Добрушу пасля пагрозаў, што за палітычную актыўнасць забяруць дзяцей, вымушаны з сямʼёй пераехаць у Латвію.
  • Малады беларускі рэжысёр Мікіта Ільінчык паставіў спектакль у Тэатры на Малай Броннай у Маскве.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:05. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu