Беларусь застанецца пад расейскім уплывам і пасля ўкраінскай перамогі? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Што рабіць, каб Беларусь не засталася пад расейскім вайсковым ботам і пасля перамогі Украіны? Ці не спрабуюць на Захадзе замесці пад дыван беларускую праблему? Як выглядаюць дачыненні кабінету Святланы Ціханоўскай з украінскімі ўладамі?

Святлана Ціханоўская: Мы рыхтуем нашых партызанаў

Святлана Ціханоўская на Варшаўскім форуме бяспекі заявіла, што «беларусы зноў уключацца ў дыверсіі на чыгунцы і перадаванне інфармацыі ўкраінскай арміі». Такая заява прагучала пасля прызнання Аляксандрам Лукашэнкам удзелу ў вайне Расеі супраць Украіны. Ціханоўская правяла сустрэчы з лідарамі Польшчы, дзе пачаўся працэс фактычнага прызнання ейнага пераходнага кабінету. У апошні дзень візіту ў Варшаву Святлана Ціханоўскую ўступіла ў спрэчку з вядомым амерыканскім журналістам, які вёў дыскусію аб праблемах Беларусі. Больш падрабязна – у рэпартажы Вольгі Міцкевіч.

Святлана Ціханоўская эксклюзіўна для тэлеканалу «Белсат» адказала на пытанне Сяргея Пелясы пра прагрэс у дачыненнях пераходнага кабінету з украінскім урадам.

Што рабіць, каб Беларусь не засталася пад Расеяй пасля перамогі Украіны? Інтэрв’ю з Франакам Вячоркам

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай у інтэрв’ю Сяргею Пелясу распавядае, ці ёсць рызыка, што дзяржавы Еўразвязу перастануць выдаваць беларусам візы. Таксама ў размове пра тое, ці цікавая Беларусь на Захадзе, – пра пачатак прызнання альтэрнатыўнага беларускага ўраду, пра тое, ці ёсць давер у дачыненнях з Украінай. Франак Вячорка лічыць, што варта чакаць сустрэчы Святланы Ціханоўскай з Уладзімірам Зяленскім. Ці запросіць Ціханоўская міратворчую місію ААН у Беларусь, калі тое спатрэбіцца?

Клаўнада для Пуціна. Кадыраў адправіць сваіх дзяцей на смерць?

Рамзан Кадыраў можа накіраваць сваіх дзяцей на вайну. Кіраўніку акупаванай Ічкерыі сёння спаўняецца 46 гадоў. Уладзімір Пуцін зрабіў яму адмысловы падарунак – надаў званне генерал-палкоўніка. Кадыраў – фігура адыёзная. Усё, чаго ён ні кранецца, ператвараецца ў золата, – не важна, якім коштам. Небывалы талент, зразумела, распаўсюджваецца і на дзяцей Рамзана. Яны добрыя настолькі, што ім прыйшоў час ваяваць ва Украіне, пра гэта нядаўна заявіў сам Кадыраў. Адзін з сыноў зрабіўся пераможцам турніру па боксе, не выйграўшы бою. Як такое можа быць? У сюжэце Надзеі Бельскай.

Балтыйскія краіны – цэль Пуціна пасля Украіны?

Ваенная дапамога Літве ад ЗША вырасла да 141 млн долараў, пра гэта 4 кастрычніка заявіла амерыканская амбасада. Пакет дапамогі прызначаны для ўзмацнення стрымлівання і абараназдольнасці літоўскага войска супраць расейскай пагрозы. Таксама гэтыя грошы павінны дапамагчы краіне папоўніць ваенны патэнцыял, якім Вільня падзялілася з Украінаю. Прыблізна такую ж суму ў межах праграмы замежнага вайсковага фінансавання ад ЗША атрымае і Эстонія. Але наколькі высокая пагроза расейскай агрэсіі ў рэгіёне Балтыйскага мора? Як да яе рыхтуюцца ў Таліне, Рызе і Вільні? Далей у сюжэце Святланы Аўчаровай.

belsat.eu