Ці Захад спыніць Лукашэнку на сваёй мяжы? «ПраСвет» з Алінаю Коўшык


Ці баіцца Еўропа Лукашэнку? І чаму Украіна павінна падтрымаць змены ў Беларусі? Адмысловае выданне «ПраСвету» з Алінаю Коўшык з Варшаўскага форуму бяспекі.

Тэмы праграмы:

Лукашэнку патрэбныя смерці мігрантаў на мяжы

Цяпер гэта пытанне нумар адзін. Гібрыдная агрэсія Лукашэнкі пры падтрыманні Крамля выходзіць на парадак дня міжнародных структураў і краінаў Заходняй Еўропы. Чаму нешаблонныя рашэнні даюцца так цяжка? Што перашкаджае арганізацыям кшталту ААН ці Рады Еўропы рэагаваць хутка? Ці гатовы Лукашэнка на правакацыі на мяжы? І галоўнае – як яго спыніць? На Варшаўскім форуме бяспекі адказаў шукаў Зміцер Міцкевіч.

Інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай

Памятайце, у чым прычына міграцыйнага крызісу на мяжы. Гэтыя словы Святлана Ціханоўская паўтарае на кожнай сустрэчы з замежнымі палітыкамі. Ці зробіцца праблемаю міграцыйны крызіс і для Лукашэнкі? Пра гэта на Варшаўскім форуме бяспекі Аліна Коўшык паразмаўляла са Святланай Ціханоўскай, лідаркай дэмакратычнай Беларусі.

Крэсла без Лукашэнкі

У Еўрапарламенце заклікалі да трыбуналу над Лукашэнкам. Беларускі дыктатар мусіць адказаць перад міжнародным крымінальным судом за катаванні беларусаў, пагрозы паветранай бяспецы і выкарыстанне міграцыйнага крызісу. Выйсця з крызісу ды новых падыходаў да гэтай сітуацыі шукалі ўдзельнікі Варшаўскага форуму бяспекі. Якой будзе палітыка Еўраатлантычнага альянсу ў дачыненні Беларусі? Альбо, можа, Захад абмяжуецца санкцыямі і закрыццём межаў? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Чаму Уладзіміру Зяленскаму варта запрасіць Святлану Ціханоўскую

Пакуль украінскія палітыкі не спяшаюцца разрываць сувязяў з так званым афіцыйным Менскам, усё часцей гучаць меркаванні, што Кіеў на гэтым губляе больш за Беларусь. Інтэрв’ю з Ганнай Гапко, былой кіраўніцай Камітэту замежных справаў Вярхоўнай Рады Украіны, а цяпер прэзідэнткай міжнароднай канферэнцыі «Дэмакратыя ў дзеянні».

Міхэіл Саакашвілі: Я фактычна з’яўляюся асабістым вязнем Пуціна

Міхэіл Саакашвілі прыехаў у Грузію не для таго, каб сесці ў турму, а нібыта з цвёрдай надзеяй, што ў краіне адбудзецца дзяржаўны пераварот. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Грузіі Іраклі Гарыбашвілі. Менавіта таму, на думку прэмʼера, Саакашвілі заехаў у краіну не адкрыта і легальна, а ўпотай. У зʼяўленні экс-прэзідэнта Грузіі ў Тбілісі, яшчэ і напярэдадні выбараў, дагэтуль больш пытанняў, чым адкАзаў. Скласці ўсе часткі пазлу паспрабавала Святлана Аўчарова.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота на прэв’ю: Aleksiej Witwicki / Forum