Чаму мы будзем цэлямі для ракетных удараў?


«Зато мы делаем ракеты и перекрыли Енисей». Была такая песня ў савецкія часы, яна сімвалізавала ўніверсальны адказ на нязручныя пытанні: чаму мы так кепска жывём і нічога не можам сабе дазволіць? Вітаю, спадарства, з вамі Яраслаў Сцешык, а на «Белсаце» – «Глабальнае пытанне». І нашая сённяшняя тэма – ракеты як зброя і як частка мірнага прагрэсу.

Пра ракетную зброю ў Беларусі цяпер гавораць усе. Бо да нас упершыню за часы незалежнасці прыбыло столькі расейскіх войскаў і ўпершыню – столькі зброі.

«Колькасць расейскіх і беларускіх войскаў, што з’явяцца там сумарна, не нясе глабальнай пагрозы для дзяржаваў блоку NATO. А рэгіянальную пагрозу – нясе. Такія дзяржавы, як Літва, Латвія і Эстонія, апынаюцца пад пэўнай рызыкай», – тлумачыць Ігар Козій, эксперт Інстытуту Еўра-Атлантычнай Супрацы.

Ну і, вядома, пагрозу нападу з нашае зямлі адчувае Украіна. Жаўнеры і бранятэхніка ўжо выпальваюць беларускія палігоны ў межах расейска-беларускіх вучэнняў «Саюзная рашучасць».

«За апошнія дні мы пабачылі вялізнае перамяшчэнне расейскіх войскаў у Беларусь. Гэта найбольшае разгортванне расейскіх войскаў у Беларусі з часоў Халоднай вайны. 30 тысяч вайскоўцаў баявых падраздзяленняў, сілы спецаперацыяў, знішчальнікі Су-35, ракетныя сістэмы падвойнага прызначэння «Іскандэр» і комплексы паветранай абароны С-400», – заявіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

«Аператыўна-тактычныя комплексы, як «Іскандэр», нясуць большую пагрозу. Бо чым бліжэй яны да цэлі, тым меншы падлётны час, тым менш застаецца часу на рэакцыю сістэмаў супрацьракетнай абароны», – нагадвае вайсковы эксперт Алег Жданаў.

Прымаючы ў сваім палацы расейскага міністра абароны, Аляксандр Лукашэнка выказаў просьбу прадаць гэтую тэхніку – у тым ліку ракеты «Іскандэр» і С-400 «Трыумф»:

«Практычна ўся тэхніка, якая будзе тут, мы плануем яе ў вас закупаць сёлета, у наступным годзе і гэтак далей».

Але што гэта за тэхніка?

Расейскі зенітна-ракетны комплекс С-400 «Трыумф» сваім радарам бачыць паветраныя цэлі на 600 кіламетраў і можа збіць, напрыклад, самалёт на адлегласці 400 кіламетраў. Хаця на справе С-400 добрымі вынікамі ў рэальнай баявой сітуацыі пакуль пахваліцца не можа.

«Пры нанясенні авіяўдараў, як ракетных, так і авіяцыйных, у Сірыі, нягледзячы на неаднаразовыя заявы расейскага міністра абароны Сяргея Шайгу, што неба Сірыі закрытае комплексамі С-400, эфекту ад гэтага закрыцця мы не пабачылі», – кажа Алег Жданаў.

«Кампанія «Lockheed Martin» распрацавала больш магутную ракету, здольную знішчыць С-400 з адлегласці да 500 кіламетраў. Фактычна тады, калі С-400 яшчэ не будзе бачыць гэтай ракеты», – тлумачыць Ігар Козій.

Аператыўна-тактычны комплекс «Іскандэр», паводле заяўленых афіцыйных звестак, б’е ў наземныя цэлі – і можа данесці выбухоўку, міны або ядравыя бомбы магутнасцю 50 кілатонаў на 500 кіламетраў. Раней Расея нашпігавала гэтым узбраеннем Калінінградскую вобласць і Крым, таму з нашай зямлі расейскія ракеты небяспечныя перадусім для самалётаў і гарадоў у Польшчы і заходняй і паўночнай Украіне. Але іншы тып ракеты дабівае да Нямеччыны, кажа былы ўкраінскі вайсковец Алег Жданаў:

«Да «Іскандэра» бяруцца 2 тыпы ракетаў. Гэта ракета найменшай дальнасці да 500 км, і можа ўжывацца крылатая ракета з дальнасцю ад 1500 км і больш. Фактычна, Расея робіць з Беларусі ўдарны фарпост супраць NATO».

«Іскандэр» – гэта не толькі добры нападнік, але і фактычна добрая цэль. Першае, што будзе знішчанае – менавіта такія аб’екты», – кажа Ігар Козій.

Лукашэнка «тармашыў» Пуціна, каб той даў «Іскандэраў», бо беларускім рэактыўным сістэмам залпавага агню «Паланэз» не ставала дальнабойнасці.

«Гэта ў пэўнай ступені паляпшэнне старых савецкіх сістэмаў залпавага агню «Ураган». Як правіла, іх выкарыстоўваюць для знішчэння плошчавых цэляў. Гэта і калоны, і жывая сіла», – распавядае пра «Паланэз» эксперт Інстытуту Еўра-Атлантычнай Супрацы.

«Калі раней яна лічылася рэактыўнай артылерыяй вялікай магутнасці дальнабойнай, то цяпер я б аднёс дальнасць 200 км да тактычнай і аператыўна-тактычнай глыбіні», – кажа Алег Жданаў.

У залежнасці ад тыпу ракетаў, «Паланэз» б’е толькі на 200-300 кіламетраў. Таму цяпер гразіць суседзям будуць расейскія ракеты.

«Небяспека ў тым, што расейцы могуць захацець пакінуць гэтую зброю пад кантролем расейскіх вайскоўцаў, цалкам ці часткова. І фактычна гэта будзе стварэнне вайсковых базаў на тэрыторыі Беларусі», – нагадвае Андрэй Ягораў, аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі.

Сапраўды, у Беларусі могуць неўзабаве з’явіцца новыя супольныя з Расеяй вучэбна-баявыя цэнтры. Фактычна расейскія вайсковыя базы, хоць і з іншым статусам. Такі авіяцыйны цэнтр ужо дзейнічае пад Лунінцом.

«Мы гатовыя ствараць яшчэ цэнтры, каб асвоіць і сістэмы паветранай абароны,і найноўшыя ўзоры ўзбраенняў, якія сёння ствараюцца на тэрыторыі Расеі», – угаворваў Шайгу Лукашэнка.

Лукашэнка даўно хоча мець найноўшае расейскае ўзбраенне, і сёлета паспеў папрасіць у Крамля ядравую зброю.

«Ён заўсёды хацеў, каб комплексы С-300 і С-400 размяшчаліся на тэрыторыі Беларусі, каб ядравая зброя была на тэрыторыі Беларусі», – прыгадвае Андрэй Ягораў.

«На тэрыторыі Беларусі ўжо можа быць размешчаная ядравая зброя. Бо комплекс «Іскандэр» выкарыстоўвае ядравыя боепрыпасы», – мяркуе Алег Жданаў.

На сёння ракеты, у тым ліку з ядравымі боегалоўкамі – гэта самая грозная зброя глабальных і лакальных канфліктаў. Але адкуль яны ў прынцыпе з’явіліся? Давайце хуценька зазірнем у фізіку і гісторыю.

Галоўнае адрозненне ракетаў – прынцып іх руху. Яны лятуць за кошт рэактыўнай цягі, то бок адштурхоўваюцца ад сваіх уласных часціцаў. Паліва згарае, стварае ўнутры высокі ціск. Газ выходзіць з ракетнага сапла, і гэтым штурхае корпус у адваротным ад струменю кірунку.

Рэактыўная цяга працуе і для феерверку, і для супрацьтанкавага кіраванага снараду, і для касмічных ракет-носьбітаў.

Першыя ракеты зʼявіліся ў старажытным Кітаі пасля вынаходніцтва пораху – як феерверкі для забавы і як першая ракетная зброя. У Сярэднявечную Еўропу яны трапілі як зброя мангола-татараў. Арда была даволі перадавой дзяржавай. У сямнаццатым стагоддзі нараджэнец Вялікага Княства Літоўскага вайсковы інжынер з-пад Воршы Казімір Семяновіч зрабіў ракетную навуку папулярнай, падрабязна апісаўшы калібры, канструкцыі снарадаў і прынцып дзеяння рэактыўнага рухавіка ва ўсясветна славутым трактаце «Вялікае майстэрства артылерыі». Там ёсць нават схема шматступянёвай ракеты. Падручнік на лаціне можна знайсці ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Падчас Другой сусветнай вайны гітлераўскія войскі наводзілі жах на брытанцаў, абстрэльваючы Лондан ракетамі V-1 і V-2 з французскай тэрыторыі. Тады загінулі тысячы мірных асобаў. А ў нашай ваеннай гістарыяграфіі часцей за ўсё прыгадваюць рэактыўную сістэму залпавага агню «Кацюша».

Калі скончылася Другая сусветная, прыйшоў час Халоднай вайны і касмічнай гонкі.

«Касмічныя праграмы на пачатку Халоднай вайны мелі выразны мілітарыстычны характар. Падчас Другой сусветнай вайны нямецкі навуковец Вэрнгэр фон Браўн адказваў за развіццё балістычнай зброі, напрыклад, ракет V-2», – нагадвае Павэл Фляйшэр, варшаўскі эксперт у міжнароднай бяспецы.

А праз некалькі гадоў пасля таго, як Вэрнгэр фон Браўн разам з камандай навукоўцаў здаўся ў палон амерыканцам, ён стаў адным з заснавальнікаў амерыканскай касмічнай праграмы.

Савецкі Саюз і Злучаныя Штаты спаборнічалі ў асваенні космасу, але быў час, калі супрацоўнічалі між сабой, напрыклад, у праграме «Саюз – Апалон».

А ў 1987 годзе дзве супердзяржавы падпісалі між сабой Дамову РСМД – аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці.

«Спадару прэзідэнце, прапаноўваю захаваць гэтыя асадкі. Можна нават памяняцца», – на радасцях пасля падпісання прапаноўваў прэзідэнту ЗША Роналду Рэйгану генсек ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў.

«Дамова аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці абмяжоўвала распаўсюд ракетаў з радыусам дзеяння ад 500 да 5500 кіламетраў. Гэта быў канец Халоднай вайны, і амерыканцы тады вырашылі размясціць у Заходняй Еўропе новыя ракеты «Pershing». Вядома ж, Масква таксама мела свае ракеты, якія пакрывалі ўсю Заходнюю Еўропу», – тлумачыць Павэл Фляйшэр.

Дамова РСМД дала магчымасць дээскалацыі, якая была моцна патрэбная Маскве і з эканамічных прычынаў. Было знішчана амаль 3 тысячы амерыканскіх і савецкіх ракетных комплексаў з радыусам дзеяння 500-5500 км.

Але пасля анексіі Крыму Расея зноўку стала рыхтавацца да глабальнае вайны. І менавіта «Іскандэры» сыгралі важную ролю ў разрыве дамовы.

«Прыкладна ў 2013-2014 гадах расейцы аднабакова пачалі развіваць свае ўласныя ракетныя сістэмы, што парушалі Дамову РСМД. І дэманстравалі іх выкарыстанне на палігонах з 2014 года. Злучаныя Штаты, назіраючы за расейскай праграмай развіцця ракетаў сярэдняга радыусу дзеяння, праз некалькі гадоў вырашылі аднабакова выйсці з гэтай дамовы», – распавядае Павэл Фляйшэр.

Бо які сэнс прытрымлівацца двухбаковай дамовы, якую парушае другі бок? Але ў Крамлі абвінавачваюць Злучаныя Штаты ў невыкананні пагадненняў. Амерыканскія сістэмы супрацьракетнай абароны «Aegis», размешчаныя ў Румыніі і Польшчы, Уладзімір Пуцін называе прыкрыццём для ўдарных прыладаў, нібыта для атакі на Маскву.

І гэтым апраўдвае беспрэцэдэнтнае сцягванне войскаў у Беларусь і на захад Расеі.

«Пускавыя ўстаноўкі супрацьракетнай абароны знаходзяцца ў Румыніі і ў Польшчы, ці ствараюцца, калі яшчэ не зрабілі. А там стаяць пускавыя ўстаноўкі МК-41, на якія можна ўсталяваць ракеты «Тамагаўк». То бок гэта ўжо не супрацьракета, а ўдарныя сістэмы, якія будуць пакрываць нашую тэрыторыю на тысячы кіламетраў. Хіба гэта не пагроза для нас?» – заяўляў Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з вугорскім прэм’ерам Віктарам Орбанам.

«Калі казаць пра самі базы ў Румыніі і Польшчы, яны маюць абарончы характар. І яны рэгулююцца міжнароднымі дамовамі. Амерыканцы ведаюць, што Польшча не дасць згоды на базаванне ракетаў «Тамагаўк» на яе тэрыторыі», – падкрэслівае Павэл Фляйшэр.

NATO і Злучаныя Штаты ўжо адказалі на гэтыя прэтэнзіі Пуціна наступным чынам: Злучаныя Штаты могуць даць для праверкі сістэмы супрацьракетнай абароны «Aegis» у Румыніі і Польшчы і паказаць, што «Тамагаўкаў» там няма, але Расея мусіць зрабіць тое самае на дзвюх ракетных базах на выбар ЗША.

Масква парушала Дамову аб ракетах сярэдняй і малой дальнасці яшчэ калі тая дзейнічала, але яшчэ не позна вярнуцца да перамоваў на тэму кантролю гэтых ракетаў, а таксама ядравай зброі.

Вядома ж, сёння пра ракеты кажуць перадусім у ваенным кантэксце, але, спадарства, без вынаходніцтва рэактыўнай цягі і шматступянёвых ракет-носьбітаў сёння мы б не мелі GPS – спадарожнікавай навігацыі ў сваім тэлефоне, не маглі б паглядзець на Зямлю з арбіты ці з паверхні Месяцу ды накіраваць робатаў на Марс. Без ракетаў не было б і «Белсату» – спадарожнікавага тэлебачання. І ў «Глабальным пытанні» мы яшчэ абавязкова вернемся да тэмы мірнага космасу. З вамі быў Яраслаў Сцешык, да сустрэчы.

Калаж з фота: SPUTNIK / Reuters / Forum