Маці збітага міліцыянтамі падлетка напужала сілавікоў


Нашыя карэспандэнты сустракаюцца ў Літве з Арсеніем Захарэвічам і ягонай маці Юліяй Чарных.

16-гадовага Арсенія затрымалі ў Барысаве 11 жніўня 2020 года. Яго жорстка і беспадстаўна збівалі супрацоўнікі сілавых органаў.

«Білі дручкамі па крыжы, білі па баках нагамі. Вайсковы абутак цяжкі, гэта было балюча, гэта было непрыемна. На спіне былі потым вось гэтыя шнары ад дручкоў сінія».

Падлетак спрабаваў дагрукацца да сумлення міліцыянтаў:

«Я спрабаваў выйсці з імі на нейкі дыялог, даведацца: за што? Чаму? Што я такога нарабіў, што яны так? На што адзін падняў мяне за валасы і сказаў: «А што ты добрага зрабіў для сваёй краіны?» – і ізноў мне паляцеў удар у твар…»

Мaю прaвa
Ад маладога прадпрымальніка да «спонсара тэрарызму»
2021.12.31 10:05

Увечары маці Арсенія Юлія Чарных даведалася пра затрыманне сына і зрабіла ўсё магчымае, каб прарвацца ў РАУС.

«Я адразу па хадзе, па вопратцы, якая была ўся брудная, зашмальцаваная, па тым, як ён ішоў увесь скручаны, зразумела, што яго збівалі. Першае, што я запыталася ў дзіцяці: «Сын, цябе білі?» Ён сказаў: «Так».

Барысаўскі суд прысудзіў Арсенію штраф 10 базавых. Усе намаганні прыцягнуць да адказнасці вінаватых у збіцці і катаванні Арсенія не далі вынікаў.

«22 кастрычніка дзіця прызналі вінаватым, а 26-га да нас прыйшла паперачка, што міліцыянты не падлягаюць нават адміністратыўнаму пакаранню. Значыць, дзіця вінаватае само, то бок закрылі крымінальную справу».

Мaю прaвa
Збіццё і здзекі з няпоўнагадовых у кастрычніку 2020 года
2021.11.26 19:05

На спадарыню Юлію завялі крымінальную справу за нібыта знявагу старшыні камісіі ў справах няпоўнагадовых. І сям’я вырашыла пакінуць Беларусь. Напачатку яны выехалі ва Украіну, а потым, каб падаць заяву паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, выехалі ў Літву.

«Мяне дапытвалі ў крымінальнай паліцыі. 15 снежня дапытвалі ўжо ў судзе сына. Магу сказаць, што сын прызнаны пацярпелым у гэтай справе». Сям’я Арсенія спадзяецца, што вінаватыя ў катаваннях будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Ведай свае правы. Каментар Крысціны Рыхтар

Нашая экспертка Крысціна Рыхтар – юрыстка офісу Святланы Ціханоўскай – распавядае пра парадак падачы заявы паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі ды тлумачыць, якім чынам пацярпелыя грамадзяне Беларусі могуць звярнуцца да міжнародных прававых механізмаў.

«Гісторыя ведае такія выпадкі, калі былі завершаныя крымінальныя справы, і праз дзясяткі гадоў чалавек прыязджаў у краіну, дзе была гэтая справа паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі, – ён арыштаваны і сядзіць у турме».

На цяперашні час, калі ў нашай краіне знікла законнасць, узбуджэнне справаў паводле ўніверсальнай юрысдыкцыі – адна з нямногіх магчымасцяў дамагацца справядлівага пакарання злачынцаў з сілавых структураў Беларусі.

Мaю прaвa
Забойства дзіцяці ў СІЗА
2021.12.24 19:05

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.