«Зраблю ўсё, каб вярнуцца дамоў»


Дзяніс Шматко са сваім гуртом «Lity Taler» удзельнічаў у падзеях 2020 года, з-за чаго пацярпеў і вымушаны быў з’ехаць спачатку ва Украіну, затым у Польшчу. Дзяніс дапамагаў іншым беларусам, але цяпер з-за пагаршэння стану здароўя дапамога патрэбная яму.

Дзяніс разам са сваім гуртом «Lity Taler» граў падчас маршаў, трапляў за краты. Пасля затрымання музыкаў з гурта «Irdorath» са сваімі сябрамі Дзяніс вырашыў пакінуць Беларусь. Цяпер ён у Варшаве стварае школу дудараў, ладзіць канцэрты. У яго гурце «Lity Taler» рэпрэсаваныя музыкі. Сярод іх – Васіль Ярмоленка, які быў асуджаны на тры гады «хіміі» па 342 артыкуле КК, адкуль збег.

Гісторыі
Дудар Дзяніс Шматко: дуда натхняе і гучыць па-ваярску
2022.08.21 15:55

Некалькі тыдняў таму Дзянісу прыйшлося звярнуцца да лекараў. У Дзяніса знайшлі тромб і выявілі праблемы з трыма венамі. Цяпер пад рызыкай ягоная музычная дзейнасць і нават жыццё.

«Я зараз тут у Варшаве раблю тое, што я ўмею, тое, што я магу. І я вельмі спадзяюся, што гэта нейкім чынам дапаможа нам усім перамагчы дыктатуру і ў выніку вярнуцца дахаты. Таму што да, яно тут у Польшчы добра, смачна, прыемна, інфраструктура добрая, але гэта не дом. І я не магу нават сказаць – на жаль, гэта не дом… Мой дом крышку ўсходні, і я буду рабіць усё, каб туды вярнуцца. Таму што там магіла маці, там магіла маіх дзядуль, бабуль, там бацька, там мая радня. І там мая зямля», – распавядае Дзяніс Шматко.

Дзякуючы дапамозе неабыякавых беларусаў і фонду BYSOL тэрмінова атрымалася сабраць Дзянісу неабходныя на медычную дапамогу на першы час грошы, за што ён выказвае падзяку. Цяпер Дзянісу патрэбныя сродкі на далейшае лекаванне, а таксама на магчымую будучую аперацыю і рэабілітацыю.

Калі вы хочаце арганізаваць канцэрт, дзе мог бы выступіць «Lity Taler», майстар-класы, альбо папросту падтрымаць гэты файны гурт і яго кіраўніка, звяртайцеся да нас у праграму «Беларус беларусу».

Калі вы хочаце падтрымаць Дзяніса Шматко і іншых нашых герояў – лістуйце да нас:

belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.