Што рабіць з грашыма, каб Лукашэнка не забраў


За яго гінуць людзі і змагаюцца алімпійскія атлеты. Яно можа выклікаць ліхаманку, за яго саджалі ў турму, яго носіць на сваім целе значная частка насельніцтва Зямлі. Як вы ўжо здагадаліся, я кажу пра золата. Cёння мы паглядзім на золата як на метал, як на каштоўнасць і як на спакусу дыктатараў.

Шляхетны метал, жоўты колер, залаты бляск – хто б не марыў знайсці залаты скарб? Раней, каб ведаць, дзе закапаныя скарбы, трэба было спачатку ў Купальскую ноч знайсці папараць-кветку. А цяпер ёсць металашукальнікі.

«Раптам чую – чысты сігнал. Мы пачалі капаць, бачым – штосьці жоўтае!» – хваліцца Оле Гінэруп Шыц, дацкі археолаг-аматар, які знайшоў гістарычны скарб.

Золата стараюцца набыць жыхары крызісных рэгіёнаў, напрыклад, каб вывесці маёмасць за мяжу – і беларусы прайшлі праз гэта ў гісторыі.

«У Савецкім Саюзе золата было практычна адзінай дасяжнай насельніцтву валютай. За збіранне золатавалютных каштоўнасцяў можна было атрымаць немалы тэрмін. Калі ты збіраеш золата, ты, напэўна, рыхтуешся прадаць радзіму і бегчы на Захад. Гэта была звычайная логіка рэпрэсіўных органаў СССР», – распавядае берасцейскі ювелір Уладзіслаў Абрамовіч.

Яшчэ грамадзяне купляюць каштоўныя металы, калі нацыянальная валюта хутка абясцэньваецца. Напрыклад, у Венесуэле, дзе сацыялістычная палітыка Нікаляса Мадура прывяла да гіперінфляцыі, дэфіцыту і часам нават голаду, людзі купляюць золата пра запас, а між сабой разлічваюцца доларамі ды еўрамі.

«Дзе магчыма, людзі разлічваюцца слабой валютай, каб хутчэй яе пазбыцца, і гэта венесуэльскі балівар», – тлумачыць венесуэльскі эканаміст Мануэль Сутэрлянд.

Дык можа, і беларусам варта прыгадаць гэтую практыку? Эканамісты чакаюць у 2022 годзе моцны гаспадарчы спад. Бо тады заходнія санкцыі, выкліканыя дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі, набудуць поўную моц.

Ці варта беларусам укладвацца ў золата падчас эканамічнага крызісу і інфляцыі, купляць зліткі ці ювелірныя ўпрыгожванні?

«У ювелірныя ўпрыгожванні, вядома, не – бо вы ніколі не здолееце прадаць іх хаця б за тыя ж грошы, што купілі. У найлепшым выпадку гэта будзе палова ці меней. А што да зліткаў, то гэта найлепшы варыянт, але ён цікавы для тых, хто інвестуе вялікія сумы грошай», – тлумачыць Ірына Сазановіч, удзельніца эканамічнай групы Офісу Святланы Ціханоўскай.

«У Беларусі няма рынку золата, усе аперацыі ідуць праз Нацбанк, таму тая маржа, якую можна зарабіць на золаце, зʼядаецца цяперашнімі паслугамі і падаткамі», – нагадвае прэзідэнт Навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Сапраўды, беларускае заканадаўства істотна абмяжоўвае абарот каштоўных металаў. Кошты на куплю і продаж золата выстаўляе Нацбанк, і там яны сябе не крыўдзяць, нагадвае магістарка эканамічнага кіравання Ірына Сазановіч, якая цяпер жыве і працуе ў Канадзе: «Калі вы сёння захочаце купіць 1 кілаграм золата, то вы мусіце заплаціць Нацбанку каля 151 тысячы беларускіх рублёў. А калі вы гэты самы кілаграм захочаце прадаць, то Нацбанк купіць яго толькі за 144 тысячы».

А калі купіў зліткі, то дзе іх захоўваць?

«Банкаўскія скрынкі цяпер ужо не застаюцца бяспечнымі пасля некалькіх скандалаў. Калі ў людзей скралі грошы і рэчы з іхных банкаўскіх скрынак, яны нічога не маглі зрабіць», – нагадвае Ірына Сазановіч.

Гаворка пра ператрус у «Белгазпрамбанку» у чэрвені 2020 года. Тады КДБ-шнікі шукалі сродкі, на якія былы банкір Віктар Бабарыка нібыта вядзе сваю дэструктыўную палітычную дзейнасць – спрабуе стаць прэзідэнтам Беларусі.

«Калі юрыдычныя нормы робяцца фікцыяй, напісанае адно, а атрымліваецца зусім іншае, то гэтае пытанне не да юрыстаў, тады юрысты непатрэбныя», – казаў у 2020-м годзе Максім Знак, юрыст і прадстаўнік Штабу В. Бабарыкі.

Але вернемся да золата. На пачатку зімы Нацыянальны банк Беларусі разаслаў ліст да ўсіх іншых банкаў, каб заахвоціць іх шырэй працаваць з насельніцтвам у продажы і куплі мерных зліткаў і зліткавых манетаў з каштоўных металаў. Бо не ўсе прыватныя і дзяржаўныя банкі хочуць з імі працаваць. А выпускае зліткі сам Нацбанк.

Эканаміст Яраслаў Раманчук звязвае гэтую актыўнасць з імавернасцю эканамічнага дэфолту, калі дзяржаве спатрэбяцца золатавалютныя рэзервы:

«І вось тады Нацбанк і банкі кажуць: насельніцтва, нясіце грошы, дакладней, золата, мы будзем з імі нешта рабіць. Але што яны будуць рабіць? Проста забяспечваць гэтыя аперацыі. Выцягваць грошы з кішэняў людзей».

Накапаць уласных каштоўных металаў з глебы беларуская дзяржава не можа – значных залежаў золата ў нас проста няма. І не толькі ў нас, тлумачыць дацэнт кафедры інжынернай геалогіі Адэскага ўніверсітэту Сяргей Кадурын: «Гэта элемент, які нібыта ёсць практычна паўсюль, але ў прамысловых маштабах яго вельмі няшмат».

Сярод лідараў прамысловай здабычы золата – Паўднёвая Афрыка, Расея, Канада, Злучаныя Штаты, і з нядаўняга часу Кітай. Усе ведаюць гістарычную карцінку, як залатыя крупінкі намываюць у рацэ.

«Золата – інертны метал, які не акісляецца, не ржавее, не зазнае карозіі. Па-другое, яно мае вялікую ўдзельную вагу, і таму ў самастойным выглядзе можа выпадаць пясчынкамі і збірацца ў ападках, рачных адкладаннях», – тлумачыць Сяргей Кадурын.

Але цяпер усё больш папулярная здабыча з каменю – залатой руды. Праўда, такую вытворчасць крытыкуюць эколагі, бо яна патрабуе або вельмі шмат вады, або выкарыстання высокатаксічных хімікатаў.

«Золата можа ўтвараць комплексныя злучэнні з ртуццю або з цыянідамі – цыяністым каліем і цыяністым натрыем», – распавядае геолаг.

Метад вылужнення выкарыстоўваюць цяпер на старых радовішчах, адпрацаваных традыцыйным спосабам.

«У выніку пачынаюцца экалагічныя праблемы, бо выпарванне стварае пары ртуці, што распаўсюджваюцца навокал. І праца з металічнай ртуццю не дадае здароўя навакольным. Такая ж гісторыя адбываецца з цыянідамі», – тлумачыць спецыяліст.

Асабліва моцную шкоду навакольнаму асяроддзю прыносіць саматужная золатаздабыча, бо хімікаты ліюцца бескантрольна. Але ўсе гэтыя намаганні патрэбныя не для залатых зубоў – іх час прайшоў, а перадусім для ўпрыгожанняў і інвестыцыяў.

«Золата было, бадай, першым металам, з якім пазнаёмілася чалавецтва. Яго лёгка можна было знайсці ў самародным выглядзе. І яно сталася вельмі зручным да апрацоўвання», – распавядае берасцейскі ювелір.

У прамысловасці золата выкарыстоўваюць, напрыклад, як высокаправодны метал для электронікі. Але на гэта ідзе толькі каля дзясятай часткі ўсёй сусветнай здабычы.

«Большасць здабыванага на сёння золата выкарыстоўваецца ў банкаўскай дзейнасці. З яго робіцца золата высокай ачысткі – «чатыры дзявяткі», якое называецца банкаўскім золатам… Золата – метал не столькі тэхнічны, як эканамічна важны. Бо мы ўсе дамовіліся, усё чалавецтва, што золата прынятае, як мерыва каштоўнасці», – тлумачыць Сяргей Кадурын.

Ад гэтай каштоўнасці можна згубіць галаву.

«Людзі прыносяць для стварэння ювелірнага вырабу пярсцёнкі, якія яны выпадкова дзесьці купілі ў незнаёмых людзей. Як правіла, гэта аднолькавая гісторыя: памажыце, у мяне няма грошай, трэба тэрмінова грошы, а ёсць пярсцёнак, а без пашпарту яго не прымаюць, ён каштуе 200 рублёў, вазьміце яго за 50…» – прыгадвае Уладзіслаў Абрамовіч.

Як правіла, такі пярсцёнак аказваецца бронзавым.

У нашай роднай Беларусі, на жаль, якую тэму ні вазьмі, рана ці позна трапіш на карупцыю найвышэйшага ўзроўню. Мафіёзны «спрут», звязаны з кланам Лукашэнкі, пакінуў сляды сваіх брудных шчупальцаў і на залатых злітках.

Пачнём з таго, што дзяржава падманвае ювеліраў. Увесь залаты лом, паводле законаў, прынятых ручным парламентам Лукашэнкі, ювеліры мусяць здаваць на перапрацоўванне ў дзяржаўную кампанію «Унідрагмет». Там перапрацоўваюць усе каштоўныя металы.

«Калі я праводжу аналіз залатога лому, і «Унідрагмет» праводзіць аналіз залатога лому, у нас атрымліваюцца розныя долі золата ў гэтым ломе. І кошт перапрацоўвання ў «Унідрагмеце», гэтыя грошы, якія яны пералічваюць, па сутнасці – рабаўніцкі падатак на продаж золата», – абураецца Уладзіслаў Абрамовіч.

У выніку ювеліры прадаюць золата дзяржаве на 20 % танней за біржавы кошт. Але гэтыя грошы прынамсі праходзяць праз бюджэт. Зусім іншая гісторыя – як на Сэйшэльскіх Астравах зʼявілася прыватная кампанія, што здабывала золата ў Зімбабвэ, а належала двум грамадзянам Беларусі – Аляксандру Зінгману і Сяргею Шэйману. Гэта сын Віктара Шэймана, былога кіраўніка справамі Лукашэнкі, аднаго з самых верных ягоных чыноўнікаў.

«Правы здабычы золата ў Зімбабвэ былі выдадзеныя беларускай дзяржаве, калі быў наладжаны продаж беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ. І гэта было зроблена на выпадак, калі зімбабвійскі бок не зможа аплаціць гэтую тэхніку, як належыць. Але нейкім чынам бенефіцыярам гэтай угоды стала не краіна Беларусь, а Сяргей Шэйман і сумнавядомы Аляксандр Зінгман», – распавядае Ірына Сазановіч.

Шэйман і Зінгман стварылі супольнае прадпрыемства з Зімбабвэ, дзе іхная прыватная фірма мела 70 %, а дзяржава Зімбабвэ – 30 %. У сённяшняй Беларусі ўсе дзяржаўныя страты нацыяналізуюцца, а ўсе прыбыткі прыватызуюцца, тлумачыць Ірына Сазановіч: «То бок, калі дзяржава нясе страты, то за іх плацяць усе падаткаплатнікі, а калі дзяржава атрымлівае прыбыткі, то часта яны асядаюць у кішэнях асобных людзей з атачэння Лукашэнкі».

Дый сам Лукашэнка не супраць пажыць у раскошы. Расследаванні незалежных журналістаў, у тым ліку белсатаўцаў, знайшлі дзясяткі ягоных засакрэчаных рэзідэнцыяў, дарагі верталёт і шыкоўны аўтапарк на шмат мільёнаў долараў, які зʼявіўся з хабараў ад алігархаў. А на сваім шыкоўным самалёце Лукашэнка, як любы карыкатурны дыктатар – ходзіць гадзіць у залаты туалет.

Дыктатараў чамусьці моцна цягне да золата і каштоўных камянёў. У кіраўніка Іраку Садама Хусэйна быў залаты аўтамат Калашнікава. У рэзідэнцыі прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча пасля Рэвалюцыі годнасці знайшлі не толькі калекцыю рэтра-аўтамабіляў, але і залатую сантэхніку, і залаты батон, які стаў сімвалам карупцыі клану Януковіча. А беларусаў яшчэ чакаюць падобныя сюрпрызы.

У Беларусі няма залатой жылы, затое ў нас ёсць залатыя людзі. І мы на заўжды радыя распавесці і паказаць тое, што вас цікавіць. Таму дасылайце свае «Глабальныя пытанні» у наш тэлеграм @BelsatBot з пазнакай «для Яраслава Сцешыка». Да сустрэчы праз тыдзень.

Калаж з фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum