Санкцыі амерыканскія – ціск расейскі


Як Расея праз скарачэнне паставак нафты выкручвае ўладам Беларусі рукі? Чаму ўлады не пазбягаюць рэцэсіі ды зноў гатовыя ўзяцца за мадэрнізацыю? Высвятляем у праграме «Эканоміка з Чалым».

Атрымліваецца парадокс. Нягледзячы на моцнае падзенне коштаў на нафту летась, у беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, якія галоўным чынам працуюць на ўнутраны рынак, застаецца максімальная рэнтабельнасць: на ўзроўні 20 %. Але з’яўляюцца рызыкі не толькі звязаныя з цаною на нафту. Тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:

«Гэта так званая страта выпадальных даходаў бюджэту. Плюс запланаваны быў яшчэ планавы рамонт менавіта Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Цяпер, мяркуючы з усяго, давядзецца яго загружаць па поўнай, што павялічвае знос абсталявання і гэтак далей. У мяне няма адчування, што гэта расейскія нафтавыя кампаніі баяцца амерыканскіх санкцыяў супраць «Белнафтахіму» і нашых дзевяці заводаў. Мне здаецца, што гэта проста спосаб скарыстацца падставаю боязі санкцыяў. І вярнуцца да старой спрэчкі, якая ў нас даўно вядзецца».

Беларускі бок спрабуе ўвесь час знайсці спосаб пакрыць выпадальны даход, які ўзнік праз падатковы манеўр. Напрыклад, у пачатку года быў павялічаны падатак на прыбытак для кампаніяў, якія транспартуюць, і для іх жа быў уведзены яшчэ экалагічны падатак.

«Транснафта» і яе дочкі, як, напрыклад «Захадтранснафтапрадукт», які якраз ідзе альбо ў краіны Балтыі, альбо ва Украіну, казалі пра тое, што ўмовы гаспадарання цяпер такія, што мы ледзь ці не стаім на парозе банкруцтва. Цяпер высвятляецца, што праз санкцыі раптам перамоўная пазіцыя расейскага боку рэзка ўзмацнілася. Цяпер Расея фактычна можа дыктаваць нам умовы, як сябе паводзіць».

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Адкуль расце ўнутраны доўг?
  • А таксама адкажам на пытанне сталічнага таксіста.

Belsat.eu