«Занадта вялікі кошт за размаляваныя шчыты АМАПу»


Калі і пры якіх умовах у Беларусі адвакатаў масава пазбаўлялі ліцэнзіяў за палітыку? Якія прававыя механізмы дзейнічаюць дагэтуль у Беларусі? І як цяпер працуе судовая сістэма знутры? Разбіраемся ў праграме «Шчыра кажучы».

Паводле адкрытых крыніцаў, у сярэдзіне мінулага года ў Беларусі было больш за 2100 адвакатаў і каля 400 юрыстаў-гаспадарнікаў. Яны абараняюць інтарэсы сваіх кліентаў падчас адміністратыўных, грамадзянскіх, крымінальных, а апошнім часам асабліва актуальных – палітычных справаў.

«Роля адваката цяпер – проста распавядаць сваякам, што ваш сын жывы», – кажа былы памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску Яўген Бабак.

З пачатку дэманстрацыяў у краіне затрымалі больш за 30 тысяч беларусаў, на дзень 5 красавіка палітзняволенымі прызнаныя 322 чалавекі. Для параўнання, год таму палітвязняў было трое. Падчас прэзідэнцкай кампаніі ды пасля выбараў, паводле інфармацыі нашых суразмоўцаў, толькі 200 адвакатаў рызыкнулі займацца так званымі палітычнымі справамі.

«Суддзя росчыркам пяра змяніў лінію жыцця не толькі маёй дачкі, маёй сям’і, але і сямʼі Ціхана і яго блізкіх. І тыя нашыя глыбокія душэўныя перажыванні, пакуты, бясконцая трывога і дэпрэсія, напэўна, – занадта вялікая цана за размаляваныя шчыты АМАПу», – мяркуе маці палітзняволенай Святлана Малашэвіч.

Былы памочнік пракурора Першамайскага раёну Менску Яўген Бабак, які лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі на адвакатаў спадзявацца не прыходзіцца, апавядае, што да палітычных справаў улады пачалі рыхтавацца загадзя:

«Прыкладна год таму мне паступіла прапанова стаць суддзём суда Маскоўскага раёну. Я спачатку пагадзіўся, а потым у мяне проста ў галаве ўсплыло, што гэта ж выбарчы год, куды? (…) Я ведаю суддзяў, якія далей працягваюць працаваць, якія пасля Акрэсціна першых дзён прыязджалі, зачыняліся ў кабінеце, адкрывалі каньяк і пілі проста на працы і плакалі. Я заходзіў і пытаў: «Чаго ты плачаш?» Яна кажа: «Бо перада мной збівалі чалавека. Потым прымушалі стаяць перада мной чалавека, у якога зламаныя ногі». А я кажу: «А ты што зрабіла, ты яго асудзіла?» Яна яго асудзіла. «Спадзяюся, ты яму дала штраф, чалавек «пойдзе» дадому?» Яна: «Не, я яму дала 15 содняў, але цукерку дала».

Яшчэ ў 2000 годзе Беларусь наведваў адмысловы дакладчык ААН у справе незалежнасці суддзяў. Па выніках гэтага візіту быў падрыхтаваны даклад, які канстатаваў наяўнасць сур’ёзных сістэмных праблемаў у пытанні незалежнасці суддзяў і ўтрымліваў вялікі пералік рэкамендацыяў, як палепшыць у Беларусі сітуацыю з судамі. З таго часу прайшло 20 гадоў. Але нягледзячы на новыя будынкі судоў, на прыняцце Кодэксу аб судаводстве і статусе суддзяў пытанне незалежнасці судоў так і засталося некранутым.

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • Ці могуць абараніць кагосьці адвакаты ў Беларусі?
  • Як фабрыкуюцца справы?
  • Як з судовай сістэмы звальняюць нават за беларускую мову.

Belsat.eu