Прызнанне Беларусі акупаванай краінай выратуе Лукашэнку?


Павел Усаў лічыць Беларусь акупаванай Расеяй і патрабуе дабівацца міжнароднага прызнання гэтага статусу. Павел Быкоўскі называе гэта «прапагандысцкім клішэ» і лічыць, што за гэта можам дорага заплаціць. Хто з іх мае рацыю?

У новым выданні праграмы «Двубой» з вядоўцам Віталём Цыганковым эксперты шукаюць адказы на пытанне: Ці варта дабівацца, каб Беларусь прызналі акупаванаю краінаю? Наколькі гэта рэалістычна і якія наступствы можа прынесці?

Палітолаг Павал Усаў лічыць, што цяперашняя сітуацыя ў Беларусі цалкам адпавядае паняццю акупацыі, і трэба дабівацца міжнароднага прызнання гэтага статусу, каб беларускі народ не нёс адказнасці за злачынныя дзеянні рэжыму. Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі лічыць, што беларускае грамадства не мае адзінства ў гэтым пытанні, і няма адназначных падставаў сцвярджаць, што акупацыя сапраўды адбылася.

«Крэмль мае кантроль амаль над усёй Беларуссю, калі мы кажам пра вайскова-стратэгічны кантроль. Расейскія войскі бескантрольна ўваходзяць на тэрыторыю Беларусі, бескантрольна размяшчаюцца на мяжы з Украінай, паўднёвай мяжы з Украінай, бескантрольна ажыццяўляюць абстрэлы тэрыторыі Украіны з тых кропак, якія нібы беларускія ўлады далі магчымасць выкарыстоўваць – гэта аэрапорт Зябраўка, гэта Лунінец, нават Мачулішчы. Так што ў аспекце, звязаным з рэалізацыяй сваіх вайскова-палітычных інтарэсаў, Масква фактычна цалкам кантралюе тэрыторыю, прынамсі памежную тэрыторыю з Украінай, – заўважае Павел Усаў і заклікае пераглядзець нормы міжнароднага права.

«На сёння міжнароднае права фактычна не адпавядае той рэчаіснасці, якая склалася ў нашым рэгіёне. Згодна з міжнародным правам і з тымі дэфініцыямі – і палітычнымі, і юрыдычнымі, і прававымі – на сённяшні момант тое, што адбываецца ва Украіне, не з’яўляецца вайной… Патрэбна, каб міжнароднае права мадыфікавалася», – выказвае сваё меркаванне Павал Усаў.

«…Я б хацеў сказаць, што гэта палітычнае выказванне і ў значнай ступені прапагандысцкае клішэ, якое выкарыстоўваецца для вызначэння сваёй пазіцыі і памяншэння магчымасцяў пазіцыі апанента. Ёсць сцвярджэнне, што Беларусь акупаваная. Калі яна пачалася, гэтая акупацыя? Ці можна лічыць кожны аўтарытарны рэжым акупацыяй сваёй краіны? Ці ёсць рэжым Лукашэнкі цалкам марыянеткавым? Ці ён ажыццяўляе ўладу на сваёй тэрыторыі? Ці ёсць іншыя нейкія дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і саюзнай па фармальных крытэрах дзяржавы Расейскай Федэрацыі? Гэта пытанні, на якія можна выказвацца па-рознаму, – разважае Паўлюк Быкоўскі.

«Я мяркую, што ён не з’яўляецца цалкам марыянеткавым, але ён ёсць залежным рэжымам. І тут можна [выявіць], як кажуць пра гібрыдныя рэжымы, вельмі шмат адценняў шэрага, дзе ён праходзіць ад адной катэгорыі да іншай катэгорыі. У нашай сітуацыі ўсё ж такі ўладу ажыццяўляе на тэрыторыі Беларусі Аляксандр Лукашэнка, але я згодны з тым, што ён не кантралюе, не можа кантраляваць расейскіх войскаў, якія выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для плацдарму, нападу на іншую тэрыторыю», – тлумачыць свой пункт погляду Паўлюк Быкоўскі.

Акупаваная Беларусь Расеяй ці не? Якія ёсць аргументы ў прадстаўнікоў розных поглядаў на гэтую праблему? У чым адрознасць гаворкі пра «акупацыю» сёння і ў мінулым? З чым звязанае жаданне прызнаць Беларусь акупаванай? На чым сёння трымаецца ўлада Лукашэнкі? Якія наступствы для Беларусі і беларусаў можа пацягнуць прызнанне, што нашая краіна – пад расейскай акупацыяй? Ці не стане гэта падставаю для «адбельвання» рэжыму Лукашэнкі? Адказы на гэтыя і шматлікія іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube.