Мігранты Лукашэнкі схіляюць Захад да саступак. «ПраCвет» з Сяргеем Пелясою


Тэмы праграмы:

Захаду ёсць пра што размаўляць з Лукашэнкам?

Рэжым Лукашэнкі збіраецца весці перамовы наконт палітычнае будучыні Беларусі, на якія яго актыўна запрашаюць? 22 лістапада Вена прыме міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню аб праблеме Беларусі, куды запрошаныя прадстаўнікі кіраўніцтва як краінаў Захаду, так і Расеі, а таксама рэжыму Лукашэнкі і дэмакратычных сілаў Беларусі. Ці магчыма ўвогуле пасадзіць за адзін стол усе гэтыя бакі і як кожны з іх бачыць перамоўны працэс? Разбіраўся Зміцер Міцкевіч.

Чаму Лукашэнка будзе павялічваць міграцыйны прэсінг на межах? Інтэрв’ю з Марэкам Будзішам

Сітуацыя на мяжы Беларусі й Польшчы пагаршаецца. Палякі не рэагуюць на правакацыі, імкнуцца любой цаною пазбегнуць канфлікту. Памежнай ахове ўсё цяжэй стрымліваць плынь мігрантаў. Людская хваля не змяншаецца, нягледзячы на пагаршэнне надвор’я. Варшава павялічвае колькасць войскаў на памежжы з сямі да дзесяці тысячаў. Чаму Лукашэнка будзе толькі павялічваць прэсінг на мяжы? Як яго затрымаць? Ці Захад здольны адказаць ударам на удар? Інтэрв’ю з вядомым польскім палітычным аналітыкам, Марэкам Будзішам, аўтарам кнігаў «Усё ёсць вайна. Расейская стратэгічная культура» і «Ілюзія вольнай Беларусі. Як у змаганні за дэмакратыю можна страціць айчыну».

Ці Украіна гатовая на абвастрэнне расейскай агрэсіі?

Накаляецца сітуацыя і на расейска-ўкраінскай мяжы. Па чыгунцы ідуць эшалоны з баявой тэхнікай, а сусветныя выданні пішуць пра сцягванні пуцінскіх войскаў да Украіны. І хаця ўкраінская выведка перакідвання расейскіх войскаў не пацвердзіла, камандуючы аперацыяй Аб’яднаных сілаў Украіны заявіў – войскі гатовыя да эскалацыі канфлікту. Чым пры такім сцэнары можа адказаць Украіна і якую ролю граюць у гэтым турэцкія беспілотнікі Байрактар? Раскажа Святлана Аўчарова.

Пра што марыць Грузія?

Грузіны рашуча ідуць на Захад ці топчуцца на месцы? Адразу некалькі адметнасцяў сёлетніх мясцовых выбараў у гэтай дзяржаве прымусілі задацца пытаннем: куды накіроўваецца Тбілісі? Падрабязнасці ў матэрыяле Яны Шэк.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Russian Foreign Ministry / TASS / Forum