Медсястра двойчы пабывала на Акрэсціна: як медык і як вязень


Наша сённяшняя гераіня… Яна сапраўды гераіня. Паліна – медычная работніца. Яна сутыкнулася з сітуацыяй, калі давялося ратаваць, бінтаваць параненых, скалечаных і катаваных у самыя балючыя і крывавыя дні пратэстаў. А пасля і яе пасадзілі. Спачатку на Акрэсціна, а пасля – у Жодзіна. Але гэта не закрыла ёй рот, і яна распавяла нам гісторыю тых катаванняў. Гэта нават не гісторыя. Гэта – споведзь.

Паліна.
Фота: t.me/euroradio

«Гэта было 11 жніўня. У ноч з 11-га на 12-га. Я была на працы. Я тады яшчэ працавала на «хуткай». І паступіў візіт на Акрэсціна. І мы туды паехалі з калегам. Мноства людзей стаяла на каленях, галавой у зямлю. І было відаць, што яны стаялі так шмат гадзінаў. Мы прыехалі як бы за адным пацыентам, але, вядома, мы засталіся дапамагаць і астатнім. Там была не толькі я. Там былі і іншыя мае калегі. І я ўзяла хлопца. Я перабінтоўвала яму рану. Яна быццам бы ад кулі. Не ведаю… Я ніколі такога не бачыла. І… я чую гук і не магу зразумець, адкуль ён. І тут да мяне даходзіць, што гэта крыкі людзей, якіх збіваюць унутры.

Хуткая прыехала ў ЦІП на Акрэсціна, жнівень 2020.
Фота: Belsat.eu

Пасля гэтага я зразумела, што я не хачу і не буду маўчаць. Што я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб спыніць гэта. І пасля гэтага я зразумела, што нічога не будзе як раней у нашай краіне. Мы спрабавалі размаўляць з міліцыянтамі. Але гэта было бессэнсоўна. Яны не чулі нас. Калі мы пыталіся: «Што вы робіце?» – яны адказвалі толькі агрэсіяй.

Інтэрв’ю
«Падыходзілі людзі з паламанымі рукамі, прычым адразу з дзвюма». Расповед доктара, які прайшоў праз Акрэсціна
2020.08.20 15:11

Быў момант, калі я прыехала на Акрэсціна аказваць дапамогу. Быў супрацоўнік. Я ўжо не памятаю ягонага твару, вядома. Але калі я аказала дапамогу аднаму, ён паклікаў мяне і кажа: «А вось паглядзіце, яшчэ вось там у нас ёсць паранены». Ён адвёў мяне да другога чалавека, і яго я забрала таксама ў машыну да сябе. Былі супрацоўнікі, якія спрабавалі дапамагчы. Яны былі! І гэта давала надзею», – кажа дзяўчына.

У студзені 2021 года Паліну саму затрымалі каля мемарыялу Тарайкоўскаму на ст. м. «Пушкінская» ў бела-чырвоным шаліку за тое, што нібыта ставіла зніч. 25 содняў яна правяла на Акрэсціна і 10 у Жодзіне, дзе яе катавалі разам з сукамерніцамі. Каля яна выйшла, ёй не падоўжылі працоўнага кантракту.

Hавiны
У гадавіну забойства Тарайкоўскага каля станцыі метро Пушкінская затрымалі хлопца, які хацеў ускласці кветкі
2021.08.11 10:34

«У сувязі з тым, што ў мяне няма цяпер нейкай сталай працы, я не магу працягваць вывучэнне англійскай мовы. Гэта значыць самастойна гэта рабіць крыху складана. Бо я шмат чаго не разумею ў ёй. І, скажам так, няма некага, хто мог бы мне растлумачыць. Таксама ў мяне ёсць бабуля, ёй 73 гады. І, натуральна, купляць ёй цяпер лекі на ейную пенсію – гэта крыху складана. Бо яна ў яе невялікая. І я ёй нават зараз ніяк дапамагчы не магу», – кажа гераіня.

Паліна са сваім катом і падручнікамі.
Фота: «Беларус беларусу»

З вамі праект «Беларус – беларусу». Праграма, якая сведчыць пра тое, што беларускую салідарнасць немагчыма знішчыць.

Перакананыя, што сярод нашых гледачоў знойдуцца ахвотныя дапамагчы Паліне. Гэта можна зрабіць публічна або ананімна, з любога пункту свету – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.