Дзвюх сясцёр абвінавацілі ў збіцці 11 «красаўцаў»


Сясцёр Жанну і Надзею за ўдзел у пратэстах 2020 года абвінавацілі ў збіцці 11 амапаўцаў і засудзілі на «хімію». Але яны здолелі збегчы праз лясы і балоты ў Літву. І цяпер яны – у Беластоку, сярод найактыўнейшых удзельніц беларускай дыяспары.

Надзея Сцепанцова і Жанна Захаркевіч, як і тысячы іншых беларусаў, у жніўні 2020 года былі ўражаныя маштабамі гвалту, які развязалі сілавікі Лукашэнкі супраць народу, не згоднага з вынікамі сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў.

Гісторыі
«Старонка не перагорнутая». Як у Беластоку жывуць сёстры з Горадні, якіх у Беларусі асудзілі завочна
2022.08.23 17:16

«Пасля 9-га, калі я пабачыла, як здзекуюцца з людзей, як забілі Тарайкоўскага, – ну прабачце мне, ужо пачалі забіваць. 28 гадоў трывалі. Колькі можна? Забіваць можна, збіваць можна, закопваць можна – і ўсе будуць маўчаць, баяцца. Нашым дзецям яшчэ жыць у гэтай краіне. Мы любім сваю радзіму, мы хочам жыць на сваёй радзіме – але не такой, якая яна цяпер», – тлумачыць Жанна Захаркевіч.

Яна разам з сястрой Надзеяй Сцепанцовай хадзіла на маршы пратэсту ў Горадні. Сёстры стаялі ў счэпцы і баранілі ўласнымі рукамі маладых беларусаў ад АМАПу, за што атрымалі 3 і 3,5 гадоў «хіміі». Але жанчыны абралі іншы шлях – самастойна пакінуць Беларусь, перайшоўшы мяжу з Літвой з адным дзіцячым компасам.

«Ты ступаеш нагой і не ведаеш, куды ты ступаеш, цябе можа зацягнуць. Але калі мы выйшлі і ўбачылі слупкі – беларускі і праз возера літоўскі, у мяне думкі толькі: «Плывем». А яна гаворыць: «Я не ўмею плаваць. Ты што?» – успамінае Надзея Сцепанцова.

Цяпер Надзея і Жанна жывуць у Беластоку і мараць трапіць у Дрэздэн – у карцінную галерэю і музей посуду.

Як Жанна Захаркевіч і Надзея Сцепанцова сустрэлі падзеі жніўня 2020 года? Чаму далучыліся да пратэстаў у Горадні і выйшлі супраць АМАПу? Якое пакаранне іх за гэта чакала, і якім чынам сілавікі Лукашэнкі становяцца пацярпелымі і сведкамі? Як яны нелегальна перайшлі мяжу Беларусі і Літвы адно з дзіцячым компасам? Чым ім дапамаглі літоўскія памежнікі? Як яны жывуць цяпер, што ім неабходна?

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.