«Pandora Papers»: Як сын Шэймана таемна здабываў золата ў Афрыцы


Цягам апошняга дзесяцігоддзя ўлады Беларусі і Зімбабвэ ўсталявалі добрыя адносіны дзякуючы падабенству рэжымаў. Бакі сталі развіваць супольны бізнес. Адным з самых прывабных праектаў выглядала здабыча золата на афрыканскім кантыненце. Расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца» у супрацы з калегамі з «Еўрарадыё» высветлілі, хто з беларускіх бізнесоўцаў атрымаў магчымасць зарабіць на пошуку карысных выкапняў у Зімбабвэ.

Нагадаем, некалькі гадоў таму Аляксандр Лукашэнка даручыў курыраваць экспарт у Зімбабвэ свайму старому паплечніку, тагачаснаму кіраўніку справамі прэзідэнта Віктару Шэйману. У 2018 годзе Шэйман пабываў з візітамі ў Зімбабвэ як мінімум двойчы. Пасля сакавіцкай паездкі ён далажыў Лукашэнку аб падпісанні кантрактаў на экспарт трактароў і тэхнікі для лясной гаспадаркі на $ 58 000 000. Краіны таксама запланавалі стварыць буйную транспартную кампанію і супольнае прадпрыемства, якое будзе здабываць шырокі спектр карысных выкапняў, уключаючы нафту, золата і плаціну. Пры гэтым было вядома, што афрыканскія краіны адчуваюць складанасці з разлікамі за пастаўленую тэхніку. Шэйман развеяў скепсіс і раскрыў схему працы.

«Ніхто не збіраецца супрацоўнічаць за бясплатна. Калі ў іх няма грошай, яны гатовыя разлічвацца карыснымі выкапнямі. Гэта нас задавальняе. Галоўнае – каб складалася эканоміка, каб была прыбытак для Беларусі», – сказаў ён.

У студзені 2019 года Віктар Шэйман праанансаваў прамысловую здабычу карысных выкапняў у Зімбабвэ.

«Мы пачалі займацца вельмі прадметна прафесійнай геолагаразведкай. Нашы геолагі працуюць у Зімбабвэ паўтара года. І знайшлі вельмі цікавыя і досыць вялікія паклады карысных выкапняў. Мы разлічваем увайсці ў прамысловую здабычу карысных выкапняў ужо пачынаючы літаральна з сакавіка гэтага года», – паведаміў Шэйман.

Гэтую заяву ён зрабіў пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Зімбабвэ Эмэрсанам Мнангагуа ў Менску. Падчас таго візіту ў сталіцы Беларусі адкрылася ганаровае консульства Зімбабвэ.

Ганаровым консулам стаў бізнесовец Аляксандр Зінгман, які на той моманты быў вядомы як пастаўляльнік беларускай тэхнікі ў Афрыку. Увесну гэтага года ён праславіўся дзякуючы скандалу, у які трапіў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, дзе Зінгмана і яго партнёраў затрымалі па падазрэнні ў гандлі зброяй і рыхтаванні перавароту. У няволі яны правялі некаторы час. Пасля выхаду на волю бізнесовец абвергнуў датычнасць да паставак зброі.

Аповед пра Зінгмана спатрэбіўся таму, што ў снежні 2017 года ён і Сяргей Шэйман – сын Віктара Шэймана – зарэгістравалі на Сэйшэльскіх Астравах кампанію «Midlands Goldfields Foundation». Долі былі размеркаваныя 50 на 50.

Інтарэсы сэйшэльскай структуры ў Зімбабвэ рэпрэзентавала брытанская кампанія з аналагічнаю назваю «Midlands Goldfields Limited».

Менавіта гэтая фірма ў красавіку 2018 года, як удалося высветліць Цэнтру расследавання карупцыі і арганізаванай злачыннасці (OCCRP), атрымала 70-адсоткавую долю ў супольным прадпрыемстве для здабычы золата: «Zim GoldFields Limited». 30 % дасталася Карпарацыі развіцця горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ – ZMDC.

Дырэктарамі супольнага прадпрыемства пазначаныя некалькі беларусаў. Сярод іх – Яўген Жоўнер. Ён таксама падпісваў дакументы ад імя «Zim GoldFields».

Як высветлілі расследавальнікі, «Zim GoldFields» атрымала некалькі спецыяльных грантаў на распрацоўванне россыпных радовішчаў золата ў Зімбабвэ з паніжанай падатковай стаўкай і наняла беларускую кампанію «Белгеапошук» для правядзення работаў.

На момант стварэння супольнага прадпрыемства «Белгеапошук» быў звязаны з Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта Беларусі, якое ачольваў Віктар Шэйман. Цяпер гэтая кампанія – цалкам прыватная структура, адзін з бенефіцыяраў якой Яўген Жоўнер.

«Белгеапошук» вёў працы на замову «Zim GoldFields» у далінах некалькіх зімбабвійскіх рэк. Найбольш актыўна яны ішлі ў рэчышчы ракі Мутарэ ў правінцыі Манікалэнд. Там ім вылучылі надзел 10 тысяч гектараў. У заяўцы на спецыяльны грант былі пазначаныя запланаваныя выдаткі на праект – амаль $ 10 000 000.

У кастрычніку 2018 года праверка Міністэрства горнай прамысловасці паказала, што на надзеле, вылучаным «Zim GoldFields» у рэчышчы ракі Мутарэ, адбывалася нелегальная здабыча. Пазней, праўда, чыноўнікі знайшлі парушэнні і з боку супольнага прадпрыемства, але ўжо ў іншым месцы – Мутаса.

У сярэдзіне лістапада 2020 года на пляцоўцы, вылучанай «Zim GoldFields», адбыўся інцыдэнт з гібеллю нелегальных здабывальнікаў золата. Падрадная арганізацыя з Кітаю засыпала адкрытыя карʼеры, каб падрыхтавацца да працы. Некаторыя здабывальнікі пакінулі шахту, а некаторыя засталіся знутры. У выніку загінулі два чалавекі.

Прыкладна за два месяцы да гэтага інцыдэнту брытанская і сэйшэльская кампаніі «Midlands GoldFields» спынілі сваю дзейнасць. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у частцы кантролю над «Zim GoldFields» нічога не змянілася, але пацверджання гэтаму расследавальнікі не знайшлі. Тым часам супольнае прадпрыемства працягвае функцыянаваць, хоць і спыніла распрацоўванне золата ў рэчышчы ракі Мутарэ.

З электроннай пошты кампаніі «Aftrade», якой валодае Аляксандр Зінгман, прыйшоў адказ, што бізнесовец не мае ніякага дачынення ні да супольнага прадпрыемства «Zim Goldfields», ні да брытанскай фірмы «Midlands Goldfields Limited». «Спадар Зінгман таксама не ўдзельнічае ў якіх-небудзь дзелавых адносінах і існых кампаніях са спадаром Сяргеем Шэйманам», – гаворыцца ў адказе.

Сяргей і Віктар Шэйманы не адказалі на запыты і званкі.

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum; president.gov.by