Як склаўся лёс выпускніцы, што не паціснула рукі дэкану-ябацьку? Сіроцтва, пазыкі і вялікая мара


Памятаеце студэнтку БДУ, якая адмовілася паціснуць руку дэкану-ябацьку? Наталля падышла да Вадзіма Гігіна, каб забраць дыплом, але рукі наўзаем не падала.

З вамі праект «Беларус беларусу» – ён для тых, хто мае патрэбу ў падтрыманні. І пра тых, хто хоча і можа падтрымаць. Наташу рэпрэсавалі ў ВНУ ў той час, калі яна страціла маму. І стала поўнай сіратой. Вялікія крэдыты родных засталіся на дзяўчыне…

«Апошні год, з мінулага лета, ва ўніверсітэце пачаліся праблемы, выклікі ў дэканат для многіх актыўных маладзёнаў. Асабліва на пачатку восені мы чакалі, каб універсітэт агучыў сваю пазіцыю. Мы – студэнцтва, калі ласка, падтрымайце нас у нашай пазіцыі і меркаванні! Так мы казалі і спадзяваліся», – дзеліцца Наталля.

Калі памерла мама Наталлі, а яна сталася поўнай сіратой і не змагла плаціць за вучобу, а тады папрасіла хаця б больш лаяльных умоваў, Вадзім Гігін сам патэлефанаваў ёй – і паабяцаў залагодзіць пытанне з аплатай. Але так і не дапамог. На факультэце выпускніцы намякнулі, што справа ў ейнай свабодалюбівай пазіцыі.

«Калі была жывая мама і пачаліся падзеі жніўня 2020 года, яна вельмі перажывала за мяне. Але ніколі не адгаворвала хадзіць! Яна казала: мне б хацелася табе забараніць, але я не маю на гэта права. І нават калі мяне затрымалі і я выйшла – брат казаў, што мама вельмі злуецца, але, калі я прыйшла дамоў, яна абняла мяне і прапанавала паесці… І ні разу не папракнула!» – успамінае дзяўчына.

А на вымове аб парушэнні парадку маці напісала ад рукі: «Я табой ганаруся! Мама».

Наталля марыць адбыцца ў прафесіі і дапамагаць іншым як псіхолаг.

«Я хацела б застацца ў Беларусі і дапамагаць людзям паводле сваіх сілаў і адукацыі. Я мару пра свой прыватны кабінет і псіхалагічную практыку – было б здорава, каб нехта дапамог мне з аплатай арэнды і, можа, кліенцкай базай…» – агучыла сваё галоўнае жаданне выпускніца. Таксама Наталля будзе ўдзячная за кансультацыю, як пачаць сваю справу.

Калі вы хочаце падтрымаць нашую гераіню (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога.