Дэпутаты наведалі ў шпіталі дзяўчыну, раненую трыма кулямі і гранатай


Марыю паранілі ў галаву, руку і нагу ўвечары 9 жніўня 2020 года. У шпіталі яе наведалі людзі з Палаты прадстаўнікоў. Што яны сказалі Марыі ды іншым параненым дзяўчатам і якую дапамогу запрапанавалі?

Да 2020 года Марыя не цікавілася палітыкаю. Каго цікавіць палітыка ў 18-19 гадоў? Але ў 2020 годзе яна адчула, што можа спрабаваць змяніць краіну. Таму і пачала браць удзел у мірных акцыях пратэсту.

«Высветлілася, што можна нешта змяніць, калі ты пойдзеш на мітынг, а не проста будзеш сядзець удома і думаць: ну, я маю храновы ўрад. Не ведаю – паеду, мабыць, вучыцца ў іншую краіну і буду там жыць, – згадвае Марыя. – А можна ж змяніць нешта тут, аб’яднаўшыся з іншымі людзьмі. Таму я пачала браць удзел».

У дзень выбараў Марыя адмыслова паехала ў Менск, каб не прапусціць мітынгу, калі той адбудзецца. Мітынг адбыўся. На гэтым мітынгу побач з Марыяй выбухнула святлошумавая граната, якая раніла яе сваймі аскепкамі. Да таго ж у яе трапіла тры кулі. Гэтак яна на паўтара месяца апынулася ў шпіталі.

Што памятае Марыя з вечара 9 жніўня? Хто з Палаты прадстаўнікоў наведаў параненых дзяўчат у шпіталі? Пра што яны гаварылі і якую дапамогу запрапанавалі? Як Марыя апынулася ў Чэхіі? Ці збіраецца яна вяртацца ў Беларусь?

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Барыс Беленькі і Леў Тарнопальскі засцерагаюцца везці фотавыставу «Мы з Беларусі» з ізраільскае Хайфы ў беларускія гарады праз непрадказальнасць дзеянняў мясцовых уладаў, якія не зважаюць на закон.
  • Чаму Павел Станкевіч з фонду «Тутака» агітуе польскіх беларусаў запісацца беларусамі, а не палякамі падчас перапісу насельніцтва ў Польшчы? І навошта польскім уладам ведаць нацыянальнасць грамадзянаў?

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.