Каб зламіць затрыманую, кадэбэшнік прыгразіў, што яе маці памрэ


Менеджарка ў ІТ-кампаніі прайшла праз катаванні ў ІЧУ на Акрэсціна ў жніўні 2020 года. Улетку 2021 года яе затрымаў КДБ. Яна распавяла, як праходзіў ператрус і як падчас допыту яе прабавалі запужаць, дарэмна шукаючы слабае месца.

Размова з гераіняй гэтай праграмы адбылася напярэдадні нападу Расеі на Украіну. «Маю права» завітала ў Львоў да Марыны Карабанавай. Марына – менеджарка ІТ-кампаніі, прайшла праз катаванні ў ІЧУ на Акрэсціна ў жніўні 2020 года. Улетку 2021 года яна праходзіла сведкай у крымінальнай справе паводле артыкулу 289 КК РБ («Акт тэрарызму»), атрымала 15-дзённы арышт паводле артыкулу 24.3 («Непадпарадкаванне службовай асобе»).

Марына ўжо другі раз стала гераіняй «Маю права». Першы сюжэт з ёй мы здымалі пасля падзеяў жніўня 2020 года. Пасля другога затрымання дзяўчына з’ехала ва Украіну.

Марыну затрымалі на станцыі тэхабслугоўвання. «Мне пагрукалі ў акно. Я падумала, што гэта работнікі СТА, выйшла, на што мне паказалі ксіву і сказалі: «Мы з КДБ, вось мы і сустрэліся», – узгадвае Марына. Пасля затрымання дзяўчыну павезлі на ператрус. На месцы ўжо чакалі панятыя. Супрацоўнікі КДБ сказалі, што гэта студэнты, якія прагульваюць пары, але, як кажа Марына, «панятыя абсалютна не былі падобныя да студэнтаў, яны былі апранутыя, як ціхары, ды і якія могуць быць пары 22 ліпеня».

Пасля ператрусу дзяўчыну павезлі на допыт у КДБ. Падставаю для затрымання Марыны стала падпіска на тэлеграм-канал, у якім нібыта было арганізаванае падрыванне вышкі ў Мёрах. Калі ж дзяўчына запытала, што ўсе ж такі было прычынай, а не падставай, супрацоўнікі адказалі, што «паглядзелі ў свой крыштальны шар і зразумелі, што яе трэба браць». Падчас допыту супрацоўнік КДБ склаў паперы, якія даў на подпіс спадарыні Карабанавай, таксама яна дала падпіску аб неразгалошванні. «Я падазраю, што магла папераў не падпісваць, але я гэтага не ведала, да мяне не дапусцілі адваката».

«Маю права» ўзяло каментар у праваабаронца Паўла Левінава, які патлумачыў, што паводле арт. 62 Канстытуцыі РБ кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах.

У КДБ спадарыня Карабанава зазнала псіхалагічны ціск. «Мы паехалі на маёй машыне, ключ у мяне быў з сабой, таму машыну яны вырашылі выкарыстаць як адзін з рычагоў ціску на мяне. Сказалі, што прыпаркавала сваё аўта ў неналежным месцы ў іх на стаянцы, таму маю машыну адправяць на штрафстаянку. Я змарную шмат грошай».

Мaю прaвa
Як КДБ спрабуе вербаваць беларусаў
2021.10.22 18:15

Пагрозы на дзяўчыну не падзейнічалі, таму супрацоўнікі сталі ціснуць інакш: казалі, што пойдзе на «карусель», гэта значыць пасля адбыцця пакарання прызначаецца новае, і гэтак раз за разам. «Казалі, што ў турме я згнію, і, цалкам магчыма, у мяне будзе крыміналка», – згадвае спадарыня Карабанава.

Калі і гэтыя пагрозы не падзейнічалі на дзяўчыну, супрацоўнікі сталі ціснуць на самае балючае. «Яны паглядзелі маё інтэрвʼю за жнівень-2020 і даведаліся, што пасля майго затрымання ў жніўні 2020 года мой тата памёр ад інфаркту, і яны вырашылі сказаць: «А ці не баішся ты, што тое ж самае здарыцца з тваёй мамай?» Дзяўчына вельмі хвалявалася за маці, але не паддалася ціску.

Праваабаронца Павел Левінаў распавёў, што такія дзеянні органаў дазнання падпадаюць пад тэрмін «катаванні і жорсткае бесчалавечнае абыходжанне». Гэта недапушчальна як паводле міжнароднага права, так і беларускага заканадаўства. Згодна з ч. 3 арт. 426 КК РБ («Перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў») караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3-х да 10-ці гадоў.

Пасля допыту дзяўчыну адвезлі на Акрэсціна, дзе яна адбыла 15 содняў паводле арт. 24.3 («Непадпарадкаванне службовай асобе»). Марыну затрымалі ў ліпені, і ўсе 15 содняў ёй давялося правесці ў летняй сукенцы. Ужо ў ізалятары ў дзяўчыны зʼявіліся шкарпэткі і байка, гэтую байку нашая гераіня потым аддала сваёй сукамерніцы.

Мaю прaвa
Забойства дзіцяці ў СІЗА
2021.12.24 19:05

Дзяўчына распавяла аб невыносных умовах утрымання. У арыштантаў не было пасцелі, матрацаў, элементарных сродкаў гігіены. У перапоўненых камерах людзі вымушаныя былі спаць на падлозе, не было ані прагулак, ані душу.

«Кожны вечар мы праводзілі складалі «канструктар»: мы прымерваліся, як будзем ляжаць у камеры на падлозе – у маленькай камеры было 40 чалавек. Ноччу нас будзілі кожныя дзве гадзіны, трэба было ўстаць на ногі, назваць сваё імя і прозвішча», – расказвае дзяўчына.

Зубная шчотка ў Марыны зʼявілася толькі на 12 дзень, яна яе памыла пасля папярэдніцы і чысціла зубы.

«Падчас абодвух маіх затрыманняў я сутыкалася з грубым і цынічным парушэннем маіх правоў, і гэта ўсё было б вельмі цяжка прыняць і вытрымаць, калі б не падтрымка такіх жа людзей, як і я, якія апынуліся ў цяжкіх умовах, але засталіся людзьмі», – гаворыць спадарыня Карабанава.

У выніку нападу Расеі на Украіну нашая гераіня была вымушана пакінуць Львоў, цяпер яна ў Польшчы.

Ведай свае правы

У рубрыцы «Ведай свае правы» мы сустрэліся ў Варшаве з каардынатаркай беларускага маладзёвага хабу Станіславай Гліннік, якая распавяла нам, якую дапамогу могуць атрымаць беларусы і ўкраінцы, вымушаныя пакінуць тэрыторыю Украіны праз вайну. Уцекачам не патрэбны спецыяльныя дазволы для таго, каб мінуць украінска-польскую мяжу. Ва ўцекачоў ёсць 15 содняў, каб аформіць неабходныя дакументы ці паехаць далей. Гэта актуальна як для ўкраінцаў, так і для беларусаў. Польшча адчыніла дзверы ўсім, каму патрэбна дапамога.

У Польшчы працуе добра скаардынаваная сістэма валанцёраў і велізарная колькасць валанцёрскіх машынаў, якія падвозяць людзей да прытулку.

На пытанне ці можа ўцякач атрымаць часовае жылле ў Польшчы, спадарыня Гліннік адказала: «Мы атрымліваем велізарную колькасць заявак ад людзей, якія гатовыя прыняць тых, хто вымушаны быў уцячы. Калі вам трэба жыллё або якая-небудзь дапамога, запоўніце анкету, калі вы чалавек, які можа прыняць у сябе людзей, якія бягуць з Украіны, калі ласка, запоўніце анкету».

Hавiны
Як дапамагчы Украіне? Карысныя спасылкі, чаты, групы
2022.02.25 17:12

Каардынатарка хабу таксама распавяла нам пра арганізацыі, якія дапамагаюць беларусам і ўкраінцам. Беларускія арганізацыі абʼядналіся ў Асацыяцыі беларускіх ініцыятываў. Кожная арганізацыя ўзяла на сябе адказнасць за розныя віды дапамогі. Напрыклад, Беларускі хаб дапамагае знаходзіць жыллё, «Partyzanka» – надае юрыдычную дапамогу. Беларусы абʼядналіся ў розных гарадах, знайсці дапамогу можна ў Лодзі, Кракаве, Гданьску, Вроцлаве.

Але самую вялікую дапамогу надае польская дзяржава. Амаль у кожным буйным горадзе ёсць цэнтры падтрымання ўцекачоў, цэнтры гуманітарнай дапамогі, куды можна прыйсці ды ўзяць рэчы, ежу, знайсці сабе ложак, скарыстацца з юрыдычнай дапамогі ды псіхалагічнай падтрымкі. У гэтыя ж ініцыятывы ўключаюцца і некамерцыйныя арганізацыі, і культурныя пляцоўкі, і ўніверсітэты.

«Па псіхалагічную дапамогу можна звярнуцца і да нас, і ў Фонд «Краіны для жыцця», і ў Цэнтр беларускай салідарнасці, і ў іншыя арганізацыі. Калі ласка, памятайце аб сваім псіхалагічным здароўі ў гэты час. Тут вы таксама знойдзеце медычную дапамогу, а на самой мяжы ёсць валанцёры-медыкі».

Пасля афармлення міжнароднай абароны Польшча дае бясплатную медычную дапамогу.

Фота
«Апякуюцца беларускімі і ўкраінскімі ўцекачамі». Як дабрачынныя ініцыятывы мяняюць працу праз вайну ва Украіне
2022.03.03 11:02

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.