Як нафтабарон Лукашэнкі хаваецца ад санкцыяў. Расследаванне «Белсату»


Як і на чым трымаецца імперыя бізнесоўца Мікалая Вараб’я – галоўнага нафтабарона Беларусі, інтарэсы якога сягаюць далёка за межы нашай краіны? Высвятляем у чарговым расследаванні «Давайце разбірацца».

У беларускага алігарха Мікалая Вараб’я могуць адабраць нафтапрадуктаправод ва Украіне. Украінскія сілавікі разбіраюцца, як стратэгічны аб’ект даўжынёю 1,4 кіламетра апынуўся ў прыватных руках. Пакуль трывае следства, на маёмасць беларускага алігарха наклалі арышт.

Нацыяналізацыю нафтапрадуктаправода эксперты лічаць стратэгіяй уладаў для ціску на лабіста расейскіх інтарэсаў ва Украіне Віктара Медведчука, якому папярэдне належала труба. Нядаўна ва Украіне спынілі трансляцыю трох тэлеканалаў, якія належаць паплечніку Медведчука – Тарасу Козаку. Дарэчы, набывалі гэтыя каналы ў тым ліку праз варабʼёўскі «Абсалютбанк».

«Часта згадваю, што папярэднічала пакупцы Мікалаем Варабʼём трубы. Гэта некалькі візітаў Медведчука да Лукашэнкі. У прынцыпе, ва Украіне таксама ў бізнес-колах, у палітычных колах разумеюць, што спадар Мікалай да праекту не далучыўся б, калі б не добраславенне з боку прэзідэнта», – адзначае дырэктар кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн.

Еўрапейскія санкцыі могуць негатыўна паўплываць на бізнес Мікалая Вараб’я. І ён ужо цярпіць ад іх. У снежні мінулага года Нацыянальны банк Украіны адмовіў Вараб’ю ў набыцці «БТА Банку». Таму цяпер Мікалай Варабей актыўна перапісвае бізнес на сваіх топ-менеджараў, аднак ягоныя аўстрыйскія актывы даўно належаць дачцэ Кацярыне.

«Асноўны актыў, запісаны на ягоную дачку Кацярыну, – гэта «Power Chemical Trading», кампанія, якая гандлюе нафтаю, зарэгістраваная ў Вене. Але, хутчэй за ўсё, гэта намінальная фігура ў гэтым бізнесе. Бо, калі вывучаць ейную публічную інфармацыю, ейныя старонкі ў сацсетках, то гэта чалавек, які пераважна вядзе свецкае жыццё. Не падобна на тое, каб яна займалася ўвесь час сурʼёзным бізнесам», – дадае журналіст-расследавальнік Ігар Ільяш.

Таксама ў праграме «Давайце разбірацца»:

  • Загадкавыя кампаніі беларускіх алігархаў;
  • Чаму турэцкі топ-бізнесовец трапіў у няміласць?

Belsat.eu