Як дапамагчы сям'і Паўла Спірына, асуджанага на 4,5 года калоніі строгага рэжыму за праўду


Нашыя сённяшнія героі – сям’я блогера Паўла Спірына, даверанай асобы Святланы Ціханоўскай. Сёлета ў лютым яго асудзілі на чатыры з паловаю гады калоніі строгага рэжыму. Падставаю для крымінальнае справы сталіся два Паўлавы фільмы, што ён змясціў на сваім YouTube-канале. Адзін з іх – пра наркагандаль у Беларусі. Неўзабаве і жонку блогера Ірыну звольнілі з працы.

Павел і Ірына Спірыны разам з маленькім Арцёмам.
Фота: уласны архіў

Але Ірына не апусціла рук і працягвае змаганне. Нягледзячы на тое, што ўсё абсталяванне арыштавалі, яна марыць, што знойдуцца неабыякавыя беларусы, якія дапамогуць вярнуць арыштаваную тэхніку – гэта можна зрабіць, выплаціўшы штраф. Ірына вельмі хоча, каб Паўлаў канал жыў – і абяцае надалей распавядаць праз яго навіны ад мужа, калі атрымаецца вярнуць абсталяванне.

Ірына Спірына разам з сынам Арцёмам.
Фота: уласны архіў

«У яго такія светлыя блакітныя вочы – я адразу патанула ў іх і закахалася, калі яго пабачыла!» – светла ўспамінае Ірына, а пасля закрывае твар рукамі і зрываецца на плач. Цяжка ўсведамляць, што твой каханы чалавек, бацька дзіцяці – за кратамі праз страшны несправядлівы прысуд: «Мне проста было важна бачыць яго кожны дзень».

«Вырак, вядома, жорсткі, улічваючы тое, што я не вінаваты і проста хацеў дапамагчы людзям. Ну, што ж рабіць, прыходзь на спатканні. Скажы ўсім сябрам «дзякуй» за падтрыманне», – піша Павел у лісце да жонкі.

Арцём, сын Паўла і Ірыны, ціха робіць урокі за сталом. Не вельмі даецца матэматыка. Раней дапамагаў тата. А цяпер замест таты – толькі татаў партрэт на стале.

Арцём, сын Паўла і Ірыны Спірыных.
Фота: уласны архіў

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна), звяртайцеся да нас: belarus2belarus@gmail.com.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.