Судмедэкспертка: прыходзілі людзі настолькі збітыя, нібыта яны выйшлі з канцлагеру


Надзея Гурманчук распавяла, што яна пабачыла як судмедэкспертка ў 2020 годзе і як рабіла сумленныя экспертызы, за якія рэжым Лукашэнкі яе пакараў.

Надзея Гурманчук – вядомая ў Беларусі судмедэкспертка. Падчас пратэстаў 2020 года дапамагала пацярпелым ад гвалтоўных дзеянняў карнікаў.

9 жніўня 2020 года, пачуўшы, што робіцца каля стэлы ў Менску, Надзея Гурманчук узяла антысептык, бінты і паехала надаваць медычную дапамогу.

«Калі пачалі выпускаць людзей з Акрэсціна, з месцаў затрымання, такога жаху я проста не бачыла ніколі. Прыходзілі людзі настолькі збітыя, што ў мяне было адчуванне, нібыта яны выйшлі з канцлагеру. У многіх з іх уся задняя паверхня цела была суцэльнаю гематомай. Яны не маглі сагнуць ні ног, ні рук, на дыбачках заходзілі на агляд.

Як такое можа быць, як такое маглі зрабіць людзі са сваймі ж грамадзянамі? І гэта праваахоўнікі, якія мусяць абараняць!» – абураецца спадарыня Надзея.

Мaю прaвa
Збіццё і здзекі з няпоўнагадовых у кастрычніку 2020 года
2021.11.26 19:05

Усёдазволенасць і поўнае ігнараванне сілавікамі законаў прывялі да смерці мірных грамадзянаў. Адной з першых ахвяраў спецаперацыі для незаконнага ўтрымання ўлады стаў Аляксандр Тарайкоўскі.

Наша гераіня кажа: «Ягонае цела даследавалі ў нас у судова-медычным моргу, у якім я працавала. У яго было два агнястрэльныя раненні. Яго проста расстралялі. Смерць яго наступіла менавіта з-за таго, што стрэлы былі зробленыя з блізкай адлегласці».

Надзея вырашыла, што як мага больш часу пастараецца застацца ў сваёй прафесіі, каб дапамагаць пратэстам і адстойваць праўду на сваім працоўным месцы. Яна публічна выказвала сваю думку ў сацыяльных сетках наконт сітуацыі ў нашай краіне. Пачаўся ціск: «Надзя, перастань, ты разумееш, чым гэта можа кончыцца», – казала ёй кіраўніцтва. Справа дайшла і да пагроз у адносінах дзяцей. Пачаліся праверкі, вымаліся ўсе экспертызы, якія яна праводзіла ў 2020 і 2021 гадах. Па выніках праверкі ёй абвесілі вымову.

Мaю прaвa
Віталь Алейнік: Не трэба здавацца, трэба рабіць усё, што ад нас залежыць
2021.10.08 18:05

А 30 жніўня 2021 года яе затрымалі супрацоўнікі КДБ пры дапамозе байцоў «Альфа». «Не далі мне магчымасці сесці ў аўтамабіль, адразу пасведчанне мне ў твар, пастанову на ператрус кватэры. У пастанове былі ўказаныя артыкулы: «Дапамога ў тэрарызме» і «Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання», – кажа спадарыня Гурманчук.

Пасля допытаў у гарадскім упраўленні КДБ яе завезлі ў міліцэйскі пастарунак.

«Усё закончылася тым, што ў Партызанскім РУУС быў складзены выдуманы адміністратыўны пратакол, у якім гаварылася, што быццам бы я аказвала супраціў супрацоўнікам міліцыі. Пратакол быў складзены міліцыянтамі, частка з якіх мяне пазнала. Калісьці яны мне прызначалі экспертызы судова-медычныя», – узгадвае Надзея.

А далей усё пайшло паводле добра абкатанай схемы: суд праз «Viber» са «сведкам» у балаклаве, суддзёй, якая, пасміхаючыся, слухала паказанні міліцыянта, і абвінаваўчы прысуд: штраф 100 базавых велічыняў. І звальненне з працы «на згоду бакоў».

«Назіраючы бяспраўе і беззаконне, я зразумела, што для іх пасадзіць чалавека не патрабуе ніякіх намаганняў. Што доказная база для гэтага не патрэбная, яна можа з’явіцца на пустым месцы», – робіць выснову Надзея Гурманчук.

Зараз наша гераіня ў бяспецы па-за межамі Беларусі.

Артыкулы
«Гэта смерць цэлай прафесіі». Судмедэкспертка – пра ўцёкі з Беларусі і ціск міліцыянтаў
2021.12.02 10:20

Экспертка нашай праграмы – старшыня «Прававой ініцыятывы» Вікторыя Фёдарава – дае ацэнку дзеянням сілавікоў падчас допытаў. Нагадвае, што падчас следчых дзеянняў ніхто не мае права прымушаць чалавека сведчыць супраць сябе і сваіх сваякоў. Гэта права гарантаванае нам артыкулам 27 дзейнай Канстытуцыі. Калі чалавека прымусам схіляюць да дачы паказанняў, то гэта грубае парушэнне заканадаўства, і службовыя асобы павінны быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

У рубрыцы «Ведай свае правы» адказны за пытанні юстыцыі НАУ Міхаіл Кірылюк дае адзнаку сённяшняй судова-прававой сістэме ў Рэспубліцы Беларусь.

Выкрывае практыку

  • неабгрунтаваных закрытых судовых пасяджэнняў,
  • выкарыстання судамі паказанняў ананімных сведкаў,
  • судовых пасяджэнняў праз відэасувязь,
  • вынясенне суддзямі заведама неправасудных рашэнняў у палітычна матываваных справах.

Кожны з гэтых пунктаў парушае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, і тыя, хто гэта робіць, будзе адказваць згодна з законам.

Спадар Кірылюк нагадвае прадстаўнікам сілавых і судовых органаў, што «ёсць артыкул 128 пра катаванні, які прадугледжвае ад пажыццёвага зняволення да смяротнай кары. Пра тое, што катаванні адбываюцца ў беларускіх турмах, стала вядома ўжо ў першыя дні жніўня. На мой погляд, цяпер немагчыма камусьці з суддзяў, якія выносілі прысуды ў наступныя дні, казаць, што яны не ведалі, што ў выніку іхнага прысуду палітычнага вязня могуць катаваць».

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную пятніцу а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы»на нашай старонцы.