Сяргей Цяцерын: Ад асабістага трэнера Аляксандра Лукашэнкі да буйнога бізнесоўцы


Новае расследаванне журналістаў праграмы «Давайце разбірацца» і кіберпартызанаў прысвечанае прыдворнаму бізнесоўцу Аляксандра Лукашэнкі Сяргею Цяцерыну. Які бізнес ён займеў, дзякуючы блізасці да ўладнай верхавіны?

Сяргею Цяцерыну – шэсцьдзесят гадоў. Мае спартовую адукацыю. Яшчэ ў савецкі час дасягнуў пэўных поспехаў у моладзевым тэнісе. Быў шматразовым пераможцам спаборніцтваў Беларусі, СССР і чэмпіёнам Еўропы. На золку беларускай незалежнасці стаў капітанам мужчынскай зборнай Беларусі, якая ўдзельнічала ў Кубку Дэйвіса.

Лічыцца, што менавіта Сяргей Цяцерын зацікавіў Лукашэнку вялікім тэнісам у 1990-я гады.

«Апошні раз з Лужковым мы гулялі на пяць тысяч тонаў масла: калі я перамагаю – Беларусь мае права паставіць іх у Маскву і прадаць за сваю цану. Мэр усё ж прайграў. Я кажу: рыхтуй цяпер лядоўні», – узгадвае Аляксандр Лукашэнка.

Пасля гэтага кар’ера Сяргея Цяцерына пайшла ўгору.

Продаж алкаголю і трактароў, пушная і фермерская гаспадарка, сетка кінабараў і будоўля. За апошнія дзесяць гадоў тэнісны трэнер Лукашэнкі Сяргей Цяцерын чым толькі ні займаўся. Прыдворны функцыянер атрымаў казачныя магчымасці. Некаторыя – за кошт дзяржаўнага бюджэту, а значыць, за кошт падаткаў.

Якім чынам былы трэнер Лукашэнкі выбіваў эксклюзіўныя ўмовы вядзення бізнесу і як мог аддзячыць свайго патрона за шчодрыя прывілеі – глядзіце ў выданні.

belsat.eu