БЧБ-банты і чэргі ў карцар: як вязні змагаліся за святы

Нашая сённяшняя гераіня Ганна ў мірны час у Беларусі працавала менеджаркай у фірме вытворчасці мэблі. Пасля зрабілася актывісткаю пратэстаў. На знак нязгоды з сістэмаю жанчына машынаю нібыта перакрывала дарогі. Прынамсі ў гэтым яе вінавацяць. Таксама была валанцёркаю, дапамагала пацярпелым беларусам. Сем месяцаў адсядзела ў турме. Пасля на Ганну завялі крымінальную справу і ад «Менсктрансу» выпісалі штраф на $ 10 тысячаў за пратэставую дзейнасць. Ганна была вымушаная з’ехаць у Гдыню, у Польшчу, дзе працуе таксоўцаю.

Нашая гераіня – шматдзетная маці, якая сама выхоўвае траіх дзяцей. З’ехаць з Беларусі яна была вымушаная з малодшаю дачкою Вікаю.

Цяпер Ганна працуе таксоўцаю. Фота: «Беларус беларусу»

ПРА ДАЧКУ

«З Вікаю мы амаль не бачымся. Найчасцей я еду з самай раніцы. Адзін выходны за тыдзень – гэта пакуль што вельмі, вельмі мала. І мы з ёю мала разам. Я, бывае, магу і а першай уначы прыехаць з працы, і а другой. Натуральна, яна спіць у гэты час».

Віка і Ганна. Фота: «Беларус беларусу»

ПРА ВАЛАНЦЁРСТВА

«У чэрвені, калі памятаеце, была праблема з «Водаканалам»: у двух раёнах не было вады. Я тады якраз узяла адпачынак, валанцёрыла, развозіла ваду людзям: у каго, напрыклад, праблемы са здароўем, у каго шматдзетныя сем’і. І вось гэта быў першы момант, калі мы сутыкнуліся з адміністрацыяй. Было дзіўна, незразумела. Як так? А што вы робіце тады? Чаму вы не хочаце забяспечваць самі і не даяце працаваць звычайным людзям?»

«Не магу заставацца ў баку». Як менчукі аб’ядноўваюцца праз праблемы з вадою

«А далей… жнівень. Казалі, што міліцыя павінна быць з народам, што яны мусяць скласці шчыты, што мы хочам міру. Напэўна, гадзіны дзве такой уяўнай барацьбы за свой выбар – і амапаўцы пачалі бегчы на народ. І мы заскочылі ў машыну, заблакавалі дзверы. Паспелі. І міма нас проста прабеглі са шчытамі – машыну не кранулі. У першы дзень вельмі моцна пашанцавала. І праз пару хвілінаў заехалі яшчэ дзве машыны. Яны былі цалкам разбітыя. У гэты момант мы зразумелі, што заставацца ў машыне – гэта проста самагубства. Далей яны пойдуць разбураць і граміць усё навокал. І мы ўцяклі з аўтамабіля ў двары. На наступны дзень… Гэта ўжо 10-га. Мы не маглі адмоўчвацца, удома сядзець, трэба было дабіцца нейкай праўды. Паехалі на «Пушкінскую». Таксама былі заблакаваныя ўсе дарогі. Людзі з ліхтарыкамі стаялі, свяцілі: паказвалі, што, маўляў, мы без зброі. І зноў жа: ніякіх дзеянняў з нашага боку не было. Адзінае што хлопцы «барыкадаваліся»: разумелі, што, калі пабягуць амапаўцы, паедуць нейкімі машынамі, то будуць ехаць па людзях. З досведу ўчорашняга дня гэта было зразумела».

Сэлфі Ганны на фоне «красаўцаў» Лукашэнкі. Фота: асабісты архіў Ганны

Месяц пратэстаў у фотаздымках

«У выніку я прасядзела 7 месяцаў у СІЗА на Валадарскага ў Менску. Выйшла – і мне інкрымінавалі 293-і артыкул. Ад трох да васьмі гадоў. І гэта ўдзел у масавых беспарадках, падпалах, пагромах і гэтак далей. У выніку перад судом, бліжэй працэсу ўжо, калі справа закрывалася, праз нястачу доказаў паводле 293-га артыкулу, яго замянілі на лягчэйшы – 342-і», – згадвае Ганна.

Ганна на судзе. Фота: праваабарончы цэнтр «Вясна»

Ганна не магла ў турме есці і спаць, бо разумела, што ейная дачка сустрэне свой дзень народзінаў ды Новы год сама. У гераіні доўгі час не было інфармацыі пра дачку. А Віку цкавалі ў школе. Каб не хваляваць дзіця, бабуля сказала, што ейная мама ў камандзіроўцы. Але злыя аднакласнікі пачалі кпіць з дзяўчынкі за тое, што ейная маці ў турме.

«11 гадоў яна была са мною на дзень нараджэння, і мы гулялі. І вось калі мне споўнілася 12, яе не было побач. Было проста вельмі сумна. Гэтыя 7 месяцаў для мяне былі вельмі доўгія. І я не разумела чаму. Як мне сказалі, у камандзіроўцы. І я не разумела, чаму так доўга. Што яна там робіць? Працуе так доўга? Я калі была ў 52-й школе, мяне там усё распытвалі, чаму мая мама ў турме, што яна там робіць. Я не разумела, пра якую турму яны гавораць, калі сказалі, што мая мама ў камандзіроўку зʼехала. Так, мне дапамагалі і лісты, і тое, што я хадзіла адна шпацыравала, і тое, што мяне ніхто не чапае. Калі сумная, і мяне нехта распытвае…» – згадвае маленькая Віка.

ПРА НОВЫ ГОДА ЗА КРАТАМІ

«Новы год! Нам яго забаранілі адзначаць. Адміністрацыя сказала: «Новага года не будзе. Як хочаце, але а дзясятай – адбой. Спаць кладземся, і ўсё…» Прычым мы вельмі добра ведалі, што да гэтага Новы год быў, адміністрацыя дазваляла. Да першай гадзіны ночы тэлевізар быў уключаны, калі ў камеры тэлевізар ёсць… Гэтым разам забаранілі. Натуральна, мы леглі ў ложак. Але ніхто не спаў. Зрабілі бутэрбродзікі, цішком. Налілі мінералкі па шклянцы. І чакалі, калі ж будзе… 23:34. І а 23:34 мы ціханечка, не паднімаючыся з ложкаў, крычалі: «Выпускай!» А роўна апоўначы падскочылі з ложкаў. Прычым усімі камерамі. Мы чулі, як суседнія камеры крычаць «З Новым годам!». Але мы гарлапанілі далей «Выпускай!». І ўсе падхапілі. І ў выніку ўся турма крычала «Выпускай!». І нават ніхто не крычаў «З Новым годам!». І паехалі – песні… Мы там спявалі. Мы не далі сабе сапсаваць Новага года ўсё ж такі,» – прыгадвае Ганна.

Ганна сядзела разам з Дарʼяй Чульцовай. Фота з асабістага архіву Дар’і

ПРА ДЗЕНЬ ВОЛІ ЗА КРАТАМІ

«І 25 сакавіка, мусіць, таксама такі знамянальны момант. Мы былі з Аланаю Гебрэмарыям у адной камеры. Заўтра Дзень Волі: што рабіць? Мы дасталі сурвэткі, звычайныя, белыя, дасталі маркер чырвоны, фламастар, калі дакладней, і намалявалі чырвоныя кружочкі. Зрабілі сабе банты. А ў камеры было шэсць чалавек. Наважыліся на бант толькі я, Алана і дзяўчынка яшчэ з намі – яна паводле іншага артыкулу, не праз палітыку. Усе астатнія збаяліся. І вось мы ўтрох з гэтымі бантамі. Адчыняюцца дзверы: стаіць маленькага росту вельмі злы міліцыянт. І тут Алана пачынае на чыстай беларускай яму «рапартаваць», што ў камеры столькі чалавек, дзяжурная такая… Ён проста ў твары мяняецца. Злы. І замест «рапарт прыняў», ён: «Прозвішчы! Каму тут весела?» Мы называем свае прозвішчы. Ён запісвае. І мы разумеем, што нас чакае карцар. Але на карцар была чарга», – кажа гераіня.

Алана Гебрэмарыям. Фота: spring96.org

Ганна нічога не папрасіла для сябе, толькі маленькую радасць для дачкі – ровар.

«Віка вельмі хоча мець ровар. Тут проста прынята, мусіць, у школу на роварах ездзіць. Ну, а для сябе… Не! Калі ёй добра – мне класна!» – дзеліцца Ганна.

Ганна з дачкой Вікай на акцыі пратэсту. Фота з асабістага архіву Ганны

Нават страшна ўявіць, што робіць рэжым з нашымі дзецьмі. Віка, дачка Ганны, не бачыла мамы сем месяцаў. І ў гэты час яе цкавалі ў школе. Між тым Ганна – маці траіх дзяцей. Яна неймаверная беларуска – тая беларуска, якія змяняе лёс нашай нацыі. Калі вы хочаце падтрымаць Ганну ды ейную дачушку Віку, гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна. З любога пункту свету. Лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: AliaksandrBS / AdobeStock

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

«Калі ваш сын знік на вучэннях – націсніце 1…» У Варшаве прайшла чытка п’есы пра вайну ва Украіне

Мастак прадае працы, каб сабраць грошы палітычнаму вязню Ігару Ярмолаву

Фатограф уратаваўся ад смерці ў Бучы і вывез фотавыставу пра беларускую рэвалюцыю

Турэмніца разрыдалася, калі пабачыла шлюб палітзняволенай студэнткі

Рэпрэсаванай Лукашэнкам беларускай артыстцы палякі запрапанавалі працу мары

Вітольд Ашурак перадухіліў бойню ў Лідзе ў жніўні 2020 года

Легендарны «Жывемабіль» ператварыўся ў «Славамабіль»

Бацька адмовіўся ад сына-палітвязня