Беларускія спецназаўцы ваююць ва Украіне супраць вагнераўцаў. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Як беларускія спецназаўцы з палка «Пагоня» ва ўкраінскім войску ваююць з расейцамі, як Пуцін з Лукашэнкам уцягваюць Беларусь у вайну і ў якой сітуацыі ўкраінскае войска пойдзе на Менск, а галоўнае – як доўга, паводле Тараса Беразаўца, працягнецца вайна і чым яна скончыцца. Гэтыя ды іншыя тэмы – у выданні «ПраСвету» з Сяргеем Пелясою.

Беларусь – адзіны шанец для Расеі пераламіць сітуацыю

Паўзучая акупацыя Беларусі працягваецца. Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што Беларусь можа апынуцца пад ударам, таму фармуюць супольную абарончую прастору: ад функцыянавання адзінай рэгіянальнай групоўкі да агульнай сістэмы паветранай абароны. Хіба Расея гатовая стварыць паветраны шчыт над Беларуссю, бо разумее, што рана ці позна можа быць адказ на запускі ракетаў з тэрыторыі Беларусі. Пуцін выкарыстае Беларусь, каб паспрабаваць змяніць хаду вайны? Разбіралася Вольга Міцкевіч.

Беларускія спецназаўцы ваююць супраць вагнераўцаў ва Украіне. Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом

Колькі беларускіх вайскоўцаў можа рэальна пагадзіцца выканаць загад пайсці ваяваць супраць Украіны? Чым вылучаюцца беларускія спецназаўцы, ваяры з палка «Пагоня», якія ваююць на баку Украіны? Як выглядае сітуацыя на фронце пасля прыбыцця туды першых мабілізаваных расейскіх вайскоўцаў? Інтэрв’ю з Тарасам Беразаўцом, афіцэрам 1-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння імя Івана Багуна, якога Пуцін прызнаў нядаўна замежным агентам.

Мабілізацыя ў Расеі афіцыйна скончылася. Калі яе другі этап?

Афіцыйна мабілізацыя ў Расеі скончылася, і Шайгу адрапартаваў пра гэта Пуціну. Аднак відавочных поспехаў расейскае войска на фронце не дэманструе. Ці насамрэч скончылася мабілізацыя? Што будзе рабіць Крэмль, калі ўкраінцы перамалоцяць першую хвалю мабілізаваных? Ці чакаць другога этапу мабілізацыі? Рэпартаж Юліі Лабанавай.

Ці дамовяцца азербайджанцы з армянамі да таго, як пачнецца новая вайна паміж імі?

Канфлікт армянаў з азербайджанцамі можна залагодзіць без выкарыстання сілы? Пра гэта ў Сочы на трохбаковай сустрэчы дамовіліся Уладзімір Пуцін, Ільхам Аліеў і Нікол Пашыньян. Перамовы адбыліся на фоне адчувальнай страты Крамля свайго ўплыву на Каўказе пасля відавочных няўдачаў у вайне супраць Украіны. Да новых паразаў Расея відавочна не гатовая псіхалагічна, таму выбірае пазіцыю маўклівага сузірання, дазваляючы Лукашэнку прамаўляць з трыбуны эмацыйныя спічы. Менскі дыктатар павышае голас на калегу з АДКБ – прэм’ер-міністра Арменіі. Ці дамовяцца азербайджанцы з армянамі да таго, як пачнецца новая вайна паміж імі? Каментуюць эксперты з Баку і Ерэвану, а таксама польскі даследнік праблемаў Каўказу ў сюжэце Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.