Улада старых дзядоў. Чаму Іран паўстаў супраць аятолаў?


Сілавікі жорстка б’юць людзей на вуліцах, страляюць у натоўп баявымі патронамі, льюць слезацечны спрэй проста ў вочы жанчынам – а вінаватыя зноўку сілы Захаду. Знаёмая карціна для беларусаў, але гэта не Беларусь, а Іран.

За два тыдні разгону дэманстрацыяў колькасць забітых людзей набліжаецца да сотні. Тысячы – за кратамі. Іранскія ўлады арыштавалі людзей з грамадзянствам Нямеччыны, Швецыі, Польшчы ды іншых еўрапейскіх дзяржаваў і абвінавачваюць іх у арганізацыі масавых беспарадкаў. Падобную карціну мы бачылі ў студзені ў Казахстане, дзе замежнікаў катавалі ды саджалі ў турмы, каб абвінаваціць замежных ворагаў у замаху на ўладу Такаева. Ці могуць адчуваць сябе ў бяспецы беларусы і беларускі, якія жывуць у Іране?

Ад Беларусі да Ірану 2000 км – гэта калі ляцець наўпрост над Украінай ды Каўказам. І найтаннейшыя авіябілеты з Менску ў Тэгеран каштуюць палову сярэдняга заробку. Але насамрэч іранскія справы для беларусаў не такія і далёкія.

Крыкі «Сыходзь!», дэманстрацыі супраць садызму сілавікоў, вадамёты, гумавыя і сталёвыя кулі. Іранцы масава патрабуюць ад таталітарнага рэжыму ісці да шайтанавай мацеры і больш не прыгнятаць людзей. Дэтанатарам грамадскага выбуху сёлета стала смерць маладой жанчыны курдскай нацыянальнасці. Махса Аміні, або Джына Аміні, памерла ад цяжкіх траўмаў пасля таго, як Паліцыя ісламскай маральнасці забрала яе з вуліцы ў пастарунак за няправільна надзетую хустку – хіджаб.

«Тут мы бачым магутны жаночы пратэст, які выйшаў за межы дыскусіі аб хіджабах, а кажа аб правах чалавека, аб роўных правах і годнасці», – падсумоўвае выканаўчы дырэктар Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў Ігар Сэмывалос.

Жанчыны ў Іране публічна спальваюць хіджабы і абразаюць сабе валасы. Іх падтрымліваюць іранкі ў замежжы.

«У Іране паліцыя б’е жанчын на вуліцах, забівае іх, саджае ў турму. За што?! Маё сэрца разрываецца, мне так цяжка, што я не магу спаць», – плача пад іранскай амбасадай у Харватыі Саманэ Фатэмэ Рыехані.

Іранка таксама ў знак пратэсту супраць дзесяцігоддзяў прыгнёту абрэзала свае валасы звычайнымі нажніцамі.

Улады традыцыйна вінавацяць ва ўсім «злачынны Захад».

«Вораг абрынуўся на нашае нацыянальнае адзінства і салідарнасць, таму здзяйсняе забойствы, каб разбурыць нашую еднасць», – заявіў прэзідэнт Ірану Эбрагім Раісі.

Насамрэч да іранскіх уладаў прыйшоў «ідэальны шторм», тлумачыць выканаўчы дырэктар Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў: «Мы бачым пратэст гарадскога насельніцтва ў розных гарадах. Мы бачым пратэст этнічных супольнасцяў, перадусім курдаў, азербайджанцаў і белуджаў. І мы бачым нарастанне пратэставай актыўнасці саміх персаў. І, што важна для такіх аўтакратычных рэжымаў, вярхоўны лідар аятала Хамэнэі цяпер пры смерці, і вакол ягонай пасады пачынаецца актыўная барацьба».

Алі Хамэнэі – вялікі аятала Ірану – чалавек з мінулага стагоддзя. Ён быў саўдзельнікам так званай Ісламскай рэвалюцыі – дзяржаўнага перавароту і захопу ўлады ў 1979-м годзе. З таго часу персідскаю дзяржаваю кіравалі рэлігійныя дзеячы-шыіты. Менавіта тады ўсіх іранцаў прымусілі жыць паводле законаў Шарыяту, а на вуліцах з’явілася Паліцыя маральнасці.

«Сочыць, каб выконваліся ўсе правілы прыстойнасці. Каб жанчыны і мужчыны правільна апраналіся на вуліцах, каб не было публічнай праявы блізкасці між мужчынам і жанчынай», – распавядае ўсходазнаўца Марыяна Беленькая.

Раней шарыяцкая паліцыя магла і мужчыну забраць у пастарунак за няправільную адзежу.

«Не дазвалялася з кароткімі рукавамі, у футболках мужчынам хадзіць. Таксама было непрыстойна», – нагадвае спецыялістка.

Збіццё жанчыны ды катаванні за няправільны колер адзення – нічога не нагадвае?

Дваццаць гадоў таму ў звароце да Кангрэсу ЗША «Аб стане дзяржавы» сорак трэці прэзідэнт Джордж Буш назваў Іран адной з краінаў «восі зла», разам з Іракам і КНДР. Тады гэтыя краіны фундавалі тэрарызм або распрацоўвалі зброю масавага знішчэння ў тэрарыстычных мэтах. Палітычны тэрмін «вось зла» апеляваў да восі гітлераўскага блоку ў Другой сусветнай і да назову «імперыя зла», якім азначалі Савецкі Саюз часу Роналда Рэйгана. А ў 2005 годзе ў прамове Кандалізы Райс Іран стаў у адзін шэраг з Беларуссю, Кубаю, Зімбабвэ, М’янмаю і Паўночнаю Карэяй. Дзяржсакратар ЗША назвала гэтыя дзяржавы «апорай тыраніі» ды «найбольш антыамерыканскімі рэжымамі».

Каб утрымаць уладу, радыкальны ісламісцкі рэжым патрабуе ўнутраных і замежных ворагаў, на якіх можна спісваць усе праблемы.

«Палітыка ягонага рэжыму экспансіянісцкая. Яна не можа існаваць без экспансіі, без экспарту так званай Ісламскай рэвалюцыі», – тлумачыць Ігар Сэмывалос.

На гэтым тыдні іранскія вайскоўцы абстралялі суседні Ірак ракетамі ды дронамі-камікадзэ, каб прадэманстраваць сілу падчас унутраных пратэстаў.

Практычна з часу Ісламскай рэвалюцыі на Блізкім Усходзе ідзе халодная вайна. Так называюць супрацьстаянне паміж шыіцкім Іранам і суніцкай Саудаўскай Аравіяй.

Дзяржавы спаборнічаюць за дамінаванне і ваююць між сабою проксі-сіламі – рознымі пасярэднікамі. Іран дэ-факта захапіў частку Сірыі, але разам з Расеяй дапамагае трымацца дыктатару Башару аль-Асаду. У Іраку шыіцкія проксі-сілы карысталіся барацьбой супраць так званай «Ісламскай дзяржавы», каб браць пад кантроль тэрыторыю і ваяваць супраць саюзнікаў Амерыкі. Іран спансаруе паўстанцаў-хусітаў у Емене і дае ім ракеты ды беспілотнікі, каб атакаваць нафтавыя аб’екты ў самой Саудаўскай Аравіі. Рэжым аятолаў падтрымлівае ісламісцкія фармаванні нават у Бахрэйне і Нігерыі. Як ні дзіўна, Іран – саюзнік тэрарыстычнай групоўкі «Хамас» у Палестыне, хаця яны і суніты.

А праіранская тэрарыстычная групоўка «Хізбала», якая фактычна захапіла ўладу ў Ліване, гадамі ваюе супраць Ізраілю.

Аснова сілавікоў – Корпус вартаўнікоў Ісламскай рэвалюцыі. Гэта частка Узброеных сілаў, але на справе – дзяржава ўнутры дзяржавы, тлумачыць Ігар Сэмывалос. Корпус можна параўнаць з войскамі НКВД, толькі ў ісламістаў ёсць баявая авіяцыя, флот і танкавыя войскі. У шэрагу дзяржаваў фармаванне прызнанае тэрарыстычным.

«Гэты корпус – адзінае баяздольнае падраздзяленне, якое пастаянна ўдзельнічае ў баявых дзеяннях, найбольш актыўна яны выкарыстоўваюць экспедыцыйны корпус «Аль-Кудс», які ваюе ў Іраку, Сірыі, Ліване і Емене», – распавядае адмысловец.

Ператварыць Ізраіль і ЗША ў радыеактыўны попел – гэта афіцыйная задача іранскіх уладаў. І Тэгеран гадамі таемна распрацоўваў ядравую зброю. Прыкрывацца «мірным атамам» Тэгерану дапамагала Масква. Менавіта «Росатом» дабудаваў першую іранскую АЭС у Бушэгры.

А Аляксандр Лукашэнка дапамагаў абыходзіць антыядравыя і антыракетныя санкцыі Захаду. Напрыклад, 4 гады таму ў амерыканскі чорны спіс трапілі дзве кампаніі, зарэгістраваныя ў Беларусі. Гэта «Mohammad Ghassem Najafi» і «NILCO GROUP». Абедзве мелі адрас насупраць Драздоў, у будынку Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

«Былі ў Беларусі і банкі, заснаваныя з іранскім капіталам: Паўночнаеўрапейскі банк. Прычым гэта не першая назва. Яго перайменавалі пасля таго, як былі ўведзеныя санкцыі супраць Ірану, каб абыходзіць гэтыя санкцыі», – прыгадвае адмысловец у нееўрапейскіх рэгіёнах Яўген Красулін.

Ужо 14 гадоў у Беларусі працуе «ТК Банк» з амаль цалкам іранскім капіталам. Напрыканцы верасня Нацбанк Беларусі зняў з яго забарону на ўклады фізічных асобаў, якая дзеяла чатыры гады. Некаторыя аглядальнікі звязалі гэта з пастаўкамі іранскіх дронаў-камікадзе «Шагэд-136» расейскім войскам.

Праўда, украінскія вайскоўцы ўжо добра навучыліся іх збіваць.

«Калі паглядзець на лінейку дронаў, якія там робяць, там ёсць, што прыдалося б беларускаму войску», – мяркуе адмысловец.

Гандаль вайсковаю тэхнікаю між Тэгеранам і Менскам быў і ёсць. А з мірнымі справамі не так проста: на іранскіх легкавых аўтамабілях «Саманд» у Беларусі ездзяць хіба што міліцыянты. Быў яшчэ праект «Беларуснафты» ў радовішчы Джофэйр, але здабычу трэба было весці на мінным полі, і нафты аказалася менш, чым абяцалі іранцы.

«Палітыка ідзе наперадзе эканомікі. Гэты праект быў не надта рэнтабельным ад самага пачатку. Плюс ён не зусім адпавядаў тэхналагічнаму ўзроўню, які мог забяспечыць «Белнафтахім» для здабычы гэтай нафты», – падсумоўвае Яўген Красулін.

Напрыканцы верасня Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць экспарцёраў іранскай нафты, якія дапамагалі абыходзіць дзейнае эмбарга. Разам з тым амерыканскае Міністэрства фінансаў аслабіла санкцыі ў інтэрнэт-сектары, каб жыхары Ірану маглі мець шырэйшы доступ да інфармацыі ды абыходзіць дзяржаўную цэнзуру. Санкцыі супраць дыктатуры ў Іране ўвяла Канада, а Нямеччына патрабуе агульнаеўрапейскай рэакцыі на крывавы разгон пратэстаў.

«Нашая салідарнасць датычыць жанчын у Афганістане, у Беларусі ды ў Іране. Калі паглядзець на жахлівую смерць Масхі Аміні і здушэнне пратэстаў у Іране, то бачна, што гэта не адзінкавыя выпадкі. Масха Аміні, ты не знікла, тваё імя кліча да дзеянняў увесь свет!» – заявіла ў Бундэстагу міністр замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

У сённяшнім свеце ўсё вельмі блізка. І ў беларусаў ды іранцаў ёсць агульная рыса – мы ўсе хочам жыць свабодна, заможна і спакойна, без страху турмы і рэпрэсіяў. Але таталітарныя рэжымы не вечныя, калі супраць іх змагацца.